Радасць і смутак. Зэльвенскія каталікі віншуюць святара і распачынаюць Трыдуум пасхальны

Апошнія тры дні Велікоднага посту называюць святым пасхальным Трыдуумам. Касцёл адзначае найбольшую таямніцу нашага адкуплення і ў асаблівых цэрэбрацыях успамінае ўкрыжаванне, пахаванне і змёртвыхпаўстанне Пана Езуса.

У дзень устанаўлення сакрамэнтаў Эўхарыстыі і Святарства парафіяне зэльвенскага касцёла Святой Тройцы сабраліся трошкі раней, каб падзякаваць настаяцеля святыні ксёндза Яцэка Маркеля за тое, што ён у свой час пачуў голас Бога і выбраў шлях служэння Пану. У віншавальным слове вернікі назвалі пробашча Настаўнікам, Дарадцам, Сябрам, які дапамагае шукаць правільнае выйсце са складанай сітуацыі, заўсёды падказвае, падтрымлівае добрым словам і парадай, які сваім прыкладам вучыць любіць Пана Бога, чуць Яго Слова, бачыць Святло Хрыста.

Вячэрняя імша Вялікага чацвярга – гэта пачатак святога пасхальнага Трыдуума, які вернікі будуць перажываць тры дні: чацвер, пятніцу і суботу.

Усе тры дні – гэта найвялікшыя моманты хрысціянскай веры, – звярнуўся да вернікаў ксёндз Яцэк. – Гэта той час, калі мы перажываем за мукі і смерць Езуса. Таму трохдзённы перыяд аб’яднаны ў адзін  – літургічную цэлебрацыю, і яго неабходна правесці ў малітве, у разважанні.

Падчас літургіі каталікі ўзгадалі апошнюю вячэру Пана Езуса з апосталамі, калі Хрыстус устанавіў святыя сакрамэнты – Святарства і Эўхарыстыі. Затым гучна ў выкананні касцёльнага хору і хрысціян загучаў гімн «Хвала на вышынях Богу» і зазванілі званы: сімвалічна першы раз за ўвесь амаль саракадзённы ціхі велікодны перыяд. Пасля такога ўзрушанага моманту ўсё сціхла, вернікі сканцэнтраваліся на Таямніцы мукі і смерці Збаўцы.

З любоўю да нашага адзінага Айца прысутныя нізка схілілі галовы ў час перанясення Найсвяцейшага Сакрамэнту ў спецыяльна падрыхтаванае месца, якое сімвалізуе цямніцу, у тое месца, дзе Езус будзе перажываць мукі. Разам са святаром адгаварылі малітву.

На працягу Вялікай пятніцы, калі Езус будзе ісці апошняй сваёй дарогай,  Крыжовым шляхам, касцёл будзе адчынены для таго, каб кожны жадаючы мог прыкланіцца перад цямніцай і ў цішыні памаліцца перад Сакрамэнтам.

Літургія, у якой будуць узгадвацца мукі Пана, распачнецца вечарам, у 18 гадзін. Падчас імшы адбудзецца адарацыя святога Крыжа не праз пацалунак, як было раней, а ў сувязі з пандэміяй каранавіруса – праз нізкі паклон.

Людміла ПОПКА

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены