У каталіцкім касцёле пачаўся перыяд Вялікага посту
Мінулая серада ў каталіцкім календары адзначана як Папяльцовая. Згодна са шматвекавой традыцыяй менавіта ў гэты дзень распачаўся Вялікі пост.
У касцёле Святой Тройцы г.п.Зэльва адбылася Імша, у час якой святар наносіў асвечаным попелам на галовы вернікаў знак крыжа. Біблейскія словы “З праху паўстаў і прахам станеш”, прамоўленыя святаром, калі ён пасыпае галаву попелам, набываюць асаблівае значэнне менавіта ў гэты перыяд… Абрад штогод праводзіцца ў Папяльцовую сераду і сімва-лізуе пакаянне, якое патрабуецца ад вернікаў у час посту.
Вялікі пост у католікаў бу-дзе доўжыцца сорак дзён. Вернікі павінны больш часу ўдзяляць малітве, чытанню Святога Пісання, справам міласэрнасці, часцей наведваць богаслужэнні. Дарэчы, па пятніцах у касцёле Святой Тройцы праходзіць спецыяльнае набажэнства, якое называецца Крыжовая дарога. У нядзелю пасля богаслужэння спяваюцца песні жальбы, якія заахвочваюць вернікаў да разважанняў пра пакуты Ісуса Хрыста.
У гэты перыяд таксама прынята ўстрымлівацца ад забаўляльных мерапрыемстваў і шкодных звычак.
Што датычыцца абмежаванняў у ежы, то католікі з 14-гадовага ўзросту павінны ўстрымлівацца ад мясных страў па пятніцах, а ўсе паўналетнія ва ўзросце да 60 гадоў – захоўваць строгі пост у Папяльцовую сераду і Вялікую пятніцу.
Усё гэта неабходна, каб належным чынам падрыхтавацца да велікодных свят – Уваскрэсення Хрыстова.
Наталля МАЦЮК.