Каталікі Зэльвеншчыны святкуюць Уваскрэсенне Хрыстова
“Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!” – такімі словамі хрысціяне Зэльвеншчыны віншуюць адзін аднаго з самым светлым і найсвяцейшым днём, калі Езус Хрыстос перайшоў ад смерці да жыцця, – Вялікаднём.

Пачатак святкавання распачаўся ў Вялікую суботу. У касцёле Святой Троіцы г.п. Зэльва ўрачыстае Богаслужэнне ўзначаліў ксёндз Яцэк Маркель. Святар спачатку правёў абрад благаслаўлення пасхалу, які сімвалізуе Хрыста, наша святло, і тройчы заспяваў “Святло Хрыстова!”. Вернікі адказалі: “Дзякуем Пану Богу!”.

Затым былі прачытаны ўрыўкі са Старога Запавету і прароцкіх кнігаў пра новы Ерузалем, якія суправаджаліся псальмамі і малітваю.
На ўвесь храм загучаў гімн “Хвала на вышынях!”. Пачалі біць касцёльныя званы. Усё азначала найбольшую ўрачыстасць года – у гэтую ноч Хрыстос уваскрэс з памерлых.


Пасля аднаўлення вернікамі абяцання веры і благаслаўлення вады, настаяцель касцёла ў знак новага жыцця акрапіў святой вадой усіх прысутных.

У вельмі складаны з-за пандэміі каранавірусу для ўсяго свету час да вернікаў звярнуўся Папа Рымскі Францішак. Ксёндз Яцэк зачытаў словы, у якіх пантыфік прызывае не страчваць веру ў Бога, ісці да Езуса, звяртацца да Яго ўсім сэрцам і давяраць сваё жыццё, а таксама прыняць гэты цяжкі перыяд як час для роздуму, для разважанняў над сутнасцю існавання. Папа ўпэўнены, што зараз не час панікі, а час адказнасці за свае ўчынкі і дзеянні. Малітвай можна перамагчы сусветнае зло, а з дапамогай Пана Бога абудзіць салідарнасць і надзею.
З нагоды свята Звёртвыхпаўстання Пана віншавальныя лісты зэльвенскім каталікам даслалі арцыбіскуп Аляксандр Кашкевіч, старшыня райвыканкама Дзяніс Альшэўскі і старшыня раённага Савета дэпутатаў Вадзім Панасік.
Вігілія Пасхі завяршылася радаснай цэлебрацыяй Найсвяцейшага Сакраманту і гімнам пашаны Богу.

Пасля імшы можна частавацца велікоднымі стравамі.
Людміла ПОПКА
Комментарии отключены