Перастала біцца сэрца зэльвенскага паэта Юрыя Голуба. Успаміны землякоў, прысвечаныя памяці таленавітага чалавека
12 кастрычніка 2020 года перастала біцца сэрца выдатнага чалавека, таленавітага паэта, нашага земляка Голуба Юрыя Уладзіміравіча.

Юрый Уладзіміравіч (Юрка Голуб) нарадзіўся 20 кастрычніка 1947 года на Зэльвеншчыне – у вёсцы Горна, у сялянскай сям’і.
Вучыўся ў Зэльвенскай СШ. Пасля заканчэння філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1970 г.) працаваў рэдактарам на Гродзенскай студыі тэлебачання, загадчыкам аддзела культуры абласной газеты «Гродзенская праўда». У 1979 годзе ўзначаліў аддзел мастацкага вяшчання Гродзенскага абласнога тэлебачання і радыё. Быў вядучым тэлепраграмы «Гродзеншчына літаратурная».
У 1963 годзе Юрый Уладзіміравіч пачаў друкавацца ў раённай газеце “Праца”. Праз два гады яго вершы пабачылі свет на старонках рэспубліканскіх выданняў. Юрка Голуб з’яўляецца аўтарам зборнікаў паэзіі «Гром на зялёнае голле», «Дрэва навальніцы», «Векапомнае поле», «Помню пра цябе», «Сын небасхілу», «Поруч з дажджом», «Зажураны камень. Трыялеты», «Брама зімы», «Багра», «Краявід» і інш. Ён аўтар кніг для дзяцей «У бары грыбы бяры» і «Птушыны радавод». Ён тварыў з адметным почыркам і ладам, выступаў не толькі як паэт, але і як празаік, і перакладчык.
З 1971 года – член Союза пісьменнікаў СССР. 10 гадоў узначальваў Гродзенскую абласную арганізацыю Саюза беларускіх пісьменнікаў. Лаўрэат літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова.
Юрый Уладзіміравіч вельмі любіў сваю малую радзіму, лаканічна і ўзнёсла праслаўляў яе ў сваіх вершах і прозе. Часта наведваўся на Зэльвеншчыну, выступаў пераз зэльвенскай аўдыторыяй, быў жаданым госцем на брэндавых масавых мерапрыемствах.
Светлая памяць аб Юрыі Уладзіміравічу назаўсёды захаваецца ў сэрцах землякоў і ўсіх, хто яго ведаў.
Успаміны землякоў
Аднакласнік
Юра прыйшоў у наш клас Зэльвенскай сярэдняй школы пасля Горненскай пачатковай. Не адразу, але з цягам часу прывык да мнагалікай арміі аднагодкаў. Прыглядаўся да хлопчыкаў і дзяўчынак – выбіраў сяброў. Нечакана для мяне аднойчы папрасіў паслухаць і ацаніць яго першыя рускамоўныя вершы. Хоць і сам вучыўся добра, але, відаць, лічыў, што выдатніца лепш разбіраецца ў паэзіі. Нават даверліва папрасіў запісваць для яго адпавядаючыя майму густу словы-рыфмы.
А потым, па рэкамендацыі настаўніка роднай мовы і літаратуры, пачаў пісаць па-беларуску. Не памятаю, хто з настаўнікаў пачаў ладзіць сустрэчы з намі беларускіх пісьменнікаў, але вечары тыя запомніліся нам на ўсё жыццё. На адным з паэтычных вечароў госці папрасілі выступіць і пачынаючых паэтаў. І наш сарамлівы Юрка выйшаў на сцэну, збянтэжыўшы і нас, аднакласнікаў, сваёй нечаканай рашучасцю. Прачытаў некалькі першых вершаў і зацікавіў імі прафесіяналаў. Юрка пачаў друкавацца ў раённай газеце “Праца”.
Пасля школы Юра без цяжкасцей стаў студэнтам БДУ, я – Гродзенскага медыцынскага. Бачыліся рэдка, але калі выпадала такая магчымасць, моцна радаваліся, дзяліліся ўражаннямі ад студэнцкага жыцця.
Добра памятаю нашу сустрэчу пасля 25-гадовага заканчэння школы. Быў на ёй і Юра Голуб, ужо знакаміты на ўсю Беларусь паэт. Але важнасці, зорнасці ў ім не было ніколі. Такі ж сціплы, дружалюбны, як і ў школе. Неяк папрасіў мяне: “калі дачуешся пра творчых маладых зэльвенцаў, звані мне, і я падтрымаю землякоў”.
Я – медык, і не магу судзіць пра творчасць Юркі Голуба прафесійна. Як чытач я знаходжу ў ім нешта агульнае з Маякоўскім. Ганаруся сваім аднакласнікам! Светлая яму памяць!
Пазнавальны голас
Я крыху маладзейшы за Юрыя Уладзіміравіча Голуба. З ім разам вучылася мая сястра Марыя, таму я добра ведаў пра яго справы як пачынаючага паэта. Спрабаваў пісаць і сам, і гэта тэма не была мне нецікавай. Сачыў за публікацыямі вершаў земляка ў “раёнцы”. І не толькі падчас вучобы ў школе. Курсантам Рыжскага вайсковага вучылішча прыязджаў на канікулы да бацькоў і заўсёды шукаў творы Голуба ў розных выданнях.
Потым мы доўга не бычыліся, бо лёс вайскоўца закінуў мяне ажно ў Сібір. Але я выпісваў часопіс “Полымя” і заўсёды радаваўся, калі сустракаў там імя свайго земляка.

Калі вярнуўся ў Беларусь і асеў на Ганцаўшчыне, нашы стасункі ўзнавіліся, хоць, вядома, былі яны ў асноўным тэлефонныя. Юрый Уладзіміравіч вельмі шкадаваў, што я жыву не на гарадзенскай зямлі. “А то я не магу ўключыць твае творы ў нашы зборнікі. А ўключыў бы з вялікім задавальненнем”, – не раз казаў па тэлефоне. Дасылаў мне свае зборнікі з цёплымі дарчымі надпісамі.
Вельмі шкада, што не пабачу яго болей і не пачую такі пазнавальны голас. Голас таленавітага паэта і чуйнага чалавека.
Спі, дружа, наша сям’я з тваёй сям’ёй у адзіным горы.
Пры расставанні – аб сустрэчах
Асабістых сустрэч з Ю.У.Голубам было няшмат. Затое з паэзіяй – мноства. Напрыклад, падчас знаходжання на курсах павышэння кваліфікацыі ў Гродна прысутнічала на вечары паэзіі гродзенскіх творцаў, сярод якіх быў і Юрый Уладзіміравіч. Не раз чула яго выступленні са сцэны раённага Дома культуры. Аднак падыйсці да яго і пазнаёміцца асабіста неяк бянтэжылася. А вось калі стала працаваць бібліятэкарам у школе, у якой калісьці вучыўся ён, пачала шукаць нагоды для бліжэйшага знаёмства. Тым болей, што з 1997 года рэгулярна арганізоўвала сустрэчы з мясцовымі паэтамі, а потым, дзякуючы Уладзіміру Мазго, і з творцамі з усёй Беларусі. Магчымасць сустрэцца з Юркам Голубам надарылася ў 2003 годзе. Незадоўга да гэтага невялікім тыражом выйшла яго кніга “Поруч з дажджом”, рыхтаваўся пераклад зборніка на польскую мову. Вельмі хацелася паразмаўляць з паэтам, зацікавіць яго творчасцю школьнікаў. Разам з выкладчыцай роднай мовы І.С.Пузач і яе гуртком “Спадчына” падрыхтавалі сцэнарый, вывучылі шэраг вершаў з папярэдніх зборнікаў паэта, не забыліся і пра пытанні да яго. Хваляваліся і дарослыя, і дзеці. Юрый Уладзіміравіч прыняў да ўвагі нашу цікаўнасць, шмат расказваў пра гады студэнцтва, удзел у літаратурным аб’яднанні “Узлёт”, хвалюючае выступленне “узлётаўцаў” на рэспубліканскім радыё. Пра лёс пасля вучобы пажартаваў: “Фізічна старэў, а каб не дапускаць душэўнай старасці – пісаў і пішу вершы”.
Жартаваў і тады, калі пачалася прэзентацыя зборніка “Поруч з дажджом”: “Я – прыдворны паэт”, бо ў кожным зборніку прызнаюся ў любові да роднага “двара” – Зэльвеншчыны”. І пацвердзіў сказанае чыткай вершаў з новай кнігі – “Паштоўка”, “Родныя сцены”, “Паездка ў Зэльву”, “Зэльвенская дарога” і інш.
У той час наш зямляк працаваў у “Гродзенскай праўдзе”, таму прасіў тых, хто мае любоў да роднага слова, дасылаць яму ў газету вершы ці замалёўкі.
…Ужо як добрыя знаёмыя мы з Юрыем Уладзіміравічам дамовіліся сустрэцца на 600-годдзі Сынкавіцкай царквы, куды ён ехаў як удзельнік групы паэтаў, што рыхтавалі свае творы да юбілею храма. Мы шмат тады гаварылі аб агульных знаёмых паэтах, іх дасягненнях. На памяць аб тым спатканні ў мяне захоўваецца зборнік “Багра”.
У 2017 годзе адбыліся ажно дзве сустрэчы з паэтам: вясной і восенню. Вясной на спатканне з творцамі Гродзеншчыны прыйшлі члены нашага клуба “Малюся Слову” пры ЦСАН. У мяне ад той сустрэчы – зборнік “Краявід” з дарчым подпісам.
Восенню кола слухачоў пашырылася: раённая бібліятэка да 70-годдзя Юркі Голуба запрасіла ўсіх, хто ведаў земляка ва ўсе перыяды яго жыцця. Было шмат успамінаў пра работу на тэлебачанні, у газеце “Гродзенская праўда”, працу з пачынаючымі паэтамі.
…Да першай сустрэчы ў школе я ў знак удзячнасці і павагі напісала “Трыялет”, якім і хачу закончыць кароткія ўспаміны аб незабыўных спатканнях.
Ты ўзлятай, Галубок, высока,
Над зямлёй свае крылы распраў,
Адшукай маладосць далёкую.
Ты ўзлятай, Галубок, высока,
Каб крынічаньку адшукаў,
Дзе натхненне калісь шукаў.
Ты ўзлятай, Галубок, высока,
Над зямлёй свае крылы распраў.
Наш Галубок і расправіў свае крылы над роднай зямлёй, і злажыў іх у любай зямлі.
Валерыя Селівёрстава (Юрчук)
Аляксей Галаскок
Яніна Шматко
Комментарии отключены