У дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці прайшоў конкурс творчых пабудоў
Напрыканцы ліпеня ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці №1 г.п.Зэльва прайшоў конкурс творчых пабудоў з пяску “Пясочныя фантазіі”.

Па ўмовах конкурсу пабудовы можна было дапаўняць разнастайным матэрыялам, у тым ліку і прыродным. У выбары тэмы таксама не было абмежаванняў. Выхавальнікі і дашкаляты фантазіравалі, выкарыстоўвалі сюжэты знаёмых казак, стваралі разнастайныя скульптуры. У гульні з пяском дзеці з’яўляліся і рэжысёрамі, і аўтарамі казак, адчувалі сябе чараўнікамі, а значыць, і сапраўднымі гаспадарамі свайго маленькага свету.

У дашкольным узросце інтэнсіўна развіваюцца структура і функцыі галаўнога мозгу, што пашырае магчымасці дзяцей у пазнанні навакольнага свету. Дзеці “мысляць” рукамі: не столькі разважаюць, колькі непасрэдна дзейнічаюць. Адным з важных сродкаў у іх развіцці з’яўляецца гульня з пяском. Гэта паўсядзённы і ў той жа час незвычайна прыемны матэрыял, які складаецца з дробных макулінак, пры злучэнні ўтварае любімую дзецьмі пясочную масу. Акрамя тактыльных адчуванняў, дробнай маторыкі рук у дзяцей развіваецца творчы патэнцыял. Займаючыся такой дзейнасцю, малыя маюць магчымасць бачыць і ацэньваць вынік сваёй працы. Пясок валодае ўласцівасцю зняцця негатыўнай псіхічнай энергіі і спрыяе ўраўнаважванню псіхаэмацыйнага стану дзіцяці.

Так і ў нашым выпадку: гульні з пяском далі дзецям магчымасць акунуцца ў свет сваіх фантазій, вызваліцца ад “лішняй” энергіі.
Кожная пабудова была ўнікальнай! Усе групы атрымалі перамогу ў розных намінацыях. Нават самыя маленькія жыхары нашай дашкольнай установы праявілі свае ўменні ў конкурсе пабудоў з пяску.
Паважаныя бацькі, вучыце сваіх дзяцей гуляць з пяском – гэта ім будзе толькі на карысць!
Таццяна КАРАВАЙЧЫК
Комментарии отключены