Найпрыгажэйшая Зэльва ўвесну. Стоячы на шляху з Мінска на Гродна, нельга налюбавацца, як іграюць фарбамі зялёныя палі і блакітнае неба з чырвонымі вежамі местачковага касцёла. Здаецца, вось яна – ідылія. Калісьці гэты край быў багаты на помнікі культуры, якія разам з тутэйшай прыродай стваралі непаўторныя краявіды. Чаго варты адзін Дзярэчын! Уласнікі паселішча Сапегі збудавалі тут палац, які аздобілі карцінамі заходнееўрапейскіх класікаў жывапісу, разбілі парк, упрыгожылі яго скульптурамі. Гэтыя багацці ў XIX стагоддзі былі вывезены ў Пецярбург. А яшчэ ў канцы XVIII стагоддзя магнаты адкрылі ў Дзярэчыне і Зэльве тэатры – адны з першых у краіне. Нямала дайшло і да нашых дзён з велічнай спадчыны краю. Агледзім гэтыя цуды.
Зэльва
Вялікае дзіця рэчкі-невялічкі
1190 гектараў займае найбольшае на Гродзеншчыне вадасховішча. Дастаткова кінуць вокам на карту, каб у гэтым пераканацца. Больш таго, тут яшчэ і выдатнае курортнае месца: непадалёку размешчаны дзіцячы аздараўленчы
лагер “Блакітная хваля”. Мясцовае мора нарадзілася ад вытанчанай красуні Зальвянкі ў 1983 годзе.
Сынкавічы
Нацыянальная, праваслаўная, сусветная
Вобраз нацыянальнага праваслаўнага храма ўвасоблены ў абрысах царквы Міхаіла Арх-анёла, помніка беларускай готыкі сусветнага значэння – адной з шэрагу чатырохвежавых праваслаўных храмаў-крэпасцей, пабудаваных на беларускіх землях на пачатку XVI стагоддзя. Ёсць падставы лічыць, што помнік дойлідства з’явіўся па фундацыі гетмана Вялікага княства Літоўскага Канстанціна Астрожскага, які таксама быў фундатарам будоўлі Барысаглебскай царквы ў Навагрудку і трох сабораў у Вільні: Мікалаеўскага, Прачысценскага і Траецкага. У тым жа стылі створаны праваслаўныя святыні ў Супраслі, Кодані (цяпер у Польшчы, на самай мяжы з Беларуссю) і Мураванцы Шчучынскага раёна. Усе храмы захаваліся, і ўжо не раз ад імя Міністэрства культуры дэкларавалася аб магчымасці ўключэння іх у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Крамяніца
Антычны шэдэўр
Касцёл Най-свяцейшага Божага Цела і Святога Юрыя стаіць на высокім пагорку, нібы на Галгофе. Вакол – райскі сад, створаны чалавечымі рукамі. Бо для тутэйшых людзей Божы дом – яшчэ і храм культуры. Будынак касцёла вельмі стары – яму ўжо амаль чатырыста гадоў. Усярэдзіне захаваўся рэдкі твор мастацтва – мармуровае надмагілле, выкананае ў 1623 годзе ў выглядзе антычнага арачнага партала. У глыбокай нішы насупраць адна адной размешчаны ўкленчаныя фігуры фундатара Мікалая Вольскага ў рыцарскіх даспехах і яго жонкі Барбары.
Зэльва
Царскі падарунак
У 1867 годзе Аляксандр ІІ, імператар расійскі, падараваў зэльвенскай праваслаўнай царкве некалькі ікон. З таго часу яны захоўваюцца ў храме як найвялікшая святыня. З XIX стагоддзя ўцалеў і надпіс на іканастасе, што сведчыць пра дарагі прэзент: “Даръ Государя Императора”. Дарэчы, царква асвечана ў гонар Святой Тройцы, як і суседні касцёл – міжканфесійны дыялог, не іначай.Збляны
Акадэмік Жэбрак
На пачатку брукаванай вясковай вуліцы стаіць валун, які сведчыць, што тут у 1901 г. нарадзіўся генетык і селекцыянер, грамадскі дзеяч, акадэмік Антон Раманавіч Жэбрак. У 1918 г. ён уступіў у рады камуністычнай партыі, пазней скончыў дзве земляробчыя акадэміі. “Гэта быў збіты, каржакаваты, шыракаплечы, блакітнавокі беларус. Здавалася, ён павольна думае, але за гэтай вонкавай праявай хаваўся глыбокі розум, – сведчыў акадэмік Дубінін. – Жэбрак прапанаваў новыя метады хімічнага ўздзеяння на клеткі культурных пшаніц і атрымаў цэлы рад выдатных форм. Можна было гаварыць пра эксперыментальнае стварэнне новых відаў”. Наш суайчыннік быў паслядоўнікам Вавілава, тры гады стажыраваўся ў ЗША. А вось дарога да роднай хаты яму была закрыта да 1939 г., пакуль Збляны знаходзіліся ў складзе Польшчы. Між тым у 1940 г. маскоўскага беларуса выбіраюць правадзейным членам АН БССР. Пасля вайны Жэбрак падпісвае ў Сан-Францыска Статут ААН як дэлегат ад Беларускай Рэспублікі. У 1946 г. наш вучоны друкуе ў амерыканскім часопісе Science артыкул пра плённыя напрацоўкі савецкіх генетыкаў. Міжнародная вядомасць, навуковы аўтарытэт у маі 1947 г. прыводзяць даследчыка на самую вяршыню Алімпа – пасаду прэзідэнта АН БССР. Але неўзабаве ў СССР пачалося цкаванне па-слядоўнікаў Вавілава, і Антона Раманавіча ў кастрычніку пазбавілі амаль усіх пасад. Прыпомнілі і заакіянскую публікацыю, у якой крытыкаваўся лжэвучоны Лысенка, якога, аднак, шанавалі ў Крамлі: маўляў, гэта “антыпатрыятычны ўчынак”. Толькі ў 1957 г. Жэбрак атрымаў пасаду ў аддзеле генетыкі і цыталогіі Інстытута біялогіі АН БССР. У 2001 г., да стагоддзя з дня нараджэння Жэбрака, на Зэльвеншчыне сабраліся паслядоўнікі даследчыка. У Зблянах з таго часу стаіць вялікі памятны камень – у гонар вялікага чалавека.
Елка
У панскі двор дзеля красы
За Сынкавічамі ўказальнік пакажа на вёску з навагодняй назвай Елка, а за ёю трохі збочыце – і трапіце ў “Верас”. Так завецца адна з першых у краіне аграэкасядзіб, якую адкрылі каля трасы Зэльва – Слонім няўрымслівыя фермеры Ірына і Міхаіл Макеі. Паўліны, фазаны ды індыкі – якіх толькі дзівосных жывёл тут не разводзяць прад-прымальныя гаспадары. Свой “панскі двор” яны збудавалі на роўным месцы – дзеля красы і дзеля прыбытку. Тут хораша: адпачываць і целам (ежа з уласнага падворка), і душой (адсюль адкрываецца цудоўны краявід зэльвенскіх ніў, якія на даляглядзе вянчаюць вежы сынкавіцкага храма-цуду).
Зэльва
Ганненскі кірмаш
Яшчэ кароль Аўгуст ІІ у 1721 г. даў дазвол праводзіць у Зэльве з 25 ліпеня да 25 жніўня кірмаш, які стаў такім жа знакамітым, як Лейпцыгскі. З Польшчы, Германіі, з-пад Пецярбурга, Казані з’язджаліся сюды купцы. Шыкоўныя тавары прыбывалі разам з гандлярамі з далёкіх краёў. У XIX ст. падарожнікі, уражаныя мноствам народу і безліччу моў, што гучалі на гандлёвым пляцы, параўноўвалі Зэльву з Вавілонам. Галоўную адметнасць кірмашу надавалі коні: тут можна было прыдбаць жывёлу найлепшай пароды – скакуноў дастаўлялі ажно з Турцыі. Пры Сапегах гэты бізнес квітнеў, квітнела і мястэчка, якое па эканамічным значэнні параўноўвалі з Гродна. Пасля забароны ў 1840 г. у Парыжы гульні ў рулетку гэту забаву купцы імпартавалі ў Зэльву і назвалі “фартунай”. А колькі тут давалі паказаў жанглёры, фокуснікі, акрабаты! Да 1870-х гадоў, пакуль гандаль не спыніўся, на “полі цудаў” кожны мог зрабіць самую ўдалую ў жыцці пакупку. Традыцыя ладзіць кірмашы ў Зэльве паспяхова адроджана.