Назад у гісторыю: як жылі паны Банцкевічы
Калісьці непадалёк вёскі Войневічы цяперашняга Крамяніцкага сельсавета сярод густога лесу згубілася невялікае пасяленне Мацкелеўшчына. Дзевяць нізенькіх старых хацінак, крытых саломай, цесна прытуліліся адна да адной. Гэта жыллё парабкаў. Побач узвышаўся прыгожы дом, у якім ужо многа гадоў жылі прадстаўнікі славутага роду Банцкевічаў. Многія пакаленні выхадцаў з Польшчы лічылі крамяніцкую зямлю сваёй малой радзімай.

1923 год… Сярод парабкаў пана Банцкевіча была маладая пара – Франак і Гандзя Палубкі. Яны нарадзіліся тут, у двары, тут выраслі, тут і пажаніліся (з дазволу пана). Ім было выдзелена жыллё. На пана яны і працавалі. У 1923 годзе ў сям’і Палубкоў нарадзіўся першынец Янка. Менавіта ён расказаў нам гэтую цікавую гісторыю пра ўладальнікаў Войнеўскага двара, пра старога пана і гаспадара Івана Францавіча – пана Леапольда.
Панскі дом быў вялікі і прасторны (10 на 16 метраў), крыты ўжо гонтай, прывезенай з-за мяжы. У пакоях стаялі мэбля з натуральнага дрэва (пан аддаваў перавагу дубовым гарнітурам і камодам) і кафляныя ўзорыстыя печы. Чысцінёй і практычнасцю вылучаліся кухня і сталовая: дарагі посуд, крэслы і стол у стылі барока, зробленыя на заказ у Польшчы. Стравы гатавала кухарка Юзэфа з вёскі Дзеркачы, а пакоі прыбіралі дзяўчаты-пакаёўкі з парабкаў. Адмыслова была аформлена зала для правядзення святаў і баляў. У доме стаялі два фартэпіяна нямецкай вытворчасці. Музыкай вельмі любіла займацца пані Янка. Будучы прадстаўніцай аднаго з багатых польскіх родаў, яна мела добрае выхаванне і адукацыю, валодала некалькімі мовамі, цудоўна спявала. Ды й па характары яна была спагадлівай, ціхай, спакойнай, справядлівай. Сам пан Леапольд быў старэйшым сынам Банцкевіча, займаўся сельскай гаспадаркай, другі сын, малодшы, працаваў следчым у Вільні. Калі стары гаспадар памёр, спадчына перайшла да Леапольда (дарэчы, у старога пана было пяцёра дзяцей, трое з іх памерлі ва ўзросце 8-і, 6-і і 4-х гадоў, засталіся толькі два сыны). Бацька Леапольда з дзецьмі пахаваны на крамяніцкіх могілках у фамільным склепе. Крыж на магіле і сам надмагільны камень былі зробленыя ў Варшаве і дастаўленыя сюды ўзімку на санях. Полька (так ласкава называлі парабкі свайго пана) быў надзвычай добрым чалавекам, нескупым і справядлівым. У 1923 годзе яму было прыкладна пяцьдзясят гадоў. Часта сяляне маглі бачыць яго за звычайнымі справамі: доглядам саду, кветак, газонаў. Пан сам любіў падстрыгаць кусты, падраўноўваць дарожкі. Дзяцей сваіх у Леапольда і Янкі не было, таму на святы часта парабкоўскія дзеці атрымлівалі пачастункі і нават злотыя. Парабкі (а іх было дзевяць сямей) не наракалі на свайго гаспадара: працы хапала, але і плата за яе была добрая. Гаспадарка пана мела 35 кароў, 16 коней, дзясяткі са два свіней, былі авечкі, мноства птушак (індыкі, гусі, качкі, куры), 2 сажалкі, а ў ёй дастаткова рыбы. Кожная парабкоўская сям’я адказвала за пэўную жывёлу. Бацькі Івана Францавіча клапаціліся аб каровах. Прычым сем’і парабкаў трымалі па 2-3 каровы, столькі ж свіней, а таксаму птушку асобна ад панскай жыўнасці, толькі коньмі пана карысталіся.

Франак Палубок пасвіў панскія каровы разам са сваімі. У 1934 годзе яго сын Іван пачаў наведваць польскую школу ў Аўдзеевічах (пан дазваляў дзецям вучыцца, калі бацьку не была патрэбна дапамога). Аднак праз 2 гады хлопчык вымушаны быў пасвіць каровы разам з бацькам (яму было прыкладна шэсцьдзясят гадоў і аднаму выконваць гэту работу прыходзілася ўжо цяжка). Потым бацьку змянілі меншыя браты Івана Уладак і Казік. За тое, што пасвілі каровы, пан плаціў бацьку на год – 70 пудоў жыта (1 пуд = 16 кг), 200 кг ячменю і 200 кг пшаніцы, садзіў 50 сотак бульбы і даваў 100 злотых грошай, а падпаскам-сынам – палову гэтай нормы. У хаце заўсёды быў дастатак. Жанчыны за працу па гаспадарцы атрымлівалі грошы.
У Банцкевічаў было 180 гектараў зямлі. Гэта і ворная, і паша, і лес. Апрацоўвалі ўсё лю-дзі з суседніх вёсак Войневічы, В е й шы ч ы, Ч ы р чы ч ы , Кандакі, Лебяды, Марцінавічы. Часамі, у гады ўраджаю, наведваліся і сяляне з далейшых вёсак. Разлічваў панскі аканом пасля працы пад вечар. У залежнасці ад ураджайнасці і плата кожны сезон была рознай. Леапольд Банцкевіч дазваляў парабкам збіраць ягады, грыбы ў лесе, лавіць рыбу і паляваць на звера, але зноў жа ў залежнасці ад ураджаю была ўстаноўлена норма на чалавека (кожны сезон розная). Паводле ўспамінаў Івана Палубка, галадаць за панам не даводзілася. А вось потым было ўсяго. Увесь лішак прадукцыі ад панскай гаспадаркі (пан забіраў лішкі і ў парабкаў, разлічваўся з імі злотымі) – малако, сыр, масла, тварог, мяса (цяляты ішлі на мяса), яйкі, птушка – кожны дзень спецыяльныя падводы вазілі ў Ваўкавыск і здавалі оптам яўрэям, якія трымалі крамы. Атрыманыя грошы пан клаў на спецыяльны рахунак у банк, купляў неабходнае для гаспадаркі, разлічваўся за працу.

У 1930-я гады ў маёнтку была конная касілка, малатарня, дзве брычкі і сані для пана і пані. У 1938 годзе пан Леапольд купіў машыну, на якой пані Янка любіла ездзіць у госці. Шафёрам быў Адаль Масюк, хлопец з парабкоўскай сям’і. Звычайна пані любіла праехацца па навакольных вёсках і часта бывала ў Ваўкавыску.
Паны Банцкевічы жылі ціха і спакойна, балі ладзілі толькі на вялікія святы (былі глыбока веруючымі людзьмі). Не імкнуліся яны выхваляцца перад суседзямі – панамі з Дзергілёў, Мадзейкаў, Князева, Струбніцы, Пляцянічаў і іншых маёнткаў. Ніколі не адмаўляў пан у просьбах парабкам, даваў грошы і прадукты на вострыя патрэбы і верыў, што доўг будзе вернуты. Работнікаў сабе адбіраў вельмі ўважліва, таму амаль не было выпадкаў крадзяжу і падману. Калі ж чалавек не апраўдваў давер Полькі Банцкевіча, гаспадар выклікаў яго да сябе, тлумачыў, за што выганяе з двара, даваў тры месяцы, каб вінаваты мог наняцца да іншага пана, а ўвесь гэты час карміў яго сям’ю і плаціў грошы ў якасці дапамогі. На месца сям’і, якая выбыла, заўсёды былі чэргі, каб трапіць на працу да пана Леапольда і атрымаць жыллё, бо далёка чулі і ведалі пра яго шчодрасць.
У 1939 годзе ўвосень, успамінае Іван Францавіч, калі прыйшлі Саветы, пана Банцкевіча выклікалі ў Ваўкавыск і прыгразілі расстрэлам. Але ён прапанаваў сваю машыну ваеннаму камісару, чым і выратаваў жыццё: яму дазволілі выехаць у Польшчу. Леапольд вярнуўся дамоў, расказаў усё жонцы, хутка сабраў рэчы, дакументы, грошы, што былі ў доме, і разам з гаспадыняй выехаў у Варшаву. Грошы з рахунку банка недзе прапалі.
Панскі дом разрабавалі. Потым у ім хацелі зрабіць праўленне калгаса, аднак пры невядомых абставінах будынак згарэў. Хадзілі чуткі, што пад фундаментам дома былі закапаныя залатоўкі, але пан іх не паспеў забраць, бо ратаваўся ад смерці, а багацце, мяркуюць, забрала кухарка.

Парабкам дазволілі жыць пры двары, а пазней, у 1950-я гады, савецкая ўлада выдзеліла кожнай парабкоўскай сям’і лес на будаўніцтва хат у вёсцы. Іван Францавіч Палубок разам з братам пабудавалі сабе жыллё на ўскрайку Войневічаў.
У час Вялікай Айчыннай вайны, у 1942 годзе, калі палілі вёску Шавулічы, бачылі сярод карнікаў і таго аканома, які працаваў у Банцкевічаў, а ў 1939-м уцёк таксама ў Польшчу. Казалі, прыязджаў у двор і расказваў былым парабкам, што сустракаўся з панамі Банцкевічамі ў Варшаве, і паведаміў, што яны памерлі ў 1941 годзе. Паколькі дзяцей у іх не было, то род па лініі Леапольда Банцкевіча скончыўся.
Ад уладанняў войнеўскіх паноў засталіся толькі слупы ўваходнай брамы ды добрыя ўспаміны старажылаў…
Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Князеўскай СШ Антаніна Скуба
Студэнт Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта Герман СКУБА
Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Комментарии отключены