Зэльвенскія хрысціяне дзеляцца вялікай радасцю: Хрыстус Уваскрос!
Сённяшні суботні дзень вернікі жылі ў двайным святле – Таямніцы Крыжа і Ўваскрэсення Збаўцы. Шмат хто памаліўся каля грабніцы Пана, а вечарам прыйшоў у святыню, каб праславіць Змёртвыхпаўстанне Хрыста.

У набажэнства Вялікай Ночы ў гэтым годзе былі ўнесены змяненні ў сувязі з пандэміяй і захаваннем санітарна-эпідэміялагічных норм. Але гэта не ў якім разе не адлюстравалася на настроі і душэўных пачуццях веруючых зэльвенцаў. Яны разам са святаром перажывалі пасвянчэнне Пасхалу, якое адбылося пры алтары, а не каля храма.
Велікодная свечка, якая сімвалізуе Змёртвыхпаўстанне Хрыста, пасля пасвянчэнне ксяндзом Яцэкам Маркелям заняла цэнтральнае месца пры алтары. На спеў святара “Святло Хрыстова” парафіяне дружна адказалі: “Дзякуем Богу!”. І сапраўды, кожны ў думках падзякаваў Пана за цуд перамогі жыцця над смерцю, за цуд Уваскрэсення з мёртвых.

Падчас літургіі Ўдзячнасці зачытваліся вельмі важныя словы для кожнага чалавека, над якімі можна было яшчэ раз задумацца і паразважаць. Літургія Слова давала надзею і нагадвала сказанае Панам: “Той, хто верыць у Мяне, нават калі памрэ, будзе жыць!”.



У трэцяй частцы літургіі вернікі аднавілі Сакрамэнт Хросту пры запаленых свечках. Пасля гэтага ксёндз пасвенціў парафіян і прынесеную імі ваду.









На працягу набажэнства гучалі спевы, у якіх праслаўляўся Хрыстус. І вельмі прыгожа загучаў гімн “Вясёлы дзень настаў!”.

Яшчэ адзін узрушаны для ўсіх прысутных момант ночы найвялікшай таямніцы – перанясенне Найсвяцейшага Сакрамэнту да галоўнага алтара. Аб’яднаныя верай у Уваскрэсенне Пана Езуса, сотні зэльвенцаў заспявалі “Цябе, Божа, праслаўляем!”.


Раздзяляючы вялікую радасць і віншуючы парафіян з Пасхай, ксёндз Яцэк пажадаў, каб Пан Езус благаслаўляў усе сем’і, Касцёл, адорваў ласкай і міласэрнасцю, дапамагаў перажыць людзям такі няпросты час. Таксама зачытаў віншавальныя лісты біскупа Аляксандра Кашкевіча, старшыні райвыканкама Дзяніса Альшэўскага і старшыні раённага Савета дэпутатаў Вадзіма Панасіка.
З сапраўднай радасцю ў сэрцы вернікі віншавалі адзін аднаго словамі “Хрыстус Уваскрос! – Сапраўды Уваскрос!”.

Дзяліцца радасцю, якая павінна жыць разам з хрысціянамі, уплываць на іх жыццё, зэльвенцы будуць на працягу святочнай актавы.
Хрыстус Уваскрос! – Сапраўды Уваскрос!
Людміла ПОПКА
Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Комментарии отключены