Ганненскі кірмаш. Год 2014-ы

1721 год – яркая старонка ў жыцці Зэльвенскага краю, якая сведчыць аб адкрыцці тут унікальнага па свайму значэнню Ганненскага кірмашу. Праз стагоддзі Зэльвеншчына палічыла сваім абавязкам адрадзіць традыцыю Ганненскага кірмашу, якому сёлета спаўняецца 300 гадоў.

«Новае дыханне» знакаміты кірмаш атрымаў у 2001 годзе, калі ў Зэльвенскім раёне вырашылі, што свята з магутнымі гістарычнымі каранямі павінна стаць візітнай карткай Зэльвеншчыны – адным з самых масавых і жаданых для мясцовых жыхароў і гасцей. З году ў год арганізатары Ганненскага кірмашу надаюць яму новы каларыт, захоўваючы пры гэтым лепшыя традыцыі святкавання. Нагадаем нашым чытачам цікавыя падзеі мінулых гадоў.

Зэльва і Сапегі

Другі год запар Ганненскі кірмаш пачынаецца навукова-практычнай канферэнцыяй, якую арганізуюць райвыканкам і Гродзенскі філіял Каардынацыйнага бюро Праграмы падтрымкі Беларусі Федэратыўнай уладай Германіі.

У 2013-м годзе навукоўцы ўнеслі шэраг цікавых прапаноў па “раскрутцы” зэльвенскага брэнду, дарэчы, некаторыя з іх ужо рэалізаваны. Канферэнцыя была цалкам прысвечана нашаму рэгіёну і мела назву “Роля Сапегаў у жыцці Зэльвенскага краю”. Варта адзначыць, што фігуры Сапегаў, Радзівілаў і іншых магнатаў Беларусі заўсёды прыцягвалі ўвагу вучоных.

Музычнае асарці

З сольнай праграмай у першы дзень Ганненскага кірмашу выступіў беларускі спявак Саша Нема. Артыст выканаў усе песні “ўжывую”. Перад кожным творам спявак расказваў якую-небудзь гісторыю са свайго жыцця аб нараджэнні той ці іншай кампазіцыі.

На кірмашы задорна гучала і клікала ў скокі балалайка Аляксандра Варанішчэ. Гледачы дзіву даваліся, як ён віртуёзна валодаў музычным інструментам, як пластычна рухаўся па сцэне, зараджаючы публіку з паўабароту. Вялікую радасць прынёс гледачам і музычны тэатр “Рада”. На кірмаш артысты прыехалі адразу з некалькімі песенна-танцавальнымі праграмамі: цыганскай –“ГІНЭ РОМА” і фальклорнай –“Казакі”.

З танцавальнай беларускай культурай знаёміў зэльвенцаў і гасцей харэаграфічны ансамбль “Харошкі”. Статныя хлопцы і стройныя дзяўчаты ў нацыянальным адзенні заварожвалі сваімі адточанымі рухамі.

Вельмі спадабалася шоу аб беларускай “дачцэ Усходу” Гюнэш. У Зэльву спявачка прыехала з танцавальным калектывам “Гарэм-шоу”.

Выдатны настрой адпачываючым на кірмашы падарыў малады беларускі выканаўца поп-музыкі Яўгеній Слуцкі.

Архітэктурныя праекты ад Нагорнага

Прагульваючыся па шматлікіх аб’ектах Ганненскага кірмашу, жыхары гарадскога пасёлка не маглі не заўважыць малыя архітэктурныя праекты, якія з’явіліся незадоўга да свята.

Драўляныя збудаванні з вісячымі падковамі з выявай каня, цуда-дрэва, якое, нібы ў казцы, паказвае напрамак, распісныя вароты падворкаў… За ўсім гэтым стаялі нястрымная фантазія і выдумка галоўнага архітэктара раёна Уладзіміра Нагорнага.

Рыбак рыбака пазнаваў здалёку

Упершыню ў праграму Ганненскага кірмашу быў уключаны Адкрыты чэмпіянат Зэльвенскага раёна па лоўлі рыбы летняй паплавочнай вудачкай. У камандных спаборніцтвах выступалі 34 аматары-рыбаловы, сярод іх – і Пётр Тукальскі (на фота).

Калі ласка, на кірмашовы падворак!

Пад час кірмашу цэнтр Зэльвы змяніўся да непазнавальнасці. Па традыцыі тут размясціліся пляцоўкі сельскагаспадарчых арганізацый і сельсаветаў, якія прымалі ўдзел у конкурсе “Кірмашовы падворак”.

Горад майстроў

Гродна, Слонім, Масты, Навагрудак, Карэлічы – з розных куточкаў Гродзеншчыны прыехалі на кірмаш народныя майстры. Але цэнтральнае месца займаюць мясцовыя, зэльвенскія ўмельцы.

Служба інфармацыі газеты «Праца»

Цікавыя і актуальныя навіны Зэльвенскага раёна ў нашым Telegram-канале. Падпісвайцеся па спасылцы!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены