У Галынкаўскай сярэдняй школе прайшоў Тыдзень экалагічных ведаў

Як цудоўна выглядае Зямля з космасу! Калі глядзіш на фотаздымкі, разумееш, якая яна велізарная, а чалавек – маленькі. Мы ўсе – толькі часцінка прыгожай планеты, што стала асяроддзем існавання для мноства арганізмаў. Па падліках вучоных, мы дзелім усяленскі прытулак больш чым з 7 мільёнамі відаў жывёл, прычым чвэрць з іх баразніць водную прастору. Ці часта людзі задумваліся аб такой безлічы насельнікаў? Шчыра кажучы, не.

Уільям Шэкспір назваў чалавека “вянцом усяго жывога”. Так, чалавек лічыць сябе царом прыроды. Homo sapiens. Але любая, нават менш разумная істота, не будзе марнаваць і разбураць свой дом. Чалавецтва ж вядзе сябе зусім не па-гаспадарску. Пагаршае ўмовы і даводзіць краявіды да безладдзя. Выжымае з рэсурсаў максімум і не дбае пра будучыню. Аднак ёсць у свете і тыя, хто нясе адказнасць і разумее: “Я павінен зберагчы прыроду, каб захаваць жыццё ўсяму жывому”. Дзякуючы неабыякавым асобам створана навука экалогія, галоўная мэта якой – не дапусціць знішчэння натуральнага асяроддзя. Дзейсным інструментам у барацьбе за зялёную планету з’яўляецца павышэнне экакультуры насельніцтва, асабліва самай прагрэсіўнай яго часткі – маладога пакалення.

У Галынкаўскай сярэдняй школе вялікае значэнне надаецца менавіта такому выхаванню. Адзін з накірункаў – Тыдні экалагічных ведаў. 
У гэтым годзе акцыю прыўрочылі да Года малой радзімы. Тыдзень праводзіўся ў рамках месячніка здаровага ладу жыцця “Здаровы я – здаровая краіна”.

Пасля лінейкі, прысвечанай адкрыццю мерапрыемства, ва ўсіх класах прайшлі класныя і інфармацыйныя гадзіны экалагічнай накіраванасці. Упершыню ў школе адкрыўся сацыяльна-экалагічны праект “Кветкавы кросінг” (кветкаабмен). У яго ўключыліся і дзеці, і 
бацькі, і настаўнікі. Старт ідэі далі дзве актыўныя сям’і: Анацкіх з вёскі Луконіца і Яневічаў з вёскі Акцябарская.

На сустрэчы з вучнямі былі запрошаны прадстаўнікі РУП ЖКГ, раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Галоўны спецыяліст райінспекцыі Аляксей Варабей паведаміў дзецям структуру Міністэрства аховы прыроды і навакольнага асяроддзя, дзейнасць падраздзяленняў. Старшакласнікі з госцем уступілі ў палілог па пытаннях экалагічнага становішча Зэльвеншчыны і мікрараёна школы. Прадстаўнік РУП ЖКГ Наталля Мінчык вучням 1-6-х класаў растлумачыла неабходнасць раздзельнага збору другасных матэрыяльных рэсурсаў і прадэманстравала відэаролік па дадзенай тэме.

У рамках Тыдня экалагічных ведаў вучні ўдзельнічалі ў фотаконкурсе “Які прыгожы гэты родны край!”. Пераможцай стала 11-класніца Марыя Бяляўская. Дзяўчына вельмі любіць родныя мясціны, таму што нарадзілася ў Галынцы. Школьнікі праявілі творчыя здольнасці і прадставілі малюнкі на выставу “Экалогія. Свет вачыма дзяцей”. Самымі актыўнымі мастакамі былі вучні 3-га і 4-га класаў. Малюнкі 10-класніцы Паліны Кобрынец адметны філасофскім поглядам на Сусвет і наваколле.

Сярод членаў экалагічнага атрада з 9-га і 10-га класаў прайшоў турнір “Энергетыка і прырода”, а сярод вучняў 6-7 класаў – “Экаквэст”.
Валанцёрскія атрады пад дэвізам “Мы за чыстую планету” навялі парадак ў наваколлі школы і дапамаглі састарэлым людзям, ветэранам працы ачысціць прыдамавыя тэрыторыі.

У час Тыдня актывізавалася акцыя “Здай макулатуру – зберажы дрэва”, прайшлі экаўрокі і экскурсіі ў музейным пакоі аг. Дзярэчына. Апошнім этапам стала школьная субота “Дзень экалогіі”. Тыдзень завяршыўся, але добрыя справы маюць працяг.

Марыя Худзяева

Вам может быть интересно

Комментарии отключены