Летапіс жыцця галоўнага землеўпарадкавальніка раёна Сцяпана Сіневіча
Геаграфію Зэльвенскага раёна Сцяпан Уладзіміравіч Сіневіч ведае і ў тэорыі, і на практыцы, бо і ў некалькіх калгасах працаваў, і садзейнічаў парадку на ўсёй тэрыторыі раёна як галоўны землеўпарадкавальнік.

Адзін з «Залатой дзясяткі»
Сцяпан Сіневіч нарадзіўся ў вялікай сям’і сялян Уладзіміра Якаўлевіча і Анастасіі Сцяпанаўны ў Дзятлаўскім раёне. Быў адным з шасцярых сыноў і шасцярых дачок. Кожны дзень уся вялікая сям’я працавала з усведамленнем важнасці сялянскай работы, яе неабходнасці і пачэснасці. Амаль усе дзеці атрымалі вышэйшую адукацыю, некаторыя – у сельскагаспадарчых ВНУ. Сцяпан таксама закончыў школу і паступіў у сельскагаспадарчы тэхнікум у Бабруйску. (Вышэйшую адукацыю атрымае ў Ленінградскім сельгасінстытуце трохі пазней і завочна).
Авалодванне прафесіяй
Вучыўся юнак паспяхова, хоць і сумяшчаў дзённае навучанне з начной працай на чыгунцы: каб мець магчымасць пракарміць і адзець сябе, часта разгружаў з сябрамі вагоны з рознымі таварамі. Дыплом па спецыяльнасці “Планаванне сельскагаспадарчай вытворчасці” атрымаў у 1967 годзе, і пачалося практычнае авалодванне самай ганаровай у свеце прафесіяй – гаспадара зямлі. Працаваў інспектарам па кадрах, намеснікам бухгалтара, эканамістам. На пасадзе галоўнага эканаміста калгаса імя Мічурына Зэльвенскага раёна затрымаўся больш як на шэсць гадоў. Гэта былі незабыўныя часы працы побач з таленавітым арганізатарам калгаснай вытворчасці В.А.Цыдзікам. Яму Сцяпан Уладзіміравіч вельмі і вельмі ўдзячны. Калгас імя Мічурына, створаны на базе некалькіх невялікіх гаспадарак у 1953 годзе, быў адным са старэйшых у нашым раёне, меў багаты вопыт наладжвання адносін з рознымі арганізацыямі і ўстановамі. І гэта вельмі спатрэбілася ў недалекім будучым: у канцы 1974 года Сіневіча прызначаюць намеснікам старшыні калгаса “Караліно”. Больш за 2 гады ўнікаў ён ва ўсе тонкасці кіраўнічай работы, бо старшыня Л.А.Дзерачэнік не хаваў ад памочніка ўсіх нюансаў у адносінах як са спецыялістамі, так і з непасрэднымі працаўнікамі гаспадаркі і першым даў “дабро” на прызначэнне Сцяпана Уладзіміравіча старшынёй суседняга калгаса “Новае жыцце” ў лютым 1977 года.

Апярэджваючы час
Калгас “Новае жыццё” пачаў свае існаванне ў 1971 годзе. Ен аб’ядноўваў землі і жыхароў весак Івашкавічы, Кашалі, Пятрэвічы і Пянюга. “Людзі там вельмі працавітыя, з імі можна было вырашаць самыя складаныя праблемы, – успамінае Сцяпан Уладзіміравіч. – Спецыялісты таксама дасканала ведалі сваю справу. Раслінаводствам умела кіравала Р.М.Яцулевіч, жывёлагадоўляй – М.І. Русак, інжынернай службай– М.І Ракуць”.
Малады старшыня разам з галоўным эканамістам С.І.Пацалуйкам і галоўным бухгалтарам А.І.Масальскім перагледзелі ўсе паказчыкі гаспадаркі за мінулыя гады, выявілі моцныя і слабыя бакі, вызначылі галоўныя накірункі на будучае.
“Паколькі краіна ў нас была тады вялікай, а сувязі рэспублік, асабліва суседніх, – цеснымі, мы маглі іх выкарыстоўваць з выгадай і для суседзяў, і для сябе, – працягвае ўспамінаць Сцяпан Уладзіміравіч. – Наведваліся ў Літву з галоўным эканамістам, зацікавіліся развіццем у іх жывёлагадоўлі. Падлічылі ўсе магчымыя затраты з закупкай у суседзяў маладняка буйной рагатай жывелы, азнаеміліся з умовамі аплаты беларускіх мясакамбінатаў за адкормленую звыш 350 кг жывёлу – і адправілі некалькі грузавікоў у няблізкую дарогу за цялятамі. Адзін рэйс, другі… Добрыя цэны за “лішнія” кілаграмы (а адкормлівалі мы на сваіх фермах кароў вагой за 400 і больш кілаграмаў) упэўнілі нас: мы на правільным шляху. Частку прыбыткаў у жывёлагадоўлі накіроўвалі ў раслінаводста, каб мець дастаткова кармоў. Пачалі расці прыбыткі ў гаспадарцы – значна павялічылася і зарплата ў калгаснікаў. Мы былі самымі багатымі па заробках у раёне. Неяк гэтай акалічнасцю зацікавіўся першы сакратар РК КПБ М.П.Кантаровіч. Выклікаў начальніка сельгасупраўлення, распытаў аб усім і сказаў Ф.І.Хворыку: “Вось бачыш, як людзі ўмеюць працаваць. Вучы на іх прыкладзе іншых.”
Сіневіч пералічвае прозвішчы калгаснікаў, з якімі працаваў у тыя гады. Сярод паляводаў лепшымі былі М.К.Пашкоўская, В.А. і Н.В.Масальскія, сярод жывелаводаў – З. А. Скробат, С.М.Казакевіч, А.М. і У.І. Макарэвічы, муж і жонка Шчаўровы, сярод механізатараў – А. А. Селяня, Г.А.Жук, М.І.Садоўскі, С.М.Масальскі, М.М.Кузака, А.М.Зянько і шэраг іншых. Паказвалі прыклад Нездарма святочныя касцюмы многіх калгаснікаў упрыгожылі медалі і ордэны. Быў узнагароджаны і старшыня: да шматлікіх ганаровых грамат райкама, райвыканкама, аблвыканкама далучыліся і ўсесаюзны ордэн “Знак Пашаны” ў сакавіку 1981 года.
Вельмі не хацелі адпускаць свайго старшыню калгаснікі, калі ён даў згоду на новую пасаду – кіраўніка землеўпарадкавальнай службы раёна.

Галоўны землеўпарадквальнік
Пасля пятнаццаці гадоў плённай працы ў “Новым жыцці” Сіневіч у канцы 1991 года ўзначальвае землеўпарадкавальную службу раёна. Калектыў на чале з ім быў невялікі, а спраў выконваў шмат. І найадказнейшых: згодна з Законам аб зямлі 90-ыя і 2000-ыя гады – час вялікіх змен ва ўсіх сферах жыцця незалежнай Беларусі, у тым ліку і ў Законе аб галоўным багацці краіны. На арэне жыцця з’яўляюцца новыя гаспадары зямлі – арандатары і фермеры, арганізуюццца аграсядзібы, будуюцца аграгарадкі. Працягваецца ўзбуйненне калгасаў і, значыць, змяненне іх межаў. Вялікая ўвага надаецца добраўпарадкаванню вёсак, знішчэнню міні-палігонаў. Усе гэта патрабавала зладжанай работы райвыканкама і сельскіх саветаў, кіраўніцтва сельскіх гаспадарак. Пачалася няпростая работа па зносе пустуючых дамоў, рэкультывацыі вызваленых земляў, далучэнні іх да севазвароту ў адпаведных гаспадарках.
Сам дбайны гаспалар, Сіневіч не цярпеў беспарадку ў адносінах да зямлі-карміцелькі. Калі выяўляў неахайнасць, не маўчаў, біў трывогу. Але штрафныя санкцыі прымяняў у краініх выпадках. Ведаў, што большасць людзей выправяць становішча ці пасля асабістай гутаркі з ім, ці пасля папярэджання. І тактыка Сіневіча спрацоўвала лепш за грашовыя пакаранні. Шмат было зроблена землеўпарадкавальнай службай па знішчэнні сметнікаў, якія так шкодзілі экалогіі ды не ўпрыгожвалі выгляд населеных пунктаў. Аб важнасці гэтай справы гаварыць не прыходзіцца: яна вядзецца і сёння, прычым на больш высокім узроўні. Служба працавала ў адной звязцы з абласным праектным інстытутам. Землеўпарадкавальнікі рыхтавалі неабходныя дакументы, а праекціроўшчыкі ўвасаблялі іх у схемы, планы, карты. Вельмі адказныя людзі працавалі пад кіраўніцтвам Сіневіча. Нездарма яго былыя супрацоўнікі ўпэўнена паднімаюцца па кар’ернай лесвіцы, чым радуюць Сцяпана Уладзіміравіча. Вось Анатоль Грэль стаў галоўным землеўпарадкавальнікам, а Вадзім Панасік – старшыней раённага Савета дэпутатаў. Сустрэнуцца пенсіянеры Зубялевіч і Сіневіч і з гонарам за маладых успамінаюць галоўныя моманты з іх працоўнага жыцця.

«Мае галоўныя дасягненні — дзеці!»
Выгадаваны ў вялікай сям’і, Сцяпан Уладзіміравіч заўседы цаніў працу галоўнага выхавальніка дзяцей – матулю. “Выгадаваць дастойнага чалавека, магчыма, цяжэй, як вырасціць багаты ўраджай хлеба”, – лічыць Сіневіч. (Хто-хто, а ён ведае цану галоўнага прадукта!). Асабліва цяжка даводзілася жонкам кіраўнікоў сельскагаспадарчай вытворчасці: ім прыходзілася практычна адным выхоўваць дзяцей, бо мужчыны днявалі і начавалі на фермах і палетках. З цеплынёй успамінае Сцяпан Уладзіміравіч сваю першую жонку Ніну Рыгораўну, якая рана пайшла з жыцця: цяжка ёй было вандраваць з месца на месца і паднімаць на ногі траіх дзяцей. І вельмі ўдзячны другой жонцы – Але Мікалаеўне: жанчына змагла наладзіць адносіны з ужо дарослымі Сіневічамі і заўсёды рада бачыць іх у бацькоўскім доме.
Дзякуй Богу, дзеці жывуць і працуюць недалёка і часта наведваюцца да бацькоў. Старэйшы сын Алег, што выбраў шлях вайскоўца, даслужыўся да падпалкоўніка, асеў у Слоніме. Ён падарыў дзеду ўнука Сцяпана і праўнука Захара. Другі сын Дмітрый – хірург-траўматолаг, працуе ў Лідзе. Ён узбагаціў дзеда на траіх унукаў. А дачка Алена, галоўны эканаміст Беларускага металургічнага завода (БМЗ), дадала яшчэ аднаго. Так што старэйшыя Сіневічы маюць пяць унукаў і аднаго праўнука – сапраўднае багацце! Без справы Сцяпан Уладзіміравіч і Ала Мікалаеўна не сядзяць: маюць свой дом у Кашалях, невялікую гаспадарку і надзел зямлі, які выкарыстоўваюць так беражліва і па-гаспадарску, што суседзі зайздросцяць іх перцам, агуркам ды клубніцам.
Яніна ШМАТКО
Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Комментарии отключены