Дзень беларускага пісьменства ў філіяле ЦСАН адзначылі разам з таленавітымі зямлячкамі Аленай Кароза і Ірынай Войтка
Дэвіз Дня беларускага пісьменства, што ў Год народнага адзінства прайшоў у Капылі, “Слова нас яднае” яскрава перадаў імкненне беларускага народа да яднання, адзінства. Прычым рознымі спосабамі і метадамі, у тым ліку і праз літаратуру. І на самай справе нішто нас так не аб’ядноўвае, як любоў да роднага краю, жаданне захаваць нацыяльныя традыцыі, свае карані, сваю мову, сваё слова. Падчас сустрэчы, арганізаванай на базе філіяла ЦСАН, таленавітая зямлячка Алена Кароза ўзгадала наказ сваёй матулі: “Мову маці захавайце для нашчадкаў!”, які і стаў лейтматывам мерапрыемства і адлюстраваў яго мэту.

Людзі пажылога ўзросту, у большасці сваёй ураджэнцы вёскі Каралін, ганарацца сваімі аднавяскоўцамі, якія сталі вядомымі не толькі на Зэльвеншчыне, але і па-за яе межамі. Адна з іх – Алена Кароза, якая дасягнула поспехаў у прафесійнай педагагічнай дзейнасці (дала пуцёўку ў свет дзясяткам сваіх вучняў, і больш таго, стала пераможцай рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года-1992”) і знайшла сваё месца ў літаратуры. Сустрэчу, аб якой наведвальнікі філіяла марылі даўно, арганізатары – прадстаўнікі сацыяльнай службы – прымеркавалі да свята пісьменства, якое паэтэса лічыць значным і важкім.

Алена Станіславаўна прызналася: пры магчымасці павярнуць стрэлкі гадзінніка жыцця назад, яна бы выбрала той жа працоўны шлях (магчыма, дзякуючы якому бліжэй пазнаёмілася з літаратурай) і прыняла бы прыродны і божы дар. Дарэчы, першая настаўніца, класны кіраўнік Клаўдзія Пятроўна Паляшчук адкрыла ў сваёй вучаніцы талент вершаскладання. А матуля з самага маленства вучыла дзяцей любіць і паважаць родную мову, наказвала ім захаваць яе для нашчадкаў.
“Беларуская, меладычная, цудатворная, паэтычная, як крынічка ты з вуснаў цячэш…” – гэта толькі некалькі метафар з вершаў Алены Карозы, прысвечаных беларускай мове. Але наколькі трапна яны перадаюць яе пачуцці і адносіны да слова.
У сваіх творах “Мова”, “Мову маці захавайце” і іншых паэтэса прызывае не цурацца мовы, вывучаць і паважаць яе.
Дарэчы, ў літаратурнай гасцёўні прагучалі творы і на філасофскую, лірычную, духоўную, жартоўную тэмы, а таксама вершы, прысвечаныя матулі, роднаму Караліну і яго жыхарам, сяброўкам-каралінкам, вялікаму Ганненскаму кірмашу. Скажам болей, як самадзейны кампазітар, Алена Станіславаўна напісала музыку да сваіх вершаваных радкоў. Яна прапанавала наведвальнікам філіяла стаць сведкамі яе музычных здольнасцей і паслухаць яе песні. Аўдыторыя грамадзян пажылога ўзросту заспявала разам з госцяй.
Трэба адзначыць, што творы нашай зямлячкі былі надрукаваны ў “ЛІМе”, “Народным доктары”, у зборніках “100 гадоў на службе закону, народу, Айчыне”, “Зоры над Зальвянкай”, “Складаемыя шчасця”, “Роднай Зэльве”, “Зэльва – радасці крыніца”, “Цуды Зэльвы”, “А на нашым кірмашы” (апошнія пяць падрыхтаваны і выдадзены раённай бібліятэкай). Неаднойчы Алена Кароза з’яўлялася пераможцай паэтычных конкурсаў. Разам з узнагародамі за непасрэдна прафесійную дзейнасць мае граматы і дыпломы абласных і раённых паэтычных фестываляў.

Другая госця пасяджэння – Ірына Войтка, член Саюза пісьменнікаў Беларусі – ужо не першы раз сустракаецца з наведвальнікамі сацыяльнай установы, якія ўважліва сочаць за паэтычнай дзейнасцю зямлячкі.
У мясцовай школе таленавітая дзяўчына стала на крыло і паляцела па прасторах радзімы, апісваючы яе прыгажосць і любоў да роднага краю ў сваіх вершах. Яе адмысловы талент даў магчымасць стаць вядомай на Слонімшчыне (там жыла і працавала пасля заканчэння ВНУ, узначальвала літаб’яднанне на базе рэдакцыі раённай газеты “Слонімскі веснік”), на Гродзеншчыне (увайшла ў склад Гродзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі), у сталіцы (друкавалася ў рэспубліканскіх часопісах і газетах). Ірына Антонаўна – аўтар зборнікаў “Спасціжэнне” і “Пагляджу вачамі неба”. Прыхільнікі паэзіі пазнаёміліся з яе творамі, якія друкаваліся ў зборніках “Зоры над Зальвянкай”, “Паэтычная Слонімшчына”, “Пад гукі паланэза” і іншых.
На імпрэзе карэнная каралінка адзначыла, што шчаслівая ад таго, што, годна адпрацаваўшы, зараз, на заслужаным адпачынку, мае магчымасць прыязджаць у родную хату і вёску, сустракацца з суседзямі і аднавяскоўцамі, назіраць за прыроднымі з’явамі і наваколлем, якія радуюць яе вока кожны дзень. А вось разважанні над сэнсам жыцця-быцця, унутраныя пачуцці, душэўны стан падштурхнулі Ірыну Антонаўну да напісання празаічных твораў. І побач з багатымі паэтычнымі нататкамі на розныя тэмы з’яўляюцца на свет апавяданні-разважанні. Удзельнікаў сустрэчы аўтар пазнаёміла з апошнімі з іх – “Дзяцінства лес”, і “Вішня”.
Цікавая суразмоўца, поўная станоўчых эмоцый, падзялілася асабістымі ўражаннямі ад удзелу ў святкаванні Дня пісьменства, на якіх ёй пашчаслівілася прысутнічаць некалькі разоў. Найбольш уразілі ўрачыстасці, арганізаныя ў Полацку і Слоніме. Дарагія сэрцу відэа, што жанчына захоўвае, цяпер з радасцю прадэманстравала наведвальнікам філіяла.

У заключэнне пажылыя грамадзяне падзяліліся пачуццямі ад трансляцый з капыльскага Дня пісьменства, ад пачутых твораў. І, пажадаўшы зямлячкам творчага натхнення, выказалі надзею на тое, што родная мова будзе перадавацца з пакалення ў пакаленне.
Людміла ПОПКА
Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке
Комментарии отключены