Дзiцячы сад вёскi Вострава дапамагае зiмуючым птушкам

Зіма – цяжкі час для птушак, асабліва калі яна халодная, снежная. Галодныя птушкі моцна пакутуюць ад холаду. Многія з іх прылятаюць бліжэй да жылля чалавека, быццам чакаюць тут паратунку ад марозаў і бяскорміцы. Дапамагчы зімуючым птушкам можа кожны чалавек.

У нашай дашкольнай установе прайшла экалагічная акцыя “Птушыная сталовая”. Бацькі з задавальненнем адгукнуліся на прапанову і разам з дзецьмі на час сталі архітэктарамі, будаўнікамі і дызайнерамі. Усе кармушкі былі выраблены з “душой” і з экалагічна чыстых матэрыялаў.

З якім гонарам і задавальненнем прыносілі дзеці свае тварэнні ў дзіцячы садок. Кожны хацеў падзяліцца ўражаннямі аб тым, як тата даверыў яму малаток, як з мамай ўпрыгожвалі кармушку. Неаднойчы было сказана: “Гэта зрабілі мы з татам і мамай!”… Сапраўды, вельмі прыемна дапамагчы даросламу ў такой сур’ёзнай справе.
І кармуші выйшлі арыгінальныя: незвычайных форм, памераў і афарбовак. Што і казаць – фантазію дзеці і іх бацькі праявілі на ўсе сто працэнтаў. Актыўны ўдзел прынялі сем’і Дзішко, Войцік, Лазоўскія, Лукашэвіч, Шчаюк, Шарсцянкіны, Шышко.

Развесілі кармушкі на гульнявой пляцоўцы дзіцячага садка. Рады птушыным сталовым не толькі птушкі, але і дзеці: насыплюць корм і з нецярпеннем чакаюць гарэзлівых сінічак, снегіроў, амялушак, а затым доўга з радасцю цікуюць за птушачкамі. Дзеці і дарослыя зразумелі, што робяць добрую справу, дапамагаючы выжыць маленькім крылатым сябрам у самую цяжкую пару года. І назвалі акцыю ўрокамі дабра, якога так не хапае ў нашым жыцці.

Па завяршэнні ўсе дружна вырашылі акцыю паўтараць штогод: гэта абавязкова прынясе карысць прыродзе і дзецям, якія вучацца клапаціцца аб ёй. І хочацца выказаць надзею, што больш стане звонкіх спеваў каля нашых дамоў, а свет, у якім мы жывем, стане дабрэйшым.

С. Бурак

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем  Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены