Зэльвенскіх аматараў слова запрасілі на імпрэзу, прымеркаваную да юбілею Казіміра Камейшы

Госцю Зэльвенскіх Сакавін-2011 Казіміру Камейшы ў снежні споўнілася 80 гадоў. З гэтай нагоды ў раённай бібліятэцы сабраліся аматары літаратуры з клубаў “Ліра” пры бібліятэцы (кіраўнік Наталля Цынс) і “Малюся Слову” – пры дзённым аддзяленні ЦСАН (кіраўнік Яніна Шматко). Запрасілі на імпрэзу і гімназістаў-адзінаццацікласнікаў (класны кіраўнік Т.І.Якубовіч).

Адну са сваіх празаічных кніг Казімір Камейша назваў даволі загадкава – “Паміж кубкам і вуснамі”. Што хаваецца за гэтай назвай? Чым напаўняў і напаўняе кубак свайго жыцця Казімір Камейша? Горыч ці задавальненне атрымліваюць вусны, падносячы да сябе кубак?..

Пра гэта і разважалі вядучыя Наталля Цынс і Яніна Шматко з дапамогай інжынера-сістэматэхніка Ігара Атарыка, адказнага за прэзентацыю мерапрыемства і, вядома, усіх членаў клубаў.

Казімір Камейша – дзіця вайны, як звыкла называюць народжаных у 40-х гадах мінулага стагоддзя. І калі марозным снежаньскім днём 1943 года бацькі хрысцілі свайго першынца, чарку “пушчанкі” за яго здароўе падымалі і налібоцкія партызаны. Рос хлопчык сярод любячых яго людзей і непаўторнай прыроды Налібоцкай пушчы. Рана пацягнула яго да кніг. Гэтаму спрыяла тое, што сельскай бібліятэкай загадвала малодшая маміна сястра, якая дазваляла пляменніку ўсё, што таму падабалася. Хлопец і сам рана пачаў пісаць. Спачатку замалёўкі з вясковага жыцця, а потым і вершы.

Пасля школы, як і належыць аматару літаратуры, паступіў на філалагічны факультэт БДУ. Праўда, год быў студэнтам-“установочником”: так называлі тых, каму належала займець працоўны стаж. Назапашваў стаж і вопыт у раённых газетах Копыльскага і Стаўбцоўскага раёнаў. Здавалася б, пасля года працы-вучобы можна было спакойна вучыцца далей. Але на 3-м курсе ўніверсітэта юнака на цэлых тры гады прызвалі ў войска. Вельмі цікава аб жыцці Камейшы-салдата, аб тым, як дапамагала яму паэзія, расказала Таццяна Мананнікава.

А ў Мінску не забываў салдата стараста групы, у якой вучыўся Казімір – Хведар Чэрня. Ён сабіраў усе вершы Камейшы: і тыя, што ўжо былі надрукаваны ў газетах і часопісах, і тыя, што дасылаў (па настойлівай просьбе Чэрні) у лістах салдат. Такім вось спосабам Чэрня сабраў, а потым аддрукаваў на машынцы рукапіс першага зборніка Камейшы.

Удзячнасць да сябра Казімір Камейша змясціў у свой кубак. Як і іншыя складнікі: трывогі салдацкіх будняў, памяць пра родныя Налібокі, цяпло сяброўства…

Вярнуўшыся з войска на 3-ці курс, з якога і пайшоў служыць, у знаёмай аўдыторыі знаёмых не знайшоў. Цяжка было прывыкаць да маладых дзяўчат і хлопцаў. Зноў стаў перад выбарам: напаўняць свой кубак толькі ведамі ці спалучаць вучобу з практыкай. Выбраў другое – перавёўся на завочнае аддяленне і стаў газетчыкам. На гэты раз у Валожынскай раёнцы.

Пасля заканчэння ўніверсітэта перайшоў на працу на Беларускае радыё (між іншым, зноў дапамог Хведар Чэрня, які даў рэкамендацыю сябру). Гэта быў вельмі цікавы і плённы для Казіміра час. Ён рыхтаваў мноства перадач пра творчых людзей, і сустрэчы з імі напаўнялі радасцю, давалі імпульс для больш поўнага раскрыцця свайго дару. Нярэдка з новымі сябрамі ён наведваўся ў родныя Малыя Навікі да бацькоў. Бацьку асабліва спадабаўся любімы і сынам Анатоль Вялюгін. З вершамі Камейшы пра сяброў прысутных пазнаёмілі Галіна Карная, Ванда Кавалевіч і Ірына Кавалевіч.
Час ідзе сваёй хадой,
Шляхам зычным самым.
Прыбаўляецца гадоў
І сяброў таксама.
Столькі маеш стрэч адных,
Столькі свят – злічы ўсе –
Як старонак закладных
У цікавай кнізе…

(“Час ідзе сваёй хадой”)

Вершы, прысвечаныя бацькам, гучалі з вуснаў Галіны Ляонік, Святланы Мацкевіч, Галіны Рудой і Валерыі Селівёрставай. А пра змены ў асабістым жыцці маладога паэта расказалі Ірына Кавалевіч і Марыя Ляўчук.

Здольнага пушчанца запрашалі да сябе на працу рэдактары такіх папулярных часопісаў, як “Полымя” і “Маладосць”. У “Маладосці” працаваў Камейша ў гады перабудовы, а з “Полымем” супрацоўнічаў двойчы. У “Маладосць” ён прыйшоў пасля работы ў дзіцячай “Вясёлцы”. Працавалася там вельмі лёгка (праўда, не адразу). Рэдактар “Вясёлкі” Уладзімір Ліпскі лічыў, што супрацоўнікі павінны сустракацца з чытачамі, а аўтары самі знойдуць дарогу ў рэдакцыю. Спачатку было цяжка выступаць перад дзецьмі: сваіх твораў для іх не меў, а чужых ведаў мала. Вось і давялося асвойваць ой якую нялёгкую справу – пісаць для дзяцей. На імпрэзе дзіцячыя вершы Камейшы дэкламавалі бабуля з унукам: Алена Еўдакімава і Ілля Банкевіч. Хлопчык так хораша чытаў пра пеўніка, лазню ды лялечную сям’ю маленькай дзяўчынкі, што атрымаў заслужаныя апладысменты.

Згадвалі пра нялёгкую працу Камейшы-перакладчыка. Тут дарэчы былі словы самога паэта пра вялікія магчымасці нашай мовы, яе багацце: “Мова наша настолькі багатая, наколькі ты яе ведаеш сам. У гэтым я яшчэ раз пераканаўся, перакладаючы вялікага туркмена Махтумкулі. Мне трэба было знайсці безліч рыфмаў да аднаго слова. І я іх знаходзіў не паўтараючыся!” Камейша перакладае многіх і многа. Мы пазнаёмілі прысутных з яго перакладамі з курдскай мовы. З гэтай задачай добра справілася Галіна Ляонік.

З неардынарнай кнігай Камейшы “Адзор’е” пазнаёміла Таццяна Мананнікава. Яна падабрала нямала мініяцюр, якія былі найбольш прыдатныя да разважанняў пра кубак жыцця паэта.
Салодкі дым наш,
хоць і з коміна.
І ад яго няма аскоміны.


Настаўнік, не крыўдзі вучня,
Аддай яму ўсё, што маеш.
Ад Будучыні самой
Ты тут жа паклон атрымаеш.


Пазыч, калі трэба,
Аддай, калі маеш.
Вярні, калі вінен,
Суцеш, калі плачуць.
Не злуйся на тое,
Калі не аддзячаць.
Такое бывае…


Хай раяць аж у рай падацца,
Дзе хтосьці ўжо
гняздзечка звіў,
Прарокаў слухай і дарадцаў,
Ды ўласным розумам жыві!

Вядучыя дадалі свае любімыя радкі з ужо згаданай кнігі мініяцюр “Паміж кубкам і вуснамі”:
Так, як падае ліст, можа пачуць кожны, а вось як расце ён, здольны пачуць толькі паэт.

У роднай хаце і блін сонцам свеціць, а ў чужой і абразы на покуці глядзяць пагрозна.

Падалося, што своеасаблівым падрахункам да нашага роздуму над жыццёвым і творчым шляхам Казіміра Камейшы будуць яго ж словы: “Перш чым дабрацца да смаку, трэба наесціся паху” або “Трэба жыць буднямі, і ўдзячнасцю за гэта будуць святы”.
Слова маё, не блудзі.
Ты не заблудзіш, я знаю.
Пойдзеш дарожкай ля гаю,
Проста і проста ідзі.

Я, слова, табе давяраю,
Прабач, што адно выпраўляю
У шлях гэты родны ля гаю.
Цябе, адшукаўшы ў глыбінях,
Няўжо я хаваць павінен?!

(“Слова маё, не блудзі”)
Яніна ШМАТКО

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены