Рукі трэба часаць аб скульптуры, або Культура адпачынку зэльвенцаў
Люблю Зэльву. За прыгажосць, утульнасць і чысціню. Любяць яе і мае сябры з Расіі за тое хараство, што цешыць вока. Летам прыязжалі ў чарговы раз і з цікавасцю назіралі, як пасёлак рыхтуецца да Ганненскага кірмашу. Захапляцца сапраўды было чым: у райцэнтры з’явіліся выразныя шыльды, ілюстраваныя ўказальнікі для турыста, масіўныя дубовыя лаўкі ў парку, фотазона ў вы-глядзе аркі і шыкоўнае дэкаратыўнае крэсла ў цэнтральным скверы. Як і многія мясцовыя жыхары, мае знаёмыя зрабілі шмат фота на памяць…

На жаль, падобных здымкаў ужо не атрымаецца. Чаму? Не прайшло і месяца, як белыя кветкі, што абрамлялі спінку і падлакотнікі крэсла, былі вы-рваны са штучнага зялёнага пакрыцця, палова з іх знікла, астатнія – раскіданыя па газонах. Чыіх рук справа?

Як кажуць, не злоўлены – не злодзей. Каб не абвінавачваць нікога, работнікі камунальнай службы, якія адказвалі за ўстаноўку інсталяцыі, выказалі меркаванне, што гэта зрабілі сабакі. Нават смешна: нейкай жывёліне спатрэбіліся ненатуральныя букеты. Але, як бы там ні было, дэкаратыўнае крэсла, якое было цэнтрам прыцягнення ўвагі соцень людзей, стала дзіравае.
Што мы бачым цяпер? Выпаленыя цыгарэтамі дзіркі, па-дранае сядзенне і вельмі часта – шалупінне ад семачак, бутэлькі ад піва, іншае смецце. Праўда, з самай раніцы дворнікі ўсё падбіраюць, але вечарам – тая самая карціна. І нават, калі малеча гойсае і скача па крэсле, маладыя мамачкі не забараняюць ім гэта рабіць. Мала хто з тых, хто пакінуў смецце ці переблытаў дэкаратыўны элемент з батутам, рэагуе на заўвагі адказных асоб РУП ЖКГ ці інфармацыйную таблічку “Крэсла прызначана для фотаздымкі”.
Што гэта – адсутнасць удзячнасці за рэчы, дараваныя нам вось так, задарма? Значыць, дэкаратыўнымі элементамі ў другіх гарадах (напрыклад, да Дня горада ў Гродна з’явіліся жартоўныя ўрны, скульптуры турыстаў і г.д.) мы любуемся, хвалім аўтараў задумкі за арыгінальнасць, а свае ганьбім і знішчаем? Бо там лепшае, якаснае, прыгажэйшае, а тут пад бокам – ну, такое. Так?!

Вось і наша культура адпачынку, паважаныя. Між тым за ўсімі элементамі добраўпарадкавання крыюцца не толькі значныя грашовыя сродкі, але і руплівая праца людзей.
Яшчэ адзін момант. Цэнтральны сквер даўно стаў месцам збору моладзі. Усё было б выдатна, калі б падлеткі не сцягвалі лаўкі, расстаўленыя ўздоўж сцежак, у адно кола. Мала таго, што такія “камбінацыі” парушаюць эстэтыку сквера, дык яшчэ становяцца своеасаблівым сметнікам: каля іх заўжды застаюцца бутэлькі і пакеты ад розных ласункаў. І кожную працоўную раніцу дворнікі пачынаюць з таго, каб паставіць лаўкі на месца і прыбраць смецце. Колькі адказныя службы РУП ЖКГ і РАУС ні папярэджвалі юнакоў і дзяўчат, нічога не мяняецца.
Памятаеце казку пра Маленькага прынца, які падказаў адно залатое правіла?.. Канешне, сквер не казка, але і ў ім могуць адбывацца цуды, калі мы будзем паважаць адзін аднаго і тых, хто робіць нашу “планету” утульнай, чыстай і прыгожай.
Людміла Попка