29 чэрвеня каталікі адзначаюць урачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла

Святых апосталаў Пятра і Паўла Касцёл праслаўляе ў адзін дзень. Нагадваючы вернікам аб розных характарах і лёсах, розных шляхах да Бога, аднак аднолькавым для абодвух: яны абвяшчалі Евангелле ўсяму свету, даносілі да людзей праўду аб Уваскрослым і Жывым Хрысце. Нязменна, кожны год найвялікшыя апосталы ўспамінаюцца 29 чэрвеня.

У чарговы раз прыхаджане сабраліся ў святыні, каб памаліцца да Пятра і Паўла, падзякаваць ім за ахову і дапамогу. Падчас імшы ксёндз Яцэк Маркель зачытаў пастырскі ліст біскупа Антонія Дзям’янкі, у якім святар зрабіў некалькі самых адметных штрыхоў да партрэтаў гэтых асоб.

Так, апостал Пётр (першапачаткова яго называлі Сымон) першым з дванаццаці апосталаў паверыў у Хрыста як Сына Божага. Збаўца змяніў яго імя на Пятра, што значыць – камень, скала, на якой будзе збудавана супольнасць Касцёла. Езус выслаў Пятра да людзей, каб ён абвяшчаў божае валадарства, аздараўляў хворых, уваскрашаў памерлых, ачышчаў пракажоных, выганяў злых духаў. Святы Пётр з’яўляецца нябесным апекуном дыяцэзіі ў Рыме, лічыцца заступнікам многіх гарадоў, пад яго апекай кавалі, будаўнікі, каменшчыкі, рыбакі і інш.

Апостал Павел (першапачаткова Саўл), будучы фарысеем, быў зацятым ворагам касцёла. Аднак аднойчы, у час вандроўкі, святло з неба асвятліла яго. Ён пачуў голас Пана. Паверыўшы ў Езуса, ён здзейсніў некалькі апостальскіх падарожжаў і заклаў хрысціянскія супольнасці ў многіх рэгіёнах Міжземнамор’я. З-за руплівасці жыццё святога не раз было ў небяспецы… Пакутніцкую смерць абодва апосталы прынялі ў адзін дзень, з розніцай у год. Для каталіцкага свету яны з’яўляюцца прыкладам цвёрдасці, розуму, пакаяння і веры.

Пробашч адзначыў, што Пётр і Павел вучаць нас быць руплівымі ў Божых справах, заахвоціў вернікаў абвяшчаць Евангелле сярод людзей, асабліва ў цяперашні, няпросты для ўсяго чалавецтва час, у складаных жыццёвых абставінах. Толькі вера ў Бога перамяняе чалавека і надае яго жыццю якасны сэнс, падкрэсліў настаяцель касцёла Святой Тройцы. Каталікам таксама неабходна помніць і пра Пятра нашых часоў – Папу Францішка.

Імша завяршылася літаннем да святых Пятра і Паўла.

Людміла ПОПКА

Вам может быть интересно

Комментарии отключены