Ураджэнка Зэльвы пакарыла Андрэя Малахава

Уражэнка Зэльвы Наталля Шматко, якая пачынала свой творчы шлях яшчэ школьніцай на старонках “Працы”, стала адной з трох пераможцаў ад Беларусі ў конкурсе Андрэя Малахава.

Вядомы тэлевядучы арганізаваў конкурс «Погляд у будучыню», дзе трэба было прадставіць сацыяльна значны праект, які паўплываў на жыццё ў рэгіёне. Усяго было пададзена 1500 заявак. Спачатку работы праглядвалі памочнікі Малахава – адбіралі лепшае. А потым ужо ён сам вызначаў найбольш цікавыя праекты. І тым, хто прайшоў у другі тур, прапанавалі чатыры вельмі і вельмі няпростыя заданні. Наталля паспяхова справілася з імі, таму яе запрасілі на майстар-класс Малахава ў Маскву. Яна была ўражана памяццю знакамітага вядучага: ён свабодна арыентаваўся ў праектах, якія яму спадабаліся, адзначаў іх вартасць, указваў на недахопы.

У час праграмы ўсё ў яго пад кантролем: каманда вельмі прафесійная, усё прадугледжвае загаддзя, а калі здараецца нешта неардынарнае – імгненна знаходзіць выхад. На запісе адной з праграм (запісваюцца адразу некалькі, каб эканоміць час) Наталля магла назіраць паводзіны многіх зорак расійскага экрана – Уладзіміра Вінакура, Сяргея Драбаценка, Генаддзя Ветрава і інш.

Для пераможцаў конкурсу была наладжана экскурсія па знакамітых мясцінах расійскай сталіцы. З цікавасцю слухала Наталля экскурсавода, у думках пераносячыся ў любімы горад над Нёманам. Яна ўмее расказаць пра Гродна так, што турыст абавязкова захоча яшчэ не раз вярнуцца сюды. Дзе толькі ні пабывала Наталля з камерай! Ёй знаёмы самыя зацішныя вулачкі старога горада, яго сядзібы, старажытныя помнікі. Калі зрабіла перадачу пра сядзібу Станіславова, што на вуліцы Церашковай, знаўцы не маглі паверыць: на картах яна была пазначаная як не існуючая, зніклая.

У Наталлі і яе каманды шмат планаў на будучае. А ў яе асабіста – выдаць першы сборнік вершаў. С вершамі яна дэбютавала ў нашай “раёнцы”, і, як бачым, не перахварэла імі. Будзем спадзявацца, што яна дашле некалькі твораў і на старонку нашых “Зораў над Зяльвянкай”.

Яніна ШМАТКО

ФОТА vgr.by

Вам может быть интересно

Комментарии отключены