Праект «Мы не забылі»: народныя мсціўцы Зэльвеншчыны
У гады Вялікай Айчыннай вайны Беларусь стала краем масавага партызанскага руху. Толькі на тэрыторыі Гродзенскай вобласці дзейнічала 106 партызанскіх атрадаў і брыгад. Ліпічанская пушча была той базай, дзе размясцілася звыш дзесяці партызанскіх адзінак. Сярод іх была і брыгада “Перамога”, якая складалася ў асноўным з жыхароў Зэльвеншчыны.
Партызанская група Б.А.Булата
Першымі на барацьбу з акупантамі на Зэльвеншчыне падняліся чырвонаармейцы ці, як называлі іх у народзе, акружэнцы. Гэта была група старшага лейтэнанта Б.А.Булата. У яе была дастатковая ваенная падрыхтоўка, вопыт вядзення баявых дзеянняў. Аднак спачатку парыў групы стрымліваўся недахопам зброі і баявых прыпасаў.
Даведка
Старшага лейтэнанта Барыса Булата вайна застала на заходняй граніцы. У першыя гадзіны вайны ён разам са сваімі баявымі сябрамі ўступіў у няроўны бой з ворагам. 27 чэрвеня быў паранены. З невялікай групай байцоў лейтэнант стаў адступаць на ўсход. Дайшоў да Дзярэчына. Далей ісці не мог, мучыла рана. У Дзярэчынскай бальніцы яму ампутавалі кісць правай рукі. Тут жа немцы ўзялі яго ў палон. 14 жніўня 1941 года палонных вывезлі ў Слонім, а затым у Баранавіцкі канцлагер. У верасні адправілі ў Германію. Па дарозе Булат і яшчэ некалькі чырвонаармейцаў уцяклі з эшалона. Сталі прабірацца да Дзярэчына. Хаваліся ў лесе ў вырытай зямлянцы. Тут сустрэлі яшчэ некалькі байцоў, якія выходзілі з акружэння. Стварылі невялікую групу.

У кастрычніку 1941 года група пачала баявыя дзеянні. Ноччу яна выйшла на першае баявое заданне. Месцам правядзення аперацыі выбралі раён станцыі Азярніца на перагоне чыгуначнай дарогі Зэльва – Слонім. Замест міны пад чыгуначны мост паклалі некалькі снарадаў ад нямецкіх гармат. Эшалон праціўніка з жывой сілай і артылерыяй рухаўся на фронт. Раздаўся выбух, цягнік пайшоў пад адхон. Рух на перагоне быў спынены на некалькі гадзін. Гэта была першая баявая аперацыя супраць захопнікаў, праведзеная народнымі мсціўцамі на Зэльвеншчыне.
Затым было вырашана зрабіць налёт на Сынкавіцкі спіртзавод, прадукцыя якога ішла на патрэбы нямецкай авіяцыі і танкавых часцей. Аперацыя прайшла таксама паспяхова: было поўнасцю выведзена са строю абсталяванне. У красавіку 1942 года група ажыццявіла напад на Сынкавіцкую гміну. Забілі трох паліцаяў. Узялі ў палон начальніка ўчастка паліцыі, захапілі 13 вінтовак. У маі група напала на паліцэйскі ўчастак у вёсцы Галынка, а ў чэрвені зноў вырашыла выйсці на чыгунку. Ля станцыі Азярніца разабрала чыгуначны пуць. Цягнік сышоў з рэльсаў. Рух быў спынены на суткі. Не раз народныя мсціўцы ўступалі ў адкрыты бой з праціўнікам.
Група І.А.Зайцава
Летам 1941 года, выходзячы з акружэння і страціўшы надзею на злучэнне з Чырвонай Арміяй, вырашыў пачаць барацьбу ў тыле ворага лейтэнант Іван Зайцаў. Месцам дзеянняў сваёй групы ён выбраў ваколіцы вёсак Вострава і Сліжы.
Ад мясцовага насельніцтва групе стала вядома, што жыхары вёсак Вялікая і Малая Воля, Лупачы і Махначы адмовіліся дастаўляць немцам малако і яйкі, а таксама выступілі супраць мабілізацыі моладзі на работу ў Германію. Акупанты вырашылі пакараць жыхароў гэтых вёсак. Для расправы над імі з Дзярэчына выехаў атрад. Калону карацеляў узначаліў сам камендант. Група Зайцава ўчыніла засаду, уся калона была расстраляна.
Група Юшко
Юшко – ураджэнец вёскі Клімавічы. Перад вайной працаваў ў школах Маскоўскай вобласці. У чэрвені 1941-га прыехаў на радзіму ў водпуск, дзе яго і застала вайна. Вярнуцца на месца работы не змог.
Патрыёт Радзімы, Юшко і ў тыле ворага вырашыў быць карысным свайму народу. З аднавяскоўцаў ён стварыў невялікую партызанскую групу.
Неабходна сказаць, што ўсе групы, у тым ліку і Юшко, былі малаколькаснымі, дрэнна ўзброенымі. Юшко хоць і не быў ваенным чалавекам, разумеў, што выступаць супраць буйных сіл праціўніка група адна не ў стане. Ён першым падаў ініцыятыву аб’яднаць невялікія групы ў атрад. Так быў арганізаваны атрад з 50 чалавек, на чале яго стаў Юшко.
Першым баявым выхадам атрада стала нападзенне на нямецкі гарнізон у вёсцы Кастровічы. Але не маючы вопыту правядзення баявых дзеянняў, аперацыю народныя мсціўцы распрацавалі недастаткова грунтоўна і пагэтаму яна не ўдалася.
Паражэнне не магло не адбіцца на настроі партызан. Атрад зноў распаўся на групы. Адну з іх узначаліў жыхар вёскі Востра П.І.Булак, другую – яго аднавясковец В.М.Кароль, трэцюю – Юшко. У склад чацвёртай групы ўвайшлі былыя акружэнцы, салдаты і афіцэры Чырвонай Арміі. Ёю камандаваў Б.А.Булат.
Кіраўнік групы Кароль хутка пераканаўся, што яго група не дзеяздольная і расфарміраваў яе. Партызаны ўліліся ў групу Булака, былыя акружэнцы – у групу Булата. У адным з баёў Юшко загінуў і яго група таксама была расфарміравана.
Да сярэдзіны лета 1942 года на тэрыторыі Зэльвеншчыны дзейнічалі дзве групы – П.І.Булака і Б.А.Булата.
Група П.І.Булака
Паўлу Булаку былі добра вядомы настроі і думкі землякоў, ён ведаў, з кім і пра што можна гаварыць. З ліку аднадумцаў ён стаў арганізоўваць партызанскую групу. Першымі ў яе ўвайшлі старшыня калгаса вёскі Вострава Качаноўскі, сельскі каваль Аляксандр Кірцун, камсамолец Іван Сідар, аднавяскоўцы Рыгор Сяргейчык, Уладзімір Рыбарчык, браты Каралі – Георгій, Валянцін і Уладзімір. Неабходна было перш за ўсё добра ўзброіцца. Хутка ў лесе стварылі некалькі складоў зброі. Група распачала актыўную прапагандысцкую работу сярод насельніцтва: распаўсюджвала зводкі Саўінформбюро, лістоўкі, якія заклікалі народ да барацьбы з ворагам.

Сталі падбіраць надзейных людзей і засылаць іх ва ўстановы і штабы акупантаў. У выніку даведваліся пра планы і намеры фашысцкага камандававання, зрывалі кампаніі немцаў па нарыхтоўцы прадуктаў харчавання, вызвалялі моладзь ад угону ў Германію. Уся гэта работа высока ўзняла аўтарытэт групы ў насельніцтва. Яна расла, устанаўліваліся сувязі з іншымі партызанскімі групамі. Да сакавіка 1942 года група П.І.Булака вырасла да 30 чалавек.
Партызаны палілі масты, рабілі завалы на лясных дарогах, псавалі тэлефонную сувязь, нападалі на дробныя гарнізоны праціўніка. Паступова група Булака станавілася баявой адзінкай і налічвала ў сваіх радах каля 70 байцоў.
Атрад 3649
Партызанскія групы пачалі сур’ёзна трывожыць немцаў. Вораг вымушаны быў узмацняць свае гарнізоны. Так з’явіліся ўзбуйненыя гарнізоны ў Зэльве, Дзярэчыне, Галынцы і Востраве. Для іх разгрому патрабаваліся значныя сілы партызан.
Адчувалася вострая неабходнасць у аб’яднанні груп у партызанскі атрад пад адзіным камандаваннем. На гэты раз ініцыятыву ў аб’яднанні ўзялі на сябе Булат і Булак. Было вырашана стварыць адзіны партызанскі атрад і назваць яго імем Леніна. Аднак адразу была зроблена агаворка: права насіць імя Леніна неабходна яшчэ заслужыць. Пакуль што яго назвалі “атрадам 3649”. Камандзірам атрада партызаны выбралі кадравага афіцэра Б.А.Булата, яго намеснікамі – П.І.Булака і І.А.Зайцава. Справа партызанскай барацьбы ставілася на кваліфікаваную аснову. Месцам дыслакацыі атрада быў выбраны Дуброўшчынскі лес.
Разгром Дзярэчынскага гарнізона
“Стрэмкай” для партызан Зэльвеншчыны быў нямецкі гарнізон у Дзярэчыне. Акупанты сур’ёзна ўскладнялі доступ партызанам да чыгуначнай дарогі і шашы Ваўкавыск – Слонім. Атрад вырашыў ліквідаваць гарнізон.
У 4 гадзіны раніцы 9 жніўня 1942 года раздаўся выбух гарматы, які абвясціў аб пачатку наступлення. Байцы роты Булака, якія добра ведалі населены пункт, першымі кінуліся ў атаку. За імі пайшлі роты Канаплёва, Абрамава, Пішчуліна і Караля. Партызаны хутка авалодалі казармай паліцэйскіх і занялі вёску. Незанятым застаўся толькі будынак жандармерыі. Перад ім завязаўся ўпарты бой. На дапамогу партызанам прыйшоў увесь атрад.
Бой працягваўся паўтары гадзіны. 52 жандармы і паліцэйскія ў гэтым баі былі забіты, 20 – здаліся ў палон. Партызанам дасталося шмат зброі. Атрад страціў аднаго чалавека, сем былі паранены, у тым ліку і П.І.Булак. Актыўны ўдзел у аперацыі па разгроме гарнізона прынялі Р.Л.Кірылаў, А.І.Галавач, С.А.Данец, У.Рыбак, А.Іванчук і іншыя.
Немцы прачэсваюць лес
Пасля разгрому Дзярэчынскага гарнізона вораг вырашыў расправіцца з партызанамі. З гэтай мэтай намячалася грунтоўна прачасаць лес паўночней Дзярэчына. Партызаны даведаліся пра планы немцаў. Камандаванне атрада прыняло неабходныя меры і адпаведна расставіла сілы.
Рота Зайцава заняла пазіцыі каля вёскі Сліжы. Подступы да лесу з боку вёсак Дворык і Лупачы заняў сам камандзір Булат. Акупанты пачалі наступленне з боку вёскі Вострава. Наперад выслалі разведку на трох матацыклах. Партызаны падпусцілі яе як мага бліжэй і адкрылі агонь. Шэсць гітлераўцаў былі забіты адразу, аднаму ўдалося ўцякчы. Немцы пайшлі ў наступленне. Партызаны сустрэлі іх масіраваным агнём. Фашысты заляглі. Бой прыняў зацяжны характар. На дапамогу акупантам са Слоніма прыбылі бронемашына і некалькі танкетак. Яны пачалі заходзіць з флангаў у тыл партызанам. Булат і Зайцаў аператыўна адвялі свае групы за Шчару. Хутка за імі адступілі і іншыя групы. Фашысты доўгі час прачэсвалі пусты лес. Так безвынікова завяршыўся іх паход на партызан.
На перагоне Зэльва – Варонічы
Камандаванне атрадам вырашыла ўзарваць варожы эшалон, які следаваў на фронт. Гэтая аперацыя была даручана самаму вопытнаму падрыўніку ў атрадзе Р.Л.Кірылаву.
На выкананне задання ішла група ў складзе 12 чалавек. На падвозе везлі ўзрыўчатку. Да перагона Зэльва – Варонічы заставалася каля кіламетра. Справа быў пераезд Зэльва – Дзярэчын, злева, за пагоркам, вёска Варонічы. Узводам камандаваў А.I.Галавач. Партызаны Татарын і Макарчук занялі пазіцыю з флангаў, прыкрываючы групу падрыўнікоў. Па насыпе прайшлі нямецкія патрулі. Яны пільна аглядалі чыгуначнае палатно. Партызаны зрабілі падкопы пад шпаламі, паклалі зарад, прысыпаўшы яго зямлёй. На
ўскрайку леса заляглі. Патруль вяртаўся. Кірылаў шэптам перадаў каманду: “Калі міну знойдуць, па патрулю адкрыць агонь”. Аднак немцы прайшлі, нічога не заўважыўшы.
Партызан Я.Капыловіч прыклаў вуха да рэек: “Здаецца, з Зэльвы выйшаў цягнік”. Адступілі ў лес. Калі цягнік параўняўся з групай, Кірылаў рвануў шнур. Цягнік падкінула, вагоны палезлі адзін на другі. Партызаны адкрылі дружны агонь па іx. Heкалькі соцень фашыстаў на фронт не даехалі.
Засада ў Галынцы
Партызанская разведка ўстанавіла, што немцы хочуць учы-
ніць расправу над жыхарамі вёскі Вострава. Ажыццяўляць гэтую аперацыю даручана Дзярэчынскаму гарнізону. Карацелі павінны былі ісці праз Галынку. Аднак немцы не рашыліся ісці праз вёску, якая ўжо не раз падносіла ворагам сюрпрызы. Калона карацеляў павярнула на вёскі Кабакі і Пляцянічы, выйшла на шашу Ззльва – Слонім і накіравалася па ёй.
Пад вечар партызаны, якія зрабілі засаду ў Галынцы, зразумелі, што немцы мінулі вёску. Толькі намерыліся зняць засаду, як з боку Слоніма ў Галынку ўехалі легкавая аўтамашына і грузавік з немцамі. Партызаны адкрылі па іх агонь. Немцы заляглі, пачаўся бой. У гэты час разведка далажыла, што немцы, абышоўшы Галынку, уварваліся ў Вострава. Партызаны спынілі бой і рушылі на выручку мясцовым жыхарам.
Разгром гарнізона ў Рудзе-Яварскай
Вёска Руда-Яварская, якая з першых дзён партызанскай барацьбы стала цэнтрам дыслакацыі некалькіх партызанскіх атрадаў Ліпічанскай пушчы, сур’ёзна трывожыла немцаў. Яны вырашылі размясціць тут свой гарнізон. Пабудавалі некалькі ўмацаваных бліндажоў, узвялі лінію акопаў.
Цэнтр партызанскага краю станавіўся цэнтрам канцэнтрацыі сіл праціўніка. Такое няпрошанае суседства стрымлівала дзейнасць партызан. Гарнізон ворага неабходна было ліквідаваць. Была праведзена дакладная разведка сіл гарнізона. З гэтым заданнем выдатна справіўся Станіслаў Данец. Даныя разведчыка ў многім прадвызначылі поспех аперацыі.
Стварэнне Ленінскай брыгады
У снежні 1942 года ў атрад 3649 прыбылі намеснік камандзіра асобага злучэння партызанскіх атрадаў маёр С.Л.Васілевіч і капітан Ф.М.Сінічкін. Камандаванне аб’яднання прапанавала Б.А.Булату на базе яго атрада, самага буйнога ў Ліпічанскай пушчы, стварыць партызанскую брыгаду. Камандзірам брыгады быў выбраны Сінічкін, намеснікам – Булат. Створаную брыгаду назвалі імем Леніна. У брыгаду ўвайшлі атрады 3649, імя Варашылава, “Арлянскі”. У складзе брыгады налічвалася каля 800 байцоў.

Стварэнне Ленінскай брыгады з’явілася пачаткам цэнтралізацыі партызанскага руху ў Ліпічанскай пушчы. Многія іншыя атрады таксама сталі аб’ядноўвацца ў брыгады.
Даведка
За час існавання Ленінскай брыгады партызаны пада- рвалі 267 варожых эшалонаў, 25 чыгуначных і 49 шашэйных мастоў, вывелі са строю тысячы кіламетраў чыгуначных рэек, узарвалі цэментны завод, правялі 239 баёў і засад, ліквідавалі 91 аўтамашыну ворага, падпалілі самалёт, знішчылі звыш ста кіламетраў тэлефонна-тэлеграфных правадоў.
Блакада
Разгром варожых гарнізонаў у Дзярэчыне, а затым Рудзе-Яварскай сур’ёзна занепакоіў ворага. Акупанты вырашылі расправіцца з партызанамі. У снежні 1942 года ў Зэльву, Дзярэчын, Дзятлава і Слонім сталі прыбываць буйныя сілы праціўніка. Яны былі добра ўзброеныя і спецыяльна абучаныя для барацьбы з партызанамі.
План у немцаў быў такі: наступленне пачаць адначасова з Зэльвы, Дзярэчына, Дзятлава і Слоніма, акружыць партызан у Ліпічанскай пушчы, загнаць іх у вусце Нёмана і Шчары і там на адкрытай мясцовасці знішчыць.
Партызанская разведка своечасова вызначыла намер акупантаў. Камандаванне Ленінскай брыгады прыняло ўсе неабходныя меры. Партызаны сустрэлі немцаў яшчэ на падыходзе да пушчы. Сем сутак вялі стрымліваючыя баі і няспешна адступалі ў лес. Партызаны задаліся мэтай: выматаць праціўніка, выявіць у яго наступленні слабыя месцы, каб у патрэбны момант прарваць блакаду. Калі такі момант наступіў, партызаны прарвалі акружэнне, сілы і боепрыпасы былі выратаваны. Пасля таго, як немцы знялі блакаду, партызаны зноў вярнуліся ў Ліпічанскую пушчу.
Шчучынскі партыйны цэнтр
Натхніцелем і арганізатарам барацьбы беларускага народа з нямецка-фашысцкімі захопнікамі была Камуністычная партыя
Беларусі. На акупіраванай немцамі тэрыторыі былі створаны падпольныя партыйныя арганізацыі.
Баранавіцкі абком КПБ зацвердзіў Шчучынскі міжраённы партыйны цэнтр. У зону цэнтра былі аднесены Шчучынскі, Васілішкаўскі, Дзятлаўскі, Жалудоцкі, Мастоўскі і Зэльвенскі раёны. Узначальваў цэнтр С.П.Шупеня, член Баранавіцкага падпольнага абкома партыі. Яго месцам работы была выбрана Ленінская брыгада.
Зэльвенскі падпольны райком КПБ
10 снежня 1943 года быў зацверджаны Зэльвенскі падпольны райком КПБ, сакратаром якога быў назначаны камісар брыгады “Перамога” Р.Г.Іўліеў, членам райкома – І.Д.Калашэйнаў. Друкаваным органам райкома стала газета “За Советскую Белоруссию”. Месцам знаходжання падпольнага райкома была выбрана брыгада “Перамога”.

Атрад “Перамога”
Пасля арганізацыі Ленінскай брыгады атрад 3649 быў перайменаваны ў атрад “Перамога”. Яго камандзірам стаў П.І.Булак, камісарам – Г.А.Шубін, начальнікам штаба – В.С.Біцько. Толькі за адзін месяц у атрад было прынята 169 чалавек.
Мужны і бясстрашны партызанскі камандзір Павел Іванавіч Булак наводзіў страх на акупантаў. За выдачу Булака нямецкімі ўладамі была аб’яўлена ўзнагарода: 75 тысяч нямецкіх марак і 40 гектараў першакласнай зямлі.
Як француз Ляон Эйер стаў партызанам

і дачкой Соняй у Зэльве. 1982 г.
Для партызанскай ваеннай тэхнікі патрэбны былі акумулятары. Камандзір падрыўной групы Р.Л.Кірылаў з некалькімі партызанамі выйшлі на шашу Зэльва – Слонім. Хутка на дарозе паказалася аўтамашына. Калі яна параўнялася з партызанамі, Кірылаў скамандаваў “Агонь!”. У лес удалося ўцякчы толькі двум акупантам. Толькі паспелі зняць з машыны акумулятары, як з лесу раптам выйшлі двое ўцекачоў. Адзін канваіраваў другога. Як высветлілася пазней, “канваір” быў па нацыянальнасці французам. Яго насільна мабілізавалі ў нямецкую армію. Антыфашыст даўно чакаў зручнага выпадку, каб перайсці да партызан. Гэта быў Ляон
Эйер. Залічылі яго ва ўзвод Канстанціна Татарына, дзе ён ваяваў да аб’яднання партызан з Чырвонай Арміяй.
Арганізацыя брыгады “Перамога”
У снежні 1943 года арганізавалася брыгада “Перамога”, яе камандзірам стаў П.І.Булак. За час свайго існавання партызаны брыгады падарвалі 48 варожых эшалонаў, 55 мастоў, 9 прадпрыемстваў, знішчылі звыш 1,5 тысячы гітлераўцаў.
Атрад імя Будзённага
Восенню 1943 года быў арганізаваны атрад імя Будзённага, камандзірам якога быў назначаны Р.Л.Кірылаў (пачынаў радавым байцом, потым хутка стаў камандзірам групы падрыўнікоў, камандзірам узвода, палітруком роты).
Даведка
Рыгор Лазаравіч нарадзіўся ў Велікалуцкай вобласці. За месяц да пачатку вайны ён прыбыў на заходнюю граніцу, дзе ў раёне Беластока яго воінская часць будавала аэрадром. У першым жа баі ён быў цяжка паранены. Санітарны цягнік, куды яго змясцілі, не змог прарвацца – спыніўся перад разбураным мастом. Абапіраючыся на кій, Кірылаў пайшоў па шашы Беласток – Гродна. Хутка яго падабрала адыхо-
дзячая на ўсход машына. Аднак у дарозе яе разбамбілі. Зноў ішоў пешшу. Трапіў у палон. Адправілі ў Польшчу, у лагер для ваеннапалонных. Усю зіму правёў у лагеры. З аднадумцаў стварыў невялікую групу. Аднойчы ноччу яны абе-
заружылі ахрану лагера і ўцяклі. Напрамак узялі на ўсход. Начамі ішлі, днём хаваліся ў лясах, ярах. Так дайшлі да ракі Шчары. Сустрэлі партызан і ўліліся ў групу П.I.Булака.
Атрад быў адным з самых арганізаваных і баявых у брыгадзе “Перамога”, удзельнічаў ва ўсіх буйных аперацыях.
Так, вясной 1944 года немцы, прадчуваючы сваю хуткую пагібель, зрабілі яшчэ адну спробу знішчыць партызан у Ліпічанскай пушчы, спаліць бліжэйшыя населеныя пункты. Ворагу ўдалося акружыць народных мсціўцаў. Атрад імя Будзённага быў па- стаўлены ў авангардзе прарыву. Бой быў упартым, але партызаны выйшлі з акружэння.
Юныя партызаны
У партызанскім руху актыўны ўдзел прымалі і падлеткі. Яны былі разведчыкамі і сувязнымі, збіралі на палях зброю. Сярод многіх іншых асаблівай смеласцю і адвагай вызначаліся Коля Сяргейчык з хутара Мошкі, Лёня Булак, сын П.I.Булака, Ваня Агароднік з вёскі Вострава, Валодзя Рашкевіч з вёскі Тоўчава, Сеня Ануфрыеў з вёскі Азёркі.
Другая блакада
У чэрвені 1944 года немцы зноў акружылі партызанскую брыгаду “Перамога”. Дывізія рэгулярных войск праціўніка, якая следавала на фронт, блакіравала ўсе выхады з лесу. На дапамогу ворагу прыйшлі самалёты. Для брыгады стварылася сур’ёзнае становішча.
– Што будзем рабіць, таварыш камісар? – спытаў П.I.Булак у
Р.Г.Іўліева.
– Будзем выходзіць з акружэння, – цвёрда адказаў камісар.
Аператыўна сабралі камандзіраў атрадаў, параіліся. Вырашылі прабівацца з акружэння з боем. Прарыў блакады, па сутнасці, быў апошнім боем партызан. У ім загінулі камісар брыгады Р.Г.Іўліеў, камісар атрада «Перамога» С.С. Несцярэнка, камандзір атрада імя Суворава I.В.Абрамаў, шмат іншых партызан. Аднак, асноўныя сілы брыгады былі выратаваны…
Comments are closed, but trackbacks and pingbacks are open.