У Дзярэчыне адкрыўся музейны пакой (абноўлена)
Мясцовыя жыхары і госці некалі “Малога Версалю” сёння маюць магчымасць пазнаёміцца бліжэй з гісторыяй знакамітага мястэчка.

На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця прысутнічалі не только дзярэчынцы, але і паважаныя госці – старшыня райвыканкама Дзяніс Альшэўскі і яго намеснік Сяргей Лойка.

– Адкрыццё музейнага пакою – вельмі важная падзея для жыхароў як Дзярэчына, так і ўсяго раёна. Многія ўраджэнцы Зэльвеншчыны не раз чулі пра багатую гісторыю мястэчка. І сёння дзякуючы пяці усталяваным экспазіцыям кожны жадаючы можа даведацца, як выглядалі былыя ўладанні магнатаў Сапегаў і князёў Палубінскіх, што ўяўляў сабой Дзярэчын шмат гадоў таму. Хочацца верыць, што новы аб’ект прыцягне ўвагу як мясцовых жыхароў, так і турыстаў. А сабраная тут інфармацыя будзе спрыяць перадачы гістарычных накапленняў наступнаму пакаленню, – адзначыла начальнік адзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Галіна Раманчук.

У гэты дзень адбылася і першая экскурсія для гасцей музейнага пакоя. Пра гісторыю мястэчка Дзярэчын, вядомых дзеячаў і экспанаты распавёў метадыст па развіццю народнай творчасці цэнтра культуры і народнай творчасці Генадзь Коўш.
– Большасць экспанатаў, што тут прадстаўлены, былі знойдзены на тэрыторыі Дзярэчына. Штосьці знайшоў асабіста я, штосьці – мясцовыя жыхары, – паведаміў даследчык. – Музейны пакой змяшчае гістарычныя звесткі пра мястэчка пры асноўных яго ўладальніках. Напрыклад, 400 год таму Палубінскія ўзвялі тут кляштар і касцёл. Гучным рэхам адгукнуліся падзеі XVIII стагоддзя, калі знакаміты род Сапегаў пабудаваў у Дзярэчыне адну з сваіх рэзідэнцый. Гісторыя нашай малой радзімы вельмі багатая і цікавая, таму ідэя стварыць падобны пакой была ўжо даўно. У далейшым будзем дапрацоўваць лінію экспанатаў.



Калекцыя манет (XVII-пачатак XX), ключоў (XIX-пачатак XX), падсвечнік (XVIII), каваны крыж (XVII) – гэтыя і іншыя экспанаты можна пабачыць у музейным пакоі. Асаблівай увагі заслугоўвае макет Дзярэчынскага палаца князёў Сапегаў, што быў адбудаваны ў 1786 г. Дарэчы, модуль выраблены майстрам Аляксандрам Ішчанка.
– Вялікую ўдзячнасць выражаем мясцовай уладзе за тое, што адвялі пад музей асобнае памяшканне. А таксама Генадзю Вікенцьевічу за змястоўную і цікавую эксукрсію, за тое, што прадаставіў многія экпанаты для музейнага пакою. Мы ж, мясцовыя жыхары, у сваю чаргу будем старацца дапамагаць у пашырэнні экспазіцый, – адзначыла стараста аграгарадка Таіса Біч.
– Мы вельмі задаволены адкрыццём музейнага пакою. Цікаўлюся гісторыяй Дзярэчына, але сёння даведаўся пра яго новыя факты. Гэта азначае, што мінулае малой радзімы змяшчае ў сабе яшчэ шмат чаго цікавага. Канешне, хочацца, каб расла колькасць экспанатаў, – адзначыў мясцовы жыхар Валянцін Галенда.




Старшыня райвыканкама Дзяніс Альшэўскі пажадаў музейнаму пакою шмат наведвальнікаў, а таксама выказаў думку, што адкрыццё новага аб’екту станоўча адаб’ецца на турыстычным патанцыяле Дзярэчына.
У рамках адкрыцця музейнага пакою Дзяніс Аляксандравіч правёў сустрэчу з мясцовымі жахарамі, выслухаў іх і адказаў на пастаўленныя пытанні.
Генадзь Коўш
Асаблівую ўдзячнасць у падрыхтоўцы музейнага пакоя хочацца выказаць дзярэчынцам У.У. Пасюку, П.У. Калошыну, Я.Я.Патапу, ксяндзу Аляксандру, якія прадаставілі экспанаты. Вялікі дзякуй майстрам аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры, асабліва Аляксандру Ішчанку, які зрабіў макет палаца, Валерыю Фіцінскаму і Мікалаю Грынцэвічу, якія дапамаглі з абсталяваннем для экспанатаў.
Алена ГАРБАЦЭВІЧ
Комментарии отключены