“Не сумаваць, а пазнаваць”: каралінцы знаёмяцца з гісторыяй рэгіёна
Вольны час праводзіць з карысцю – пад такім дэвізам актывісты філіяла цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Зэльвенскага раёна аграгарадка Каралін арганізавалі культурна-пазнавальны тур. Яны наведалі гістарычны музейны пакой, аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры, што знаходзяцца ў Дзярэчыне.

У музейным пакоі людзям залатога ўзросту пашанцавала папоўніць свой кругагляд гістарычнымі імёнамі, датамі і падзеямі. Метадыст цэнтра культуры і народнай творчасці Генадзь Коўш, вялікі прыхільнік і знаўца гісторыі, у тым ліку свайго населенага пункта, ідэйны натхніцель і арганізатар экспазіцый, падрабязна і цікава расказаў аб першых пісьмовых узгадках пра Дзярэчын, версіях паходжання яго назвы, а таксама асноўных уладальніках гэтага прыгожага месца – князях рода Палубінскіх і рода Сапегаў. З захапленнем экскурсанты слухалі аповед аб палаца-паркавым ансамблі, багацці якога параўноўваліся хіба толькі з еўрапейскімі. Цікавасць выклікаў і макет палаца, які зрабіў таленавіты разьбяр, зямляк каралінцаў – Аляксандр Ішчанка. Таксама наведвальнікі пазнаёміліся з калекцыяй рэчаў, датаваных рознымі гадамі мінулага стагоддзя; фотавыставай, на якой адлюстроўваюцца архітэктурныя помнікі, будынкі і падзеі даўніх часоў; копіямі карцін, якія належалі Сапегам, а пазней знайшлі сваё месца ў Эрмітажы.

Пазнаёміцца з народнымі майстрамі Зэльвеншчыны, іх непаўторнымі работамі каралінцы змаглі ў аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры. Загадчыца ўстановы Марыя Жоглік прадставіла некалькі экспазіцый, на якіх знаходзяцца вырабы з саломкі, гліны, драўніны, паперы і іншых падручных матэрыялаў. Шмат эмоцый выклікалі творчыя работы Сяргея Худзяева, Веранікі Жамойцінай, Ліліі Амельянчык, Ірыны Дзерачэнік, Антаніны Пенцяк (народнага майстра Рэспублікі Беларусь), Міхаіла Грынцэвіча, Валерыя Фіцінскага і таго ж Аляксандра Ішчанкі.

Прыемна, што каралінцы не заставаліся пасіўнымі слухачамі і гледачамі, а разам з экскурсаводам успаміналі і абмяркоўвалі віды рукадзелля сваіх маці і бабуль, цікавіліся шляхам пошуку рэчаў побыту, афармленнем экспазіцый, а таксама ўдзелам у святах рамёстваў.


Тамара Пачынчык:
–Здавалася, я добра ведаю гісторыю Зэльвеншчыны. Аднак падчас экскурсій пераканалася, што ёсць з чым знаёміцца, тым больш калі інфармацыя прыпадносіцца так цікава і дакладна. Вялікае задавальненне атрымала ад пачутага і ўбачанага, адчуваю гонар за землякоў, таленавітых і адораных. Раю сваім равеснікам – падарожнічаць і пазнаваць сваю малую радзіму.
Людміла ПОПКА
Комментарии отключены