Клубу “Восень жыцця” пры Зэльвенскай раённай бібліятэцы – 15 гадоў
Амаль 15 гадоў існуе пры Зэльвенскай раённай бібліятэцы клуб для чытачоў-пенсіянераў “Восень жыцця”. За гэты час змянілася некалькі яго кіраўнікоў, але нязменнай застаецца мэта, вызначаная на першым арганізацыйным пасяджэнні: быць актыўнымі наведвальнікамі бібліятэкі самім, прыцягваць у кніжніцу іншых, дапамагаць бібліятэкарам у арганізацыі вольнага часу людзей сталага ўзросту, дзяліцца сваімі ўражаннямі ад прачытанага, усімі даступнымі метадамі рэкламаваць лепшыя кнігі.

З сярэдзіны 2010-х гадоў, калі ў ЦСАН было створана дзённае аддзяленне, бібліятэчны клуб цесна супрацоўнічае з клубамі “Спявай, душа” і “Малюся Слову”, што дзейнічаюць у цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Вось і ў падрыхтоўцы восеньскай тэматычнай праграмы, задуманай кіраўніком бібліятэчнага клуба Марыяй Сітко, самы актыўны ўдзел прынялі члены клуба “Спявай, душа” на чале з кіраўніком Верай Тульвінскай.
Вяла імпрэзу кіраўнік “Восені жыцця” Марыя Сітко, прэзентацыяй, як звычайна, кіравала Марына Варабей. Усё было прадумана ў праграме: і пазнавальнае, і забаўляльнае. Кожнаму месяцу восені аддалі належную пашану: замыкаючаму лета верасню, галоўнаму збіральніку дароў восені кастрычніку, застыўшаму ў чаканні зімы і Новага года лістападу. Вядучая прапаноўвала конкурсы, віктарыны, усе разам згадвалі прыкметы, знаёміліся з паэтычнай спадчынай восені. А цудоўных вершаў, прысвечаных прыгажуні-восені, напэўна, у паэтаў намнога болей, чым пра астатнія поры года. Эстафету ад класікаў падхапілі мясцовыя паэты – члены літаб’яднання “Зоры над Зальвянкай” пры газеце “Праца”: Таццяна Мананнікава, Станіслава Прызван, Людміла Шышко.
Яны таксама ўлюбёны ў восень і прачыталі па некалькі вершаў, прысвечаных і восені як пары года, і як перыяду жыцця. Нечаканым удзельнікам паэтычнай эстафеты стаў унук Алены Пайзулаевай і Надзеі Жамойцінай Давід. Хлопчык прыехаў з Брэста да зэльвенскіх прабабуль, захапіўся агульным настроем і расказаў свой любімы верш пра восень. Як жа горача віталі яго ўсе прысутныя!
Своеасаблівай ілюстрацыяй да пранікнёных слоў вядучай і паэтаў, відэаролікаў на экране было выступленне членаў клуба “Спявай, душа”. Галіна Андрэева, Ева Артурава, Міхаіл Пазнанскі, Зінаіда Пазняк, Станіслава Прызван, Вера Тульвінская то разам, то дуэтам выконвалі больш або менш знаёмыя “асеннія” песні: “Журавлёнок”, “Осенний свет”, “Про осень”, “Отговорила роща золотая”, “Дни сентября”… “Дни сентября” так цудоўна выканалі Зінаіда Пазняк і Міхаіл Пазнанскі, што нават збянтэжылі прысутных. Не хацелася адпускаць усеагульную любіміцу Станіславу Прызван пасля кожнай яе песні. А выканала яна іх некалькі. Нават да святочных дат календара. Песня пра бацьку (якіх, згадзіцеся, не так і шмат) моцна ўсхвалявала ўдзельнікаў імпрэзы. Яшчэ адна заслуга калектыва Веры Тульвінскай: у іх з’явіўся новы чалавек, Іван Міхнайць, які дэбютаваў з песняй “Медленно падают листья”.
І не толькі песні дарылі артысты з клуба Тульвінскай. Пад гукі песні “Осенние листья” з рознакаляровымі парасонамі ў руках выплылі танцоўшчыцы Ірына Кавалевіч, Зінаіда Пазняк, Валянціна Таварэвіч і Вера Тульвінская. Як жа хораша і элегантна яны выглядалі!
Крыху настальгічны настрой выклікаў прагляд відэаролікаў з ранейшых пасяджэнняў і выступленняў пенсіянераў-артыстаў. Настальгічны – і радасны, бо столькі светлых успамінаў
узнікла ў памяці…
Гледзячы на адухоўленыя твары спевакоў, танцораў і паэтаў, хіба думаў хто пра іх узрост?! Нездарма кажуць: другая маладосць прыходзіць да тых, хто збярог першую. А першая ў нашых ветэранаў была напоўнена любімай работай, любімай сям’ёй, актыўнай жыццёвай пазіцыяй і кнігамі. Ім ёсць што перадаць і сваім, і чужым унукам і праўнукам. (Дарэчы, удзел унукаў і праўнукаў у пасяджэннях як бібліятэчнага, так і клубаў ЦСАН – не такая і рэдкасць).
Не было калі сумаваць прысутным на пасяджэнні клуба пажылых. Не толькі глядзелі і слухалі іншых, але і самі ўдзельнічалі ў конкурсах, спявалі любімыя песні. Супрацоўніцтва розных клубаў прыносіць толькі радасць усім. І няхай яно стане традыцыяй!
Яніна ШМАТКО
Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Комментарии отключены