Зэльвенскія каталікі рыхтуюцца да Вялікадня

Уваскрэсенне Хрыстова – адно з самых вялікіх святаў для вернікаў. Гэта час, калі кожны абуджае ў сабе веру, звяртаецца да каранёў, робіць крок насустрач Пану. Сёлета каталікі сустрэнуць яго 11 красавіка Пасхальнай вігіліяй у Святую ноч. А пакуль на працягу Вялікай Пакутнай суботы духоўна рыхтуюцца, моляцца ў поўнай цішыні перад сімвалічнай грабніцай Божага Сына. Таксама на працягу дня благаслаўляюць велікодныя стравы.

У гэтым годзе ў сувязі з эпідэміалагічнымі абставінамі кожная каталіцкая сям’я мае магчымасць благаславіць стравы дома. Парадак і тэкст малітвы зацвердзіў арцыпастыр Тадэвуш Кандрусевіч. Яны размешчаны на партале Catholic.by.

Тыя зэльвенцы, якія па стану здароўя і па сваёй маральнай упэўненнасці адчуваюць, што могуць наведваць святыню, збіраюцца на прыкасцёльнай плошчы.

На свежым паветры, пад промнямі сонца настаяцель касцёла Святой Троіцы ксёндз Яцэк Маркель асвячае ежу святой вадой.

–Для кожнага веруючага чалавека вельмі важна захоўваць і перадаваць духоўныя традыцыі, – кажа Валянціна Масюк. – У гэты дзень мы не толькі асвячаем стравы на велікодны стол, але і стараемся разам маліцца, разважаць над Пісаннем і чакаць Уваскрэсення Хрыстова. Пан Езус дае нам сілы, духоўна нас яднае і паказвае, у чым ёсць сэнс жыцця. Самае галоўнае ў такі нялёгкі час – чалавечнасць, дабрыня і спагада.

Святкаванне з мёртвых паўстанне Пана распачнецца ў 20 гадзін. Хрысціяне будуць маліцца, каб Збаўца прыйшоў і атуліў людзей сваёю ласкай. Працягнецца свята ў Велікодную Нядзелю.

Людміла ПОПКА

Вам может быть интересно

Комментарии отключены