Гаспадар “Сельгастэхнікі” Іван Габрыянчык
Шмат кіраўнікоў было ў зэльвенскай “Сельгастэхнікі”. Шмат іншых пасад было і ў І.А. Габрыянчыка. І тым не менш, імя Івана Аляксандравіча назаўсёды зраслося з гэтай арганізацыяй. “Сельгастэхніка” – гэта Габрыянчык, Габрыянчык – гэта “Сельгастэхніка”. Так лічаць і будуць лічыць зэльвенцы. (Для зручнасці дзецішча Івана Аляксандравіча мы і будзем называць “Сельгастэхнікай”, хоць і мела яна розныя назвы ў перыяды рэарганізацый). Днямі вядомаму ў раёне (і не толькі!) чалавеку споўнілася 75 гадоў. Добрая нагода згадаць пра яго жыццёвы і працоўны шлях.

З маладых гадоў – старанне і актыўнасць
Родам І.А. Габрыянчык з суседняй Ваўкавышчыны. Вучыўся ў СШ №1 г. Ваўкавыск. Запомніўся старэйшым і малодшым школьнікам і як выдатнік вучобы, і як паспяховы спартсмен. Займаўся некалькімі відамі спорту, але перавагу аддаваў валейболу. Ды так добра гуляў, што ўвайшоў спачатку ў зборную раёна, вобласці, а потым і рэспублікі. У год заканчэння школы атрымаў два залатых медалі: як выпускнік школы і як член зборнай БССР па валейболу за перамогу ва Усесаюзных спаборніцтвах.
Аднак прафесійнае жыццё са спортам не звязаў. Без праблем стаў студэнтам Беларускага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі, авалодаў прафесіяй інжынера. (Усе пяць гадоў навучання заставаўся членам зборнай рэспублікі па валейболу). Падчас вучобы сустрэў і сваю суджаную, ажаніўся і стаў бацькам. Разам з жонкай-медыкам і маленькім сынам у 1968 годзе прыехаў па размеркаванні ў Зэльвенскі раён. Маладога інжынера накіравалі ў саўгас імя XVIII партз’езда. Працаваў там тры гады, быў заўважаны і ацэнены раённым кіраўніцтвам і пераведзены (таксама як інжынер-механік) у раённае ўпраўленне сельскай гаспадаркі Зэльвенскага райвыканкама.
Напэўна, выпадковым у жыцці не бывае нічога. Праца з інжынернымі службамі калгасаў раёна вельмі дапамагла Івану Аляксандравічу ў недалёкім будучым, калі яго назначаюць упраўляючым Зэльвенскага раённага аб’яднанння “Сельгастэхніка”. Як пакажа час, гэта стане самым жыватворным тандэмам і для арганізацыі, і для кіраўніка.
Гаспадар “Сельгастэхнікі”
Як ужо адзначалася, “Сельгастэхніка” за сваю гісторыю не раз мяняла назву, але яе галоўнае прызначэнне заставалася нязменным – тэхнічнае забеспячэнне разнастайных патрэб усіх гаспадарак і служб раёна.
Што ж сабой уяўляла гэтая арганізацыя ў час працы там Габрыянчыка? – Адразу адзначым, што ні ў якое параўнанне са сваёй прамаці – МТС 40-50-х гадоў – не ішла. У 70-80-ыя гады гэты быў сапраўдны сельскагаспадарчы завод са сваімі цэхамі-падраздзяленнямі, са сваімі задачамі і штатамі.
Станцыю тэхнічнага абслугоўвання ўзначальваў І.М.Парфенчык. Пабудавана яна пры Габрыянчыку. Тут “лячылі” не толькі свае аўтамабілі, але і ўвесь машынны парк раёна. Станцыя тэхнічнага абслугоўвання трактараў прымала “пацыетаў” (“кіраўцаў”, Т-150 і інш.) з усіх калгасаў. Бездакорную работу арганізоўваў А. Прохараў. Інжынеры-дыягносты па графіку выязджалі ў гаспадаркі раёна. Як вопытныя лекары аглядалі кожны трактар, выяўлялі пагрэшнасці ў яго стане і выносілі вердыкт. Калі непаладкі былі несур’ёзнымі, калгасныя майстры са сваімі інжынерамі выпраўлялі заганы. Калі ж трактару патрабавалася сур’ёзнае “лячэнне”, афармлялі дакументы на яго дастаўку і рамонт на базе СХТ. Вельмі вопытнымі дыягностамі былі інжынеры Ю. Маняк, М. Сцяцко, В. Сямашка. На месцы інжынер-рацыяналізатар П. Маркушэўскі прапаноўваў свае метады выпраўлення непаладкаў. А ўмовы для гэтага былі самыя на той момант сучасныя. Вытачаную, высверленую, звараную дэталь дэталёва правяралі на стэндах.
Аддзел аўтатранспарту (кіраўнік У.І. Агей) быў, бадай, самым папулярным сярод вадзіцеляў. Аўтамабілісты мелі работу круглы год. Самыя вопытныя маглі разлічваць на камандзіроўкі ў Расію ці Украіну, а гэта неблагія заробкі!
Рамонтная майстэрня В.Я. Рапніцкага славілася на ўвесь вялікі Саюз. Тут давалі новае жыццё матацыклам розных мадыфікацый (і беларускіх заводаў, і расійскіх), рамантавалі падвескі да “Масквічоў”. А яшчэ мелі спецыяльныя станкі для вырабу металічных сетак для агароджы.
Не былі забыты “Сельгастэхнікай” і работнікі ферм. Спецыяльна для іх абслугоўвання стварылі два падраздзяленні: АЖФ (абслугоўванне жывёлагадоўчых ферм, кіраўнік І.І. Пяцько) і ГРУ (гаспадарча-разліковы ўчастак, кіраўнік І.А. Станкевіч). Як і дыягносты А. Прохарава, рабочыя гэтых падраздзяленняў выязджалі на фермы. Абследавалі даільныя апараты, транспарцёры і іншыя механічныя прылады, вызначалі ступень пашкоджання, што ўстаранялі на месцы, а што везлі на сваіх “лятучках” на базу.
Пад камандай В.А. Пачынчыка спраўна працавала брыгада будаўнікоў. Будавалі шмат: узвялі інтэрнат для сваіх рабочых, сталовую, некалькі шматкватэрных дамоў, кацельную… Пра кацельную трэба сказаць асобна. Спачатку яна працавала на мазуце і задавальняла патрэбы ўсіх падраздзяленняў. А калі ў Зэльву прыйшоў прыродны газ, Іван Аляксандравіч страціў спакой. Колькі каштавала яму сіл і здароўя дабіцца пераводу кацельнай на газ, – ведае толькі ён. Ветку трэба было весці праз чыгуначнае палатно, уяўляеце, што гэта значыць?! Колькі інстанцый трэба было задзейнічаць, каб дабіцца дазволу?! Як удзячны былі кіраўнікі раёна Габрыянчыку, калі крыху пазней будавалі СШ №3 і змаглі падключыць гэтую ўстанову адукацыі да прыроднага газу…
А колькі ўдзячных слоў выказвалі рабочыя свайму кіраўніку за сталовую! Тры аўтобусы штодзённа звозілі з вёсак раёна цэлую армію людзей. З дому выязджалі рана, дамоў вярталіся позна, і як добра было нядорага паабедаць ды і прыкупіць нешта ў буфеце.
Да 1982 года ў складзе СХТ знаходзілася і падраздзяленне сельгасхіміі са складам мінеральных угнаенняў (кіраўнік А.М. Кароль) і спецыялізаванай тэхнікай для вапнавання і ўгнаення глебаў.
Усе падраздзяленні не маглі існаваць і аказваць дапамогу калгасам, калі б не наладжаная работа базы забеспячэння (кіраўнік М.І. Бязносік). Своечасова заказаныя і ў час дастаўленыя запасныя часткі дазвалялі працаваць у спакойным рабочым рытме ўсе названыя службы.
Як жа ўдавалася Івану Габрыянчыку весці сваю гаспадарку так паспяхова, столькі пабудоў узводзіць гаспадарчым спосабам, так зарэкамедаваць арганізацыю, што слава пра яе перакрочыла межы раёна, а стаць членам вялікай каманды стала гонарам для зэльвенцаў? – Спрыяла поспеху, вядома, добрая падрыхтоўка ў інстытуце, вопыт работы ў саўгасе і ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі, маладая энергія 30-40-гадовага чалавека. Але ж не толькі тут прычына. Галоўнае, здаецца, у адносінах да людзей. Павага, справядлівасць, праўдзівасць – вось чым кіраваўся Іван Аляксандравіч. Калі падначалены не баіцца кіраўніка, смела гаворыць аб усіх праблемах, то і праблемы сумесна вырашаюцца своечасова і якасна. А назапасіцца кораб тых праблем – без аўрала не абыйдзешся. Вось і не дапускаў Габрыянчык аўралаў. Штодзённыя праблемы на планёрках абгаворваліся спакойна. Бессэнсоўных разносаў кшталту “Ты куды глядзеў?” – не было. “Як думаеш выправіць становішча?”, “Ці патрэбна наша з галоўным інжынерам дапамога?” – вось яго крэда ў адносінах да складаных пытанняў.
Ён давяраў людзям, людзі давяралі яму. Вельмі цаніў І.Ф. Насуту, які некалькі гадоў быў яго намеснікам, А.П. Скібу, галоўнага інжынера, высокакваліфікаванага спецыяліста і выдатнага чалавека. Давяраў інтуіцыі кадравіка І.В. Сергіевіча, які займаўся падборам людзей на вакантныя месцы. (А прэтэндэнтаў хапала, хоць і працавала ў тыя гады ў арганізацыі ад 400 да 600 чалавек. У аднаго У.І. Агея штат вадзіцеляў вагаўся ад 150 да 160 чалавек).
Заўсёды цікавіўся справамі вучэбнага камбіната, дзе рыхтаваліся і перападрыхтоўваліся кадры (адказны – сакратар партыйнай арганізацыі В.А. Храпуноў).
І, як сцвярджаюць усе, хто працаваў з І.А. Габрыянчыкам, збояў у працы не было. Своечасова прывозілі і адвозілі рабочых, якасна рамантавалі тэхніку, узводзілі шматпавярховікі і забяспечвалі жыллём згодна чаргі, выдавалі добрую зарплату, прэміравалі лепшых, наладжвалі адпачынак і г.д.
90-ыя ў лёсе Габрыянчыка
Рашэннем першай сесіі раённага Савета 21 склікання ад 22.03.1990 г. І.А. Габрыянчык быў абраны старшынёй Зэльвенскага раённага Савета народных дэпутатаў. Час складаны: перамены дыхалі ў твар кожнаму, неслі з сабой спадзяванні на незалежнасць і свабоду, але і патрабавалі вялікага напружання. Да напружанай працы Габрыянчыку не прывыкаць, таму ўвесь пагрузіўся ў клопаты цяпер ужо не адной арганізацыі, а ўсяго раёна. Праблем было больш чым дастаткова. У адной звязцы з вопытным упраўленцам М.П. Дзянішчыкам (праз год Габрыянчык стане яго намеснікам) яны стараліся накіраваць вецер перамен у патрэбным для раёна кірунку. Шмат рабілі для духоўнага адраджэння: менавіта ў гэтыя гады людзі звярталіся за дапамогай у аднаўленні храмаў. Моладзь актыўна шукала гістарычныя карані нацыі, родная мова няўхільна займала падабаючае ёй месца.
Хацелася як мага болей рабіць для захавання ў рамках сваёй тэрыторыі самастойных прадпрыемстваў і арганізацый. Удалося стварыць свой аўтапарк – не філіял ад Слонімскай аўтакалоны, а зэльвенскі АТП-19. Іх з Міхаілам Паўлавічам настойлівасць і энтузіязм П.С. Летуна зрабілі сваю справу: больш сотні чалавек працаўладкаваліся ў аўтапарк.
З лютага 1995 г. І.А. Габрыянчыка пераводзяць на пасаду першага намесніка старшыні выканаўчага камітэта, што азначае вяртанне да знаёмай яму працы ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі. Тут, хоць і не на кіруючай пасадзе, Іван Аляксандравіч будзе працаваць да выхаду на пенсію.
Муж, бацька, дзядуля
У Івана Аляксандравіча і яго жонкі Валянціны Сцяпанаўны – сын і дачка, якія даўно стварылі свае сем’і. Жонка, на жаль, не дачакалася ўсіх нашчадкаў, з якіх цешыцца Іван Аляксандравіч. У сына Ігара двое дзяцей і пяцёра ўнукаў. У дачкі Наталлі – двое сыноў. Значыць, у Івана Аляксандравіча – чацвёра ўнукаў і пяцёра праўнукаў. Неблагая сямейка!
І дзеці, і ўнукі з праўнукамі ганарацца сваім бацькам і дзядулем. Берагуць у душы свае ўспаміны, радуюцца добрым водгукам зэльвенцаў пра дарагога чалавека. Калі збіраюцца разам, перабіраюць фотаздымкі, беражліва перагортваюць шматлікія ганаровыя граматы, зноў і зноў разгладжваюць вокладкі самых дарагіх узнагарод: ордэнаў Працоўнага Чырвонага Сцяга і Дружбы народаў. Дастойныя ўзнагароды для дастойнага чалавека!
Яніна Шматко
Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Комментарии отключены