Інтэрв’ю: што значыць быць маці дзіцяці з псіхічнымі асаблівасцямі

Для кожнага з бацькоў іх дзіця – асаблівае, непадобнае да іншых. Але ўнікальныя генетычныя прыкметы дораць сынам і дочкам не толькі знешнасць, тэмперамент або талент: разам з пэўным наборам храмасом некаторыя з іх наследуюць псіхічныя або псіхафізічныя асаблівасці, з якімі ім давядзецца жыць. Што значыць быць маці нестандартнага дзіцяці? Як навучыцца ўзаемадзейнічаць з ім? Як патрапіць патрабаванням сацыяльнага асяроддзя – дзіцячага сада, школы? Аб гэтым і многім іншым наша размова з маці хлопчыка, якому выстаўлены дыягназ – ранні дзіцячы аўтызм.

Таццяна* – часты госць у сценах цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі гарадскога пасёлка Зэльва. Сваім асноўным заняткам маладая жанчына лічыць выхаванне сына Вані*. Яму 5 год, і ў яго аўтызм. Раней хлопчык наведваў дзіцячы сад. Але ў сілу сваёй асаблівасці не знайшоў паразумення з аднагодкамі.

– Чым адрозніваюцца заняткі ў ЦКРНіР ад дзіцячага сада?

– Па-першае, у цэнтры невялікая напаўняльнасць дашкольнай групы (усяго 4 дзіцяці), таму Ваня адчувае сябе тут камфортна. Займаюцца з ім індывідуальна. Па-другое, спецыялісты стараюцца рабіць большы ўплыў на прывіццё сыну першасных жыццёвых навыкаў, каб ён змог абслугоўваць сябе: самастойна есці, чысціць абутак, правільна абыходзіцца з цацкамі і г.д.

– А чым хлопчык любіць займацца ў вольны час?

– Ваня даволі развіты фізічна. Ён любіць рухомыя заняткі: скакаць на батуце, бегаць па сцежках, лазіць па вертыкальных лесвіцах. Праўда, часам можа гадзінамі сядзець нерухома і выкладваць доўгія стужкі з падручных прадметаў.

– Ёсць розныя формы аўтызму. Як ён праяўляецца менавіта ў вашага сына?

– Ваня не размаўляе. Вось толькі нядаўна ў яго пачалі з’яўляцца першыя словы. Яму няпроста засяроджваць увагу, цяжка даецца вучоба. Ён пакуль не ведае поры года, не вызначае колеры, не размяжоўвае людзей на «сваіх» і «чужых». Калі з ім размаўляеш, ён не заўсёды ўсё разумее. Вельмі цяжка прыцягнуць яго ўвагу, каб ён выслухаў, або прымусіць нешта рабіць. Таксама ў яго парушана ўзаемадзеянне з навакольным светам. Гэта звязана з сіндромам дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасцю. Ён вельмі шпаркі, не можа доўгі
час канцэнтравацца на чым-небудзь.

– Вы, вядома, ужо добра разумееце сына, але наколькі лёгка ён ідзе на кантакт з іншымі людзьмі?

– Бачу, што яму, на жаль, не патрэбны кантакт з аднагодкамі. Здаровыя дзеці яго проста не разумеюць. А вось з дарослымі ён з радасцю ідзе на кантакт і таму мне спакойней. Я ведаю, што ў цэнтры хлопчык адчувае сябе свабодна. Я гэта назіраю штодня падчас наведвання групы. Была прыемна здзіўлена, калі аднойчы Ваня на вуліцы, убачыўшы знаёмых людзей, заўсміхаўся і ажывіўся. Акрамя заняткаў з настаўнікам-дэфектолагам, выхавацелямі і псіхолагам, мы стараемся дома займацца з сынам.

– Таццяна, што вы адчувалі, калі даведаліся пра дыягназ сына?

– Самым складаным для мяне было прыняць, што мой сын не такі, як астатнія дзеці. Да апошняга не верыла, змагалася, нешта даказвала (перш за ўсё самой сабе). Потым, калі зразумела, што гэта на самой справе так, узяла сябе ў рукі і вырашыла не здавацца. Зараз спрабую даць дзіцяці як мага больш.

– З якой рэакцыяй людзей на вуліцы вы часцей сутыкаецеся? Праяўляецца жорсткасць ці ўсё ж такі больш спачуванне?

– Здараецца па-ўсякаму. Калі Ваня быў яшчэ маленькі, было не так прыкметна, што ён не гаворыць. Калі падрос, стала цяжэй. Неяк быў такі выпадак. На прагулцы па паркавай зоне сын раптам пачаў крычаць, сціснуўшы кулакі і зубы, а дзве бабулі сталі мяне папракаць, маўляў, чаму не выхоўваю дзіця. Я ім патлумачыла, што ў сына асаблівае захворванне. Мяне зразумелі, нават паспачувалі.

– Таццяна, што б вы пажадалі мамам, якім давядзецца сутыкнуцца з такой жа праблемай?

– Чым раней пачаць змагацца з гэтай праблемай, а не даказваць усім, што нічога страшнага няма, тым лепш будзе для дзіцяці. Я нават не мамам дам параду (маці заўсёды прыме сваё дзіця, якім бы яно ні было), а родным, блізкім, сябрам. Паверце, што нам вельмі цяжка, і ваша падтрымка можа адыграць глабальную і нават вырашальную ролю. Не так матэрыяльна, як маральна.

– Жадаю вам, Таццяна, сілы і цярпення. З вашым настроем, упэўнена, у вас усё атрымаецца.

*Імёны маці і сына зменены па этычыных меркаваннях.

Матэрыял падрыхтавала настаўнік-дэфектолаг ЦКРНіР Ірына Сарвас

Вам может быть интересно

Комментарии отключены