Юбілей адзначае кіраўнік клуба «Спявай, душа!» Вера Тульвінская
Восенню адыходзячага года споўнілася пяць гадоў з дня заснавання клуба “Спявай, душа!” пры дзённым аддзяленні цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. І ўвесь гэты час нязменным кіраўніком аб’яднання з’яўляецца В.А.Тульвінская. 1 студзеня ў Веры Антонаўны – юбілей. Задоўга да гэтага дня ў рэдакцыю пачалі званіць члены клуба і з захапленнем расказваць пра свайго маэстра. Мы не маглі пакінуць без увагі іх аповеды.

Пра тое, як узнік клуб, расказала загадчыца згаданага аддзялення ЦСАН Н.С.Глушэня.
“Вера Антонаўна была акампаніятарам у клубах “Радасць зносін” і “Сярэбраная нітка”, якія дзейнічалі ў цэнтры яшчэ да стварэння нашага дзённага аддзялення, – гаворыць Наталля Сяргееўна, – таму мы добра ведалі яе здольнасці і любоў да музыкі. Калі выдзеліліся ў асобную структуру і пачалі самі арганізоўваць вольны час сваіх наведвальнікаў, вядома, звярнуліся за дапамогай да Тульвінскай. Яна адгукнулася адразу, без усякіх умоў, як валанцёр, і добра ведаючы кожнага наведвальніка (практычна ўсе члены былых клубаў ЦСАН сталі актывістамі нашага аддзялення), працягвала аздабляць святочныя сустрэчы пажылых. І я прапанавала Веры Антонаўне стварыць песенны клуб, нават назву “падкінула” – “Спявай, душа!”. Вера Антонаўна падумала-падумала і згадзілася. Цяпер з яшчэ большай увагай прыглядвалася яна да кожнага наведвальніка, заахвочвала да ўдзелу ў клубе. Вельмі хутка клуб стаў своеасаблівай візіткай нашага аддзялення. Едзем у Мадзейкі – Вера Антонаўна прадумвае цікавую праграму, рыхтуемся да сустрэчы з калегамі другіх раёнаў – без Веры Антонаўны ніяк! Святы на раённай сцэне таксама без клуба Веры Антонаўны не абыходзіліся. Нават зараз, калі мы не можам сабраць у сябе шмат людзей, Вера Антонаўна адзін дзень рэпеціруе з 2-3 членамі свайго клуба, другі дзень – з наступнай двойкай-тройкай.
“Каб былі ў форме, як вірус уцячэ”, – смяецца Вера Антонаўна”. Мы вельмі ўдзячны ёй і яе таленавітым памочнікам. Жадаем ім не паддавацца хваробам, верыць у шчаслівы зыход цяжкіх выпрабаванняў і паўнавартасныя сустрэчы ў нашым аддзяленні. З юбілеем, Вера Антонаўна! Вялікі дзякуй за ўсё!”.

Члены песеннага клуба згадваюць пра свае выступленні на розных пляцоўках і падрыхтоўку да іх.
“Выйсці на сцэну, хай і самую маленькую, хай перад некалькімі гледачамі (як, напрыклад, у вёсцы Акцябрскай) непадрыхтаванымі для Веры Антонаўны проста немагчыма, – гаворыць Е.А. Артурава. – Да кожнага выступлення яна рыхтуе нас доўга і старанна. Абавязкова піша сцэнарый. Калі падбірае сольную песню, улічвае магчымасці кожнага з нас. У цёплую пару гэтага непрадказальнага года Вера Антонаўна збірала свой калектыў у нашай з сынам вінаграднай альтанцы, захоўваючы ўсе меры перасцярогі. Не можа яна дапусціць, каб мы не падрыхтавалі нешта новае або каб забыліся на стары рэпертуар”.
“Вера Антонаўна навучыла мяне трымацца на сцэне, – дадае Г.Ф.Андрэева. – Раней, хоць і мела вопыт выступлення, трымалася занадта сур’ёзна і скавана. А зараз – зусім іншая справа. Выходзіш на сцэну ўпэўнена, бо ведаеш – побач твой дарадца. Яна вельмі турбуецца за рэпертуар. Глядзіць музычныя перадачы, запісвае песні, якія потым прапануе нам. Мы давяраем яе густу. Ды і самі прывыклі сачыць за навінкамі”.
“Не дае зачарствець нам душою,– усміхаецца З.Ф.Пазняк. – Іншы раз так не хочацца ісці на рэпетыцыю, бо хваробаў у нас, вядома ж, больш чым дастаткова, а Вера Антонаўна то з аднаго боку да цябе падыдзе, то з другога. І не супакоіцца, пакуль не выцягне цябе са стану абыякавасці”.
“Гэта так, – пацвярджаюць С.С. Прызван, Я.І. Ганчарэнка і Н.М. Жамойціна, – неўгамонная наша Вера Антонаўна. Акрамя песень, і танцы лёгкія нам прапануе, адпрацоўваючы ўсе рухі да дасканаласці. І ўсё для таго, каб нашы выступленні не былі аднатыпнымі, а ўвесь час дапаўняліся новымі элементамі. То папросіць быць партнёршай па танцы М.І.Пазнанскаму Станіславу Прызван, то Алену Пайзулаеву, то ўсю групу навучыць паўзабытым танцам”.
А.А. Пайзулаева, напэўна, найчасцей кантактуе з Верай Антонаўнай, бо яна і вядучая, і танцор, і пявуння. “Як толькі Вера Антонаўна нешта новае прыдумае, – кажа Алена Альбінаўна, – адразу звоніць мне, раіцца, як лепей прадставіць той ці іншы нумар. Чытае новы верш і просіць ацаніць яго, дзеліцца задумкамі. Яна – наша дарадца, наша натхняльніца, і дай Бог ёй добрага здароўя на доўгія гады”.

Адзіны мужчына калектыву М.І. Пазнанскі, як сапраўдны рыцар, званіў у рэдакцыю некалькі разоў, усё хваляваўся, ці павіншуем мы Веру Антонаўну. “Яна ж пра ўсіх нас непакоіцца, – тлумачыць прычыны званкоў Міхаіл Іванавіч,– то ў савет ветэранаў звяртаецца, каб не забыліся пра юбіляра клуба, то да загадчыцы аддзялення звоніць, каб неяк падзякавалі каму-небудзь з нас. Ведаю, што і ў рэдакцыю не раз званіла, каб расказалі ў “Працы” пра наш клуб. Вельмі турбуецца пра нас. Дзе мы толькі не выступалі?! Яна ўмее знайсці для нас і сцэну, і слухочоў. Нават у суседнім раёне – Ваўкавыскім – мы дзякуючы ёй сталі да пандэміі частымі гасцямі”.
Да работнікаў і наведвальнікаў дзённага аддзялення далучаецца былая загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі раённай бібліятэкі В.Л.Масюк. “Зараз ужо і не згадаеш усіх нашых мерапрыемстваў, якія дапамагала нам рыхтаваць Вера Антонаўна, – успамінае Валянціна Людвікаўна. – А клуб “Восень жыцця” ўвогуле без яе ўдзелу немагчыма ўявіць. Мы ж не толькі ў сценах бібліятэкі сабіраліся. Часта віншавалі ветэранаў вайны з юбілейнымі датамі. Як тут было без музыкі?!”.
Самыя сардэчныя пажаданні ад усіх, хто ведае Веру Антонаўну, – згаданых тут і незгаданых. Здароўя і моцы духу! Так трымаць, маэстра!
Верачка, Вера Антонаўна,
Што табе сёння сказаць?
Што ў гэты дзень светлазорны
Можам табе пажадаць?
Слаўная, мілая, добрая,
Хочам сягоння сказаць,
Як жа ўсім ты нам дорага,
Сонейкам ясным назваць.
Толькі ласкавыя, цёплыя
Словы ты можаш пачуць,
Бо і сама светлым талентам
Усіх можаш сэрцам адчуць.
Верачка, Вера Антонаўна,
Што засталося сказаць? –
Шчасця вялікага, поўнага
І ста гадоў пажадаць!
P.S. Гэтымі радкамі на музыку вядомай песні “Я назову тебя зоренькой” мы віншуем Веру Антонаўну з юбілеем.
Яніна ШМАТКО
Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Комментарии отключены