Ганненскі кірмаш пройдзе ў Зэльве 23-24 жніўня

Да адкрыцця “Ганненскага кірмашу”, брэндавага свята Зэльвеншчыны, засталося трохі больш як два месяцы. Якія мерапрыемствы будуць праходзіць сёлета ў рамках фестывалю, абмеркавалі на чарговым пасяджэнні аргкамітэта.

Два дні абяцаюць быць насычанымі, яркімі і запамінальнымі. На зэльвенскай сцэне выступіць цыганскі ансамбль “Аллюр”, в таксама віртуоз ігры на балалайцы Аляксандра Варанішча. Парадуюць публіку артысты цырка.

Традыцыйна ў цэнтры пасёлка размесцяцца гандлёвыя рады, Горад майстроў і рамесленікаў. Пройдзе шэраг конкурсаў, сярод якіх і конкурс на лепшы падворак сярод сельскагаспадарчых арганізацый і ўстаноў раёна.

Па вуліцы Перамогі можна будзе пракаціцца на коннай павозцы. Дарэчы, конкурс “На лепшую конную павозку” таксама адбудзецца.

На коннай пляцоўцы выступіць конна-гістарычны клуб “Залатая Шпора”.

Актыўна будзе задзейнічана і вадасховішча. Плануецца правесці адкрыты абласны чэмпіянат па спартыўнай лоўлі рыбы на фідэр, першынства Гродзенскай вобласці па лоўлі рыбы сярод падлеткаў, спаборніцтва «Народная рыбалка». Увагу гледачоў прыцягне конкурс “Паплывём на чым папала”.

Аргкамітэт унёс прапанову арганізаваць спаборніцтвы па пляжным валейболе і футболе.

У час свята традыцыйна будзе працаваць шмат гандлёвых кропак і летніх кафэ. Аматары беларускай кухні змогуць прадэгусціраваць нацыянальныя стравы у час фестывалю ежы.

У кіёсках і палатках можна будзе набыць сувенірную прадукцыю з эмблемай кірмашу.

Фотаздымкі з архіву «Працы»

Вам может быть интересно

Комментарии отключены