Малады мастак з Зэльвы пакарыў журы абласнога конкурсу
Трэці раз ладзіўся ў Гродзенскай вобласці фестываль “Кніжныя скарбы Беларусі”. Адметнай састаўляючай яго быў конкурс макетаў “Архітэктурныя помнікі малой радзімы”. У намінацыі “Мая малая радзіма” дыпломам І ступені ўзнагароджаны наш зямляк, мастак-афарміцель раённай бібліятэкі Іван Шапуцька. Знаёмім чытачоў “Працы” з маладым таленавітым чалавекам.

Іван Мікалаевіч (так і хочацца адкінуць “Мікалаевіч”, бо вельмі ж малады наш Янка) Шапуцька працуе ў раённай бібліятэцы з 2017 года. З першых крокаў у рабоце маладога выпускніка Гродзенскага каледжа мастацтваў дырэктар Святлана Жамойціна зразумела: ім вельмі пашанцавала. Гэтай думкі прытрымліваюцца і ўсе супрацоўнікі ўстановы. Абавязкаў у мастака нямала: ён афармляе выставы, тэматычныя паліцы, папкі, аздабляе інтэр’ер бібліятэкі і г.д.
І ўсё павінна адпавядаць сучасным патрабаванням. А гэта значыць, што трэба пастаянна шукаць новыя варыянты ў афармленні, знаёміцца з вопытам іншых афарміцеляў розных рэгіёнаў краіны. Малады мастак не стамляецца тварыць: што ні работа, то сапраўдны твор мастацтва. Шкада, што ў гэтых твораў нядоўгі век. Бо ў бібліятэцы выставы пастаянна абнаўляюцца, а захоўваць матэрыялы не заўсёды ёсць магчымасць.
Наведвальнікі бібліятэкі памятаюць цудоўныя кніжныя выставы да юбілейных дат, да сустрэч чытачоў з юбілярамі Зэльвы і іншыя. Кожная такая выстава мае сваё непаўторнае аблічча дзякуючы эстэтычнаму густу мастака.
Яму ўдзячны бібліятэкары і чытачы не толькі раённай біб-ліятэкі. Пасля рамонту Галынкаўскай сельскай бібліятэкі ўсе былі ўражаны казачным куточкам, што стварыў Іван Мікалаевіч. Для маленькіх чытачоў ён намаляваў лялек-жывёл. Многія дзеці нават спрабуюць дакранацца да іх – тыя выглядаюць нібы жывыя.

Гэта – не адзіная работа мастака, якая так заварожвае і захапляе. У першы ж год сваёй працы малады спецыяліст прыняў удзел у абласным фестывалі кнігі. Тады ён прысвячаўся 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. Зэльвенскі мастак настолькі дакладна перадаў усе састаўляючыя мастацтва кнігі Францыска Скарыны (шрыфт, колер, вадзяныя знакі, гравюрны партрэт самога Скарыны і г. д.), што журы конкурсу палічыла работу… “плагіятам”. Маўляў, з дапамогай мастацкіх маніпуляцый проста скапіраваў з розных выданняў скарынаўскія дзівосы.
Крыўдна было работнікам бібліятэкі за такі недавер да маладога спецыяліста! Яны ж бачылі ўсе этапы яго работы і добра ведаюць, што ў таго не было і намеру на плагіят. Талент і праца, любоў і натхненне – вось што вяло рукой мастака, калі ствараў з нарыса Уладзіміра Караткевіча “Вера ў сілу дабрыні, або Сын Беларусі, сын Прагі” прыгожую, сапраўды скарынаўскую кнігу.
З дня ў дзень Шапуцька ўдасканальвае сваё майстэрства. У кожнай яго рабоце можна знайсці нейкую “изюминку”. Яго пано да 760-годдзя Зэльвы ўразіла журы, і Іван Мікалаевіч заслужана атрымаў адно з прызавых месц у конкурсе мастацкіх работ.
Нядаўна мастак аформіў куфэрак “Акно ў гісторыю”, у якім бібліятэкары захоўваюць розныя матэрыялы пра родныя мясціны. Першае слова назвы – ключавое: у куфэрку сапраўды ёсць акенца, праз якое можна ўбачыць аздобленую мастаком прыгожую папку “Тут засталося сэрца маё” і іншыя экспанаты.
А зараз – пра конкурс макетаў “Архітэктурныя помнікі малой радзімы”. Ён праходзіў у трох намінацыях: “Гонар зямлі прынёманскай”, “Мая малая радзіма” і “Страчаная спадчына Гродзеншчыны”. Удзел можна было прымаць у любой намінацыі. Галоўнае – вызначыцца з аб’ектам. Не адразу зразумеў Іван Мікалаевіч, што найбольш прыцягвае яго. Легенды вакол Сынкавіцкага храма, чатырохсотгадовая гісторыя Крамяніцкага касцёла ці непаўторнасць Дзярэчынскай святыні з яе рамантычнай гісторыяй кахання фундатара-рэстаўратара… Пасля доўгіх ваганняў спыніўся на выяве Зэльвенскага касцёла Святой Тройцы. Уважліва прачытаў усё, што змог знайсці пра гісторыю яго заснавання і стварэння. Пасля накідаў эскіз, зрабіў некалькі якасных здымкаў… І пачалася работа, якая захапіла так, што бракавала нават працоўнага дня. Майстар скрупулёзна падбіраў матэрыялы, фарбы, эксперыментаваў з металічнымі прадметамі і іх замяняльнікамі.
Работ на конкурс было прадстаўлена больш за 20. Вынікі падводзіліся ў пачатку верасня. І напярэдадні Дня бібліятэк дырэктара Зэльвенскай ЦБС Святлану Жамойціну запрасілі з мастаком на фестываль “Кніжныя скарбы Беларусі”, дзе і адбылося ўзнагароджанне пераможцаў
Для мастака было цікава пазнаёміцца з работамі іншых канкурсантаў. Асабліва зацікавілі макеты, прадстаўленыя ў намінацыі “Страчаная спадчына Гродзеншчыны”. Узнікла ідэя па малюнку Напалеона Орды ўвасобіць у мастацкай рабоце былы палац Сапегаў у Дзярэчыне. (Магчыма будзе яшчэ нагода здзейсніць мару. – Аўт.).
Далучаемся да віншаванняў у адрас Івана Шапуцькі і верым, што ў выхаванца Ж.І.Яўтухоўскай і В.П.Шамрука вялікая будучыня.
Яніна ШМАТКО
Комментарии отключены