3 успамінаў Мікалая Філімонавіча Сяргеева, ураджэнца Зэльвенскага раёна, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, маёра ў адстаўцы.
Ніколі не забыць тую раніцу – 24 чэрвеня 1941 года. Стомлены, я сеў на ўскрайку хлебнага поля і закрыў у паўсне вочы.
Гул самалётаў абудзіў мяне. Я ўбачыў над полем чорныя клубы дыму. Кружылі самалёты з белымі крыжамі, бамбілі хлебнае поле і вёску за ім. Заўважыў, як з хлебнага «мора» выбегла група чырвонаармейцаў і залегла на ўзмежку дарогі, страляючы з вінтовак па варожых самалётах.
Прыкмеціўшы мяне, адзін з байцоў падпоўз і спытаў:
– Ты як тут адзін апынуўся?
– У Зэльву іду, з-пад Гродна.
– Слухай, хлопец, – папярэдзіў мяне баец, – там дэсант фашысцкі высадзіўся, мы ідзём з Зэльвы, – і пабег даганяць сваіх таварышаў.
Я падыходзіў да вёскі, вочы зліпаліся. Хацелася есці і спаць. Зайшоў у адну з хат у Крывічах, расказаў хто і адкуль. Гаспадар растлумачыў, як прайсці на Даўгаполічы і Валькевічы, а там і да Бярэжак недалёка. Папярэдзіў, што ў Зэльве неспакойна.
Даўгаполічы я абышоў задамі. У тумане згубіў палявую дарогу і ішоў па зялёнай мокрай пойме. Туман рассеяўся і ўжо былі бачны шпілі касцёла і купал царквы. Разам з туманам з боку Зэльвы клубам над ракой апускаўся дым. Было відаць, як гарэлі штабялі дошак, дроў апілкі на лесапільнай фабрыцы па вуліцы Фабрычнай, якой я хадзіў у школу. Насустрач мне ішлі бежанцы. Сярод гэтага кашмару чуўся енк жанчын і дзяцей…
Да Зэльвы я не дайшоў, заначаваў у Валькевічах. Гаспадар расказаў, як дабрацца ў Росцевічы, не заходзячы ў Бярэжкі. Пад Варонічамі я ўпершыню сутыкнуўся з жывым фашыстам. Выйшаў на яго нечакана – ён сядзеў у акопе на бульбяным полі. Убачыўшы мяне, загадаў:
– Кіндэр! Раус, шнэль!… і махнуў рукой управа. Рэзкі ўзмах рукі заставіў мяне пабегчы на злом галавы. Апынуўся ў вёсцы Збляны.
Толькі 29 чэрвеня раніцай я дабраўся да Росцевічаў.