Хрысціяне адзначаюць вялікае свята – Звеставанне Пана
25 сакавіка, роўна за дзевяць месяцаў да Божага нараджэння
хрысціяне адзначаюць вялікае свята – Звеставанне Пана. Гэта дзень, калі Арханёл Габрыэль абвясціў Дзеве Марыі, што яна народзіць Збаўцу. Гэта таксама дзень малітвы за святасць кожнага жыцця. Падчас урачыстага набажэнства з гэтай нагоды зэльвенскія вернікі маліліся за жыццё чалавека з моманту яго зачацця і да смерці.

На пачатку імшы настаяцель касцёла Святой Тройцы г.п. Зэльва Яцэк Маркель зачытаў урывак са Святога Пісання, у якім расказваецца, як Божы пасланец Арханёл Габраэль прынёс Марыі нечаканую і радасную звестку, што пад яе сэрцам з’явіўся сын Божы, якога яна народзіць і дасць яму імя Езус. Ён і збавіць народ свой ад грахоў. Марыя адказала: “Няхай станецца мне паводле слова твайго!”.
Святар таксама засяродзіў увагу на дасланым лісце арцыбіскупа, у якім гаварылася, што на Звеставанне падтрымліваецца добрая традыцыя духоўнага ўсынаўлення. Многія вернікі бяруць на сябе абавязак з гэтага дня і на працягу дзевяці месяцаў маліцца за дзіця, якому пагражае забойства ва ўлоне маці (аборт). Сутнасць духоўнага ўсынаўлення – у штодзённай спецыяльнай малітве за ненароджанае немаўля і яго бацькоў. Ксёндз Яцэк удзяліў благаслаўленне тым жанчынам, якія ўзялі на сябе такі абавязак. Усе разам вернікі памаліліся да Найвышэйшага Усемагутнага Бога і Найсвяцейшай Панны Марыі аб выбаўленні Беларусі і ўсяго свету ад страшнай пандэміі каранавірусу.
Настаяцель касцёла яшчэ раз нагадаў, што з мінулага тыдня існуе дазвол (дыспенса) на ненаведванне храма пажылымі і людзьмі, якія маюць сімптомы прастуды ці баяцца заражэння, падчас нядзельных і святочных урачыстасцей, а таксама аб захаванні санітарна-прафілактычных мер.
Людміла ПОПКА
Комментарии отключены