Аб тым, як прайшла літаратурная сустрэча ў філіяле аграгарадка Каралін
Слова роднае – крыж над парогам,
Слова роднае – вечнасці след.
Слова роднае – змалку ад Бога,
Ад Зямлі, што радзіла на свет.
Словы Міколы Чарняўскага сталі дэвізам літаратурнай імпрэзы, якая ладкавалася ў філіяле аграгарадка Каралін ЦСАН. Сонечны дзень паспрыяў таму, каб арганізатары правялі гасцёўню на свежым паветры.

Вядучая – загадчыца філіялам Людміла Попка адкрыла мерапрыемства ўсім вядомым і любімым урыўкам з паэмы “Новая зямля” Якуба Коласа “Мой родны кут…”. Затым пазнаёміла прысутных з творчай дзейнасцю паэтаў-землякоў: Алены Карозы, Ірыны Данік, Валянціна Семянякі, Святланы Літвінчык, Ганны Гуліс і Івана Шчурко. Свой аповед дапоўніла цёплымі вершамі таленавітых творцаў. Прагучалі пяшчотныя радкі, прысвечаныя роднаму куточку, беларускай мове, філасофскія разважанні над сэнсам жыцця і жыццёвым шляхам чалавека, лірыка, насычаная пейзажнай тэматыкай.

Тое, што каралінскі край з’яўляецца скарбніцай зэльвенскай зямлі, яшчэ раз падцвердзіла госця сустрэчы Ірына Войтка (Ган). Літаратурная постаць добра вядома зэльвенцам і наогул беларусам. Яе вершы часта друкуюцца на літстаронцы раённай газеты “Зоры над Зальвянкай”. Свет пабачылі яе два зборнікі вершаў “Спасціжэнне” і “Пагляджу вачамі неба”. Ірына Антонаўна падзялілася радасцю з аднавяскоўцамі: практычна падрыхтаваны да друку яе трэці зборнік.

Мясцовая ўраджэнка жыла і тварыла на Слонімшчыне. Пасля працяглай працоўнай дзейнасці , звязанай з дашкольным выхаваннем (на пасадзе загадчыцы дзіцячага садка адпрацавала 17 гадоў), нядаўна выйшла на заслужаны адпачынак і вярнулася да матулі ў родную хату.
–Якая гэта асалода цешыцца радзімым куточкам, любавацца ўсходам сонца і слухаць шум хваляў, сустракацца з вяскоўцамі, – прызналася Ірына Войтка. – Сённяшняя гасцёўня для меня сапраўдны падарунак, так як я разам з аднасяльчанамі буду цешыцца мілагучнасцю роднай мовы.Цікава было даведацца, што вершы нашай зямлячкі надрукаваны ў шэрагу зборнікаў – “На Нёманскай хвалі”, “Паланэз”, “Пад гукі паланэза”, “Бацькаўшчына”, штогодніку “Дзень паэзіі” і інш. Ірына Антонаўна стала складальнікам і рэдактарам літаратурнага альманаха “Старонка”, у які аб’яднала паэзію таленавітых сланімчан.
Сваімі цудоўнымі вершамі, у якіх прызнаецца ў любові да Зэльвеншчыны, Караліна, Слоніма, увогуле Беларусі, разважае над сэнсам і духоўнасцю жыцця, якія прысвячае бацькам і сяльчанам, пейзажнымі замалёўкамі і празаічнымі творамі паэтэса расчуліла аўдыторыю да слёз.

Любоў да роднага слова настолькі аб’яднала ўдзельнікаў сустрэчы, што практычна кожнаму захацелася прадэкламаваць свае любімыя вершы. Душэўна ўспрынялі каралінцы выступленне мясцовых жыхароў Мікалая Карпука, Валянціны Раманчук, Тамары Пачынчык. У іх выкананні прагучала патрыятычная тэматыка.

Літаратурная імпрэза завяршылася пажаданнямі, каб мілагучнае роднае слова дарыла людзям спагаду і разносілася над прасторамі краіны. Больш падрабязна з вершамі мясцовых паэтаў наведвальнікі філіяла змаглі пазнаёміцца на імпрэзаванай пад адкрытым небам кніжнай выставе.

Комментарии отключены