Зэльвенскія каталікі адзначаюць чарговую гадавіну асвячэння касцёла і распачынаюць месяц, прысвечаны малітве за памерлых

Сёлета дзень 31 кастрычніка для вернікаў вельмі важны і значны.

Па-першае, каталікі адзначаюць урачыстасць асвячэння ўласнага касцёла. А гэта значыць, дзякуюць Богу за святыню, якая з’яўляецца не толькі духоўным храмам, але і аб’ядноўвае хрысціян любоўю да Пана, адзін да аднаго.

Таму ў сваім разважанні ксёндз Яцэк Маркель падкрэсліў, як важна кожнаму чалавеку прытрымлівацца галоўнай запаведзі Боскага Закону: “Любі Пана Бога твайго і бліжняга твайго, як самога сябе”. Любоў да Бога праяўляецца ў штодзённай малітве, рэгулярным наведванні святыні, прыняцці Эўхарыстыі. А любоў да бліжняга – у клопаце, увазе, міласэрнасці, дабрыні. Святар таксама прапанаваў памаліцца за тых, хто будаваў, абуладкоўваў касцёл, унёс асабісты ўклад у падтрыманне мясцовай парафіі і зараз прыкладвае старанні, каб святыня выглядала годна і прыгожа. Узгадаць і пра айцоў-кларэтынаў, якія на працягу дзясяцігоддзяў служылі і прадаўжаюць сеяць дабро ў людскіх сэрцах, пра вернікаў, якія збераглі і перадаюць нашчадкам духоўныя каштоўнасці.

Другая нагода – Касцёл распачынае месяц малітвы за памерлых. 1 лістапада – у Дзень Усіх святых вернікі аддаюць пашану ўсім святым, якія за сваё жыццё зрабілі шмат добрых, набожных спраў. А з 2 лістапада – з Дня памінання памерлых, Задушнага дня (у народзе “восеньскіх Дзядоў”) – моляцца за супакой іх душаў. У гэтым годзе ўжо падчас нядзельнай святой імшы прысутныя ўзгадалі сваіх родных і блізкіх, якіх няма побач, душы якіх пакутуюць у чыстцы ці ўвайшлі ў нябеснае валадарства, патрабуюць малітвы. Пробашч заахвоціў вернікаў на працягу актавы і цэлага месяца знаходзіць час, каб маліцца за нябожчыкаў:

Наша памяць аб памерлых павінна быць не толькі ўспамінам аб іх, іх жыцці, учынках, справах, але перш-наперш – малітвай за іх збаўленне. Наведваючы (ці ў час эпідсітуацыі слухаючы па радыё, праз інтэрнэт) святую імшу, прымаючы Камунію, хрысціянін можа атрымаць поўнае адпушчэнне, адпуст.

Традыцыйна ў касцёле абуладкавалі спецыяльнае месца з лампадкамі, каля якога могуць памаліцца тыя, якія не маюць магчымасці наведаць могілкі.

Астатнія адразу пасля імшы накіраваліся да магіл родных, знаёмых. Там, каля крыжа, на чале са святаром адгаварылі спецыяльныя малітвы. Пасля гэтага ксёндз Яцэк прапанаваў сем’ям падыйсці да месц пахаванняў родзічаў і асобна згаварыць малітву. А сам асвяціў помнікі, пастаўленыя ў гэтым годзе.

Здаўна каталікі ўшаноўвалі памяць аб памерлых і імкнуліся дапамагчы іх душам, удзельнічаючы ў імшы, прымаючы Эўхарыстычную ахвяру, прасілі Пана Бога аб дапамозе ім, – кажа мясцовая парафіянка Станіслава Сячэйка. – Гэтая традыцыя захавалася на сённяшні дзень. Зараз, як і шмат гадоў таму, пасля касцёла людзі збіраюцца на могілках. Раней запальвалі свечкі, зараз лампадкі. Ускладваюць кветкі і моляцца за душы спачылых. У нашай сям’і, ведаю, што і ў многіх другіх, існуе практыка – кожны дзень на працягу лістапада адгаворваць спецыяльныя малітвы за тых, хто пакінуў зямное жыццё. Так і надалей павінна быць: памерлым патрэбна толькі наша шчырая малітва.

Людміла ПОПКА

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены