Каталікі святкуюць урачыстасць Нараджэння Пана
З 24 на 25 снежня радуюцца нябёсы і весяліцца зямля, сэрцы людскія напаўняюцца шчасцем з вялікай нагоды Нараджэння Збаўцы Езуса Хрыста. У Вялікую ноч ласка Божая аб’яднала ўсіх вернікаў на Пастэрцы. На значнае хрысціянскае свята сабраліся і зэльвенцы, якія з замілаваннем падпявалі хору “Ціхая ноч, святая ноч, усё спіць, спіць даўно. Толькі Маці святая ўсцяж ціха люляе дзіця…” і чакалі, калі над Бэтлеемскай стаенкай (яслямі) заззяе Віфлеемская зорка.

І вось той доўгачаканы момант, да якога чатыры тыдні Адвэнту шчыра рыхтаваліся парафіяне, настаў. Кожны прысутны на імшы сардэчна парадаваўся народжанаму Дзіцятку Пана ў ясельках, памаліўся да Марыі і Юзафа. А таксама ўважліва паслухаў урывак з Евангелля, які яшчэ раз нагадаў аб падзеях, якія адбыліся ў горадзе Бэтлееме больш за дзве тысячы гадоў таму.
Разважаючы над Словам Божым, ксёндз Яцэк Маркель засяродзіў увагу вернікаў на тым, што Божае нараджэнне павінна несці ў кожную сям’ю, у кожны дом радасць, спакой і дабро:
– Бог любіць кожнага чалавека і працягвае кожнаму сваю руку дапамогі і падтрымкі. Ён запрашае да малітвы і веры. А снежаньскія яселькі і анёльскія спевы яшчэ раз нагадваюць аб тым, што маленькі Езус прыйдзе ў кожнае сэрца, калі яно адкрытае для Бога. Збаўца прыносіць надзею тым, хто яе страціў, дорыць веру там, дзе пануе бязвер’е, сее ў людскіх сэрцах любоў.
Святочная імша прадоўжылася віншаваннямі і пажаданнямі, якія даслалі зэльвенскім парафіянам біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, старшыня райвыканкама Дзяніс Альшэўскі і старшыня раённага Савета дэпутатаў Вадзім Панасік. Святар таксама далучыўся да віншавальных слоў. У сваю чаргу, вернікі пажадалі ксяндзу Божай дапамогі і ласкі і прыпаднеслі святочны букет.
Светлае свята Раства Хрыстова ўслаўлялася прыгожымі каляднымі спевамі і малітвамі. Многія вернікі схілілі галовы ў малітве перад яселькамі з маленькім Панам.

– Як і кожнаму хрысціяніну, мне вельмі падабаецца свята Нараджэння Пана, – гаворыць Таццяна з Кобрына. – З сям’ёй ужо не першы год мы прыязджаем у зэльвенскі касцёл Святой Тройцы, каб менавіта тут, разам з роднымі і блізкімі, прыняць удзел у святой імшы. Багата ўпрыгожаны ёлкамі і цацкамі касцёл, духоўным сэнсам напоўненая інсталяцыя, такія цудоўныя падрыхтаваныя дзецьмі сардэчкі-пажаданні, лірычныя песні – ад усяго гэтага душа ўзвышаецца. Хочацца ў гэтыя святыя хвіліны пажадаць кожнаму веруючаму чалавеку з радасцю сустрэць Езуса і несці яго праз усё жыццё ў сваім сэрцы. Здароўя, міру і дабрабыту зэльвенскім парафіянам, Божай дабрыні нашаму краю!
Людміла ПОПКА
Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Комментарии отключены