Паўвека радасці і шчасця
Для жыхароў вёскі Алексічы Віктара і Веры Бекіш сённяшняя дата знамянальная – споўнілася 50 гадоў іх сумеснага жыцця.
– Здаецца, зусім нядаўна мы, маладыя і закаханыя, падалі заяву на рэгістрацыю шлюбу, – прыгадваюць юбіляры. – І вось ужо дарослыя нашы дзеці і ўнукі…
За плячамі мужа і жонкі паўвека радасці і шчасця, трывог і надзей. А пачалася гісторыя кахання ў далёкім 1968 годзе. Спаткаліся яны на танцах у Дзярэчынскім сельскім клубе. Спадабаліся адзін аднаму, як кажуць, з першага погляду. Ці магла ж статная і сціплая Вера не звярнуць увагу на высокага і прыгожага Віктара? Хлопец вырашыў не губляцца, хутка зрабіў прапанову рукі і сэрца – якраз на 8 Сакавіка.
– Праз два дні мы пайшлі ў мясцовы сельсавет, каб зарэгістраваць шлюб, – расказвае Віктар Рыгоравіч.
– Нават ніякага вяселля згуляць не паспелі – адразу пачалося самае сапраўднае сямейнае жыццё.
– Гэта ўжо пазней, як трохі абжыліся, вырашылі зрабіць сабе запамінальнае свята, – дапаўняе Вера Ула-дзіміраўна. – Я сама сшыла сукенку і фату. Запрасілі гасцей, музыку-гарманіста – адзначалі ажно тры дні.
Маладая жонка адразу перайшла жыць да мужа. У руках жанчыны спорылася любая работа. Яна паспявала ўсюды: і па гаспадарцы, і ў хаце, і ў полі. Добра ла-дзіла нявестка са свякроўю: калі трэба, тая заўсёды дапамагала даглядаць дзяцей, давала слушныя парады.
Шмат гадоў Вера Уладзіміраўна і Віктар Рыгоравіч прысвяцілі спажывецкай кааперацыі. Сумленным стаўленнем да справы заслужылі павагу сярод былых калег. Любіць працу, радавацца жыццю, дапамагаць людзям, быць добрымі і сумленнымі навучылі сваіх дочак і ўнукаў.
Пяцідзесяцігадовы саюз – вялікая каштоўнасць, якую Вера і Віктар Бекіш набывалі разам. Яны стойка пераносілі ўсе цяжкасці, якія сустракаліся на шляху, жылі ў ладзе і згодзе. Таму кожны дзень, праведзены побач, шануюць асабліва.
Наталля МАЦЮК
