33 гады ў педагогіцы. Настаўніца пачатковых класаў Аліна Паляшчук ні разу не пашкадавала аб сваім выбары
Мала каму шанцуе выбраць прафесію адзін раз і на ўсё жыццё. Пра настаўніцу пачатковых класаў Міжэрыцкага дз/с-БШ імя У.Ляха Аліну Паляшчук можна з упэўненасцю сказаць, што яна не толькі знайшла сябе ў педагогіцы, але і ні разу не пашкадавала аб сваім выбары.

Пасля заканчэння Міжэрыцкай сярэдняй школы, а гэта было ў 1984 годзе, Аліна Аляксандраўна стала навучэнкай Ваўкавыскага педагагічнага вучылішча, дзе атрымлівала спецыяльнасць «Выкладанне ў пачатковых класах агульнаадукацыйнай школы». Першае месца працы і, дарэчы, адно ў працоўнай кніжцы – сельская школа ў вёсцы Міжэрычы, дзе Аліна Аляксандраўна, настаўніца вышэйшай катэгорыі, працуе і сёння.
Прафесійны дэвіз педагога пачатковых класаў, стаж працы якога больш за 33 гады, просты: «Каб вучыцца паспяхова, трэба вучыцца з задавальненнем». Кіруючыся ім, яна ніколі не баялася спрабаваць самыя розныя методыкі выкладання. Настаўніца пераканана: сучасны ўрок у пачатковай школе павінен будавацца на актыўных метадах навучання, мець пошукавы характар.
«Мой вучань ініцыятыўны, з агеньчыкам цікаўнасці ў вачах. Педагог пачатковых класаў павінен умець не толькі запаліць гэты агеньчык, але і падтрымліваць яго ўсе чатыры гады, а потым перадаць эстафету далей. На маю думку, матывацыя для паспяховай вучобы не менш важная, чым інтэлект навучэнца», – лічыць Аліна Аляксандраўна. Дарэчы, настаўнікі-прадметнікі заўсёды адзначаюць высокі ўзровень падрыхтаванасці яе вучняў.
Каб быць запатрабаваным настаўнікам, трэба ісці ў нагу з часам, таму на сваіх занятках педагог карыстаецца электроннымі сродкамі навучання. Больш таго, сама распрацоўвае метадычныя электронныя дапаможнікі.
Не застаюцца без увагі даследчая дзейнасць і алімпіядны рух малодшых школьнікаў. Навучэнцы Аліны Аляксандраўны заваёўваюць прызавыя месцы на раённых этапах інтэрнэт-алімпіяд, у конкурсах сярод навучэнцаў пачатковых класаў, якія праводзяцца цэнтрам па рабоце з адоранамі школьнікамі.
Педагог актыўна дзеліцца з калегамі сваімі напрацоўкамі падчас адкрытых урокаў, семінараў і канферэнцый. Вопыт работы настаўніцы не раз абагульняўся на метадычных саветах установы.
Безумоўна, за 33 гады ў прафесіі грамат у Аліны Аляксандраўны на-збіралася шмат – школьных, раённых. Аднак самая высокая ацэнка работы для настаўніка не мноства ўзнагарод, а радасць у вачах маленькіх вучняў, якія выпраменьваюць дабрыню і пазітыў. Такую настаўніцу – добразычлівую, лагодную, здольную агарнуць дзяцуй цеплынёй і клопатам – хочуць бачыць побач са сваімі дзецьмі ўсе мамы і таты. Першакласнікам у гэтым навучальным годзе вельмі пашчасціла, бо іх настаўніца Аліна Аляксандраўна Паляшчук адпавядае гэтаму апісанню.
Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ніна Валадашчык
Комментарии отключены