Настаўнік на ўсё жыццё – Сафія Іванаўна Сарока. Уcпамiны аб мiнулым

УСЕ МЫ РОДАМ З ДЗЯЦІНСТВА
У далёкім 1932 годзе на хутары Крамяніца Горная, што ў 14 кіламетрах ад горада Ваўкавыска (зараз гэтага хутара не існуе), у Марыі Мацвееўны Сарока бабка-павітуха прыняла роды.
– «Слава Богу, дзяўчынка», – ціха паведаміла яна.
Бацька нованароджанай Іван Рыгоравіч абрадаваўся: з’явілася на свет першае дзіцятка, чаканае і жаданае. У хуткім часе дачушку нараклі Сафіяй (Сонечкай), пахрысцілі ў царкве.
Дзяўчынка падрастала, дапамагала бацькам па гаспадарцы. У сям‘і на той час было 17 гектараў уласнай зямлі, і працаваць прыходзілася шмат. Сафія навучылася выконваць розную работу: прасці на верацяне, затым на калаўроце, саджаць агародніну, палоць, жаць, гатаваць сняданкі, палудні ды вячэру.
У 1945 годзе скончыла Дзяркацкую пачатковую школу, у 1948-м – Крамяніцкую сямігодку, затым прадоўжыла навучанне ў СШ №2 Ваўкавыска. Тры гады бацькі здымалі кватэру для дачкі ў горадзе, каб яна атрымала сярэднюю адукацыю і мела магчымасць паступіць у вышэйшую навучальную ўстанову.
У сям’і Сарокаў пасля Сафіі яшчэ нарадзіліся сын і малодшая дачка. Непадалёку ад іх на хутары жыла сям’я брата Івана Рыгоравіча, у якой выхоўвалася двое дзетак. Сафія, як старэйшая сярод усіх, навучала малодшых грамаце. «Пасаджу на лаўкі брата і сястру – як родных, так і стрыечных – і задаю ім розныя заданні, выпраўляю памылкі, ацэньваю…», – узгадвае Сафія Іванаўна свае першыя крокі да здзяйснення мары стаць настаўніцай.

ВАЙНА БЯЗЛІТАСНАЯ ДА КОЖНАГА
Першы дзень вайны Сафія Іванаўна запомніла добра. Была нядзеля. Яны з маці ішлі ў вёску Тадзіно, што ў трох кіламетрах ад іх хутара, да сваякоў, а самалёты з чорнымі крыжамі луналі ў небе. Узніклі страх і непаразуменне: у чым справа? Толькі потым, пасля прыходу дзяцькі і цёткі з дзецьмі з царквы, даведаліся, што пачалася вайна, і гэта варожыя самалёты бамбілі Ваўкавыск.
Нягледзячы ні на што, жаданне здзейсніць сваю мару не пакідала дзяўчыну. Яна выконвала ўсе патрабаванні настаўнікаў, старанна вучылася, як толькі такая магчымасць з’яўлялася.
ЗДЗЯЙСНЕННЕ МАРЫ
Пасля заканчэння ў 1951 годзе дзесяцігодкі далейшы шлях будучай настаўніцы ляжаў у горад Гродна. Бацькі не пярэчылі, гаварылі дачцэ: «Хочаш вучыцца – вучыся. Куды надумала – паступай, спрабуй свайго шчасця».
Каб паступіць на матэматычны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута, дзяўчыне трэба было здаць 8 экзаменаў: па рускай мове (сачыненне), па рускай літаратуры, два экзамены па матэматыцы (адзін у пісьмовай, другі – у вуснай форме), па фізіцы і хіміі. З усімі выпрабаваннямі наша гераіня справілася паспяхова, і яе залічылі ў лік студэнтаў.
Вучыцца, вучыцца, і яшчэ раз вучыцца прыехала яна ў Гродна. Вучоба давалася нялёгка, сярод 76 чалавек першакурснікаў з трох груп Сафія была “ў залатой сярэдзіне”. Жыла на кватэры ў сваякоў.
У 1955 годзе пасля атрымання дыплома аб заканчэнні матэматычнага факультэта Гродзенскага педагагічнага інстытута выпускніца была накіравана па размеркаванні ў Галынкаўскую школу Зэльвенскага раёна настаўнікам матэматыкі.
ГАЛЫНКА – НА ЎСЁ ЖЫЦЦЁ
1955 год. Ужо не Сонечкай, а Сафіяй Іванаўнай маладая дзяўчына ўвайшла ў клас і ўбачыла позіркі сваіх першых вучняў. Усіх іх па імёнах і прозвішчах памятае і сёння наша настаўніца, педагог-ветэран.
Шмат вады ўцякло з таго часу, але ні разу ў жыцці яна не здрадзіла школе. Працавала настаўнікам матэматыкі, была класным кіраўніком. Прыходзілася выкладаць фізіку, астраномію, чарчэнне.
Сафія Іванаўна ў размове ўзгадвае першыя гады педагагічнай працы: «Дырэктарам школы быў Андрэй Данілавіч Бугаеў, завучам – Аляксандр Аляксандравіч Машкоўскі. Зінаіда Міхайлаўна Чыграй выкладала геаграфію, муж і жонка Аляксандр Аляксандравіч і Ганна Уладзіміраўна Сончыкі – філолагі, Міхаіл Міхайлавіч Козел – настаўнік фізічнай культуры і Галіна Адамаўна – настаўніца нямецкай мовы». Успамінае яна і пра Марыю Барысаўну Ярмолік, і пра многіх іншых калег…
Навучанне ў школе вялося ў дзве змены (былі нават паралельныя класы, навучалася па 3040 вучняў. Была яшчэ і вячэрняя школа для працуючай моладзі. Нічога адметнага Сафія Іванаўна пра сваю працу не гаворыць: «Выконвала свае абавязкі добрасумленна, выкладала давераныя мне прадметы, вучыла падрастаючае пакаленне паважаць старэйшых». Тым не менш урокі маралі дапамаглі многім яе вучням стаць дастойнымі людзьмі.
Ветэран з задавальненнем узгадвае час, калі жыццё кіпела… Пасля працы ў школе маладыя настаўнікі развучвалі пастаноўкі, ездзілі з канцэртамі па вёсках, выступалі ў клубах, хадзілі на танцы. З будучым мужам якраз і пазнаёмілася падчас выезду ў клуб у вёску Казловічы. Выйшла замуж у 1960 годзе, нарадзіла чацвёра дзяцей, мае ўнучку і 3 унукаў, падрастаюць два праўнучкі.
Плённая праца настаўніцы была адзначана Міністэрствам асветы Беларускай ССР, аддзелам народнай адукацыі Зэльвенскага райвыканкама. Пасля выхаду на заслужаны адпачынак С.І.Амяльянчык прадаўжала працаваць у роднай школе бібліятэкарам да 1999 года. Але і на гэтым педагагічны шлях настаўніцы не завяршыўся. Яна і зараз дае ўрокі жыцця. Да яе звяртаюцца педагогі за дапамогай, цэняць яе парады. Настаўнік гісторыі Аляксандр Алегавіч Марчанка, які кіруе школьным краязнаўчым музеем і збірае ўспаміны аб школе, настаўніках, часта прыходзіць да Сафіі Іванаўны, каб удакладніць важныя звесткі і проста яе праведаць.


УСПАМІНЫ АБ НАСТАЎНІЦЫ
Сафія Іванаўна Амяльянчык (у дзявоцтве Сарока) насіла акуляры. Мне здавалася, што яна бачыць нас наскрозь – паспрабуй спісаць або даць спісаць камусьці кантрольную работу! Ды і метады яе працы былі зусім іншыя, не такія, як у папярэднікаў. Настаўніца застаўляла думаць, правяраць, рашаць многа самастойна. Яшчэ Сафія Іванаўна вяла ў нас чарчэнне. Чарціць я любіла. Уся нядзеля трацілася на чарцяжы. У той час чарцілі тушшу. Калі размажаш або не так правядзеш лінію – зноў пачынай спачатку, – расказвае Марыя Адамчык, былая вучаніца Галынкаўскай школы з вёскі Вострава.
Былая выпускніца Зінаіда Кіслая (Зелянко) лічыць: «Мой класны кіраўнік Сафія Іванаўна стала для мяне і маіх сяброў, аднакласнікаў прыкладам акуратнасці, сціпласці, працавітасці і інтэлігентнасці».
«Сафія Іванаўна – цудоўны і светлы чалавек, цікавая суразмоўца», – дзеліцца Аляксандр Марчанка, настаўнік гісторыі Галынкаўскай СШ.
Асабіста ад сябе хачу адзначыць, што Сафія Іванаўна, матэматык па спецыяльнасці, любіць дакладнасць скрозь. У яе добрая памяць на лічбы, падзеі, факты. У нашай школе, упэўнена, не было такога бібліятэкара, які прывіваў бы дзецям любоў да кнігі так, як Сафія Іванаўна. Вучні не вярталі кнігі ў бібліятэку, не прачытаўшы і не запоўніўшы дзённік чытача, бо ведалі: яна абавязкова папросіць назваць галоўных герояў, падзяліцца ўражаннямі ад прачытанага.
Шчыра ўдзячна за ўсё Сафіі Іванаўне яе былая кватарантка Ірына Павачка (Качук): «Яна стала для мяне сяброўкай на ўсё жыццё, нягледзячы на значную розніцу ва ўзросце».


ЖЫЦЦЁ ПА ЗАПАВЕДЗЯХ БОЖЫХ
Сафія Іванаўна – веруючы чалавек. Усё сваё жыццё яна пражыла з верай у Госпада Бога. Сама з веруючай праваслаўнай сям’і і сваіх дзяцей выхоўвала па запаведзях Божых. З таго часу, як у Галынцы пабудавалі царкву, жанчына не прапускала ніводнай літургіі.
КАЛЕГА, СУСЕДКА, АПТЫМІСТКА
Наша сям’я засялілася ў новы дом якраз насупраць Сафіі Іванаўны ў 1992 годзе. З суседкай нам пашанцавала: вось ужо як 30 год, як мы жывем у міры і згодзе. Паважаем нашу Сафію Іванаўну, звяртаемся да яе за парадай, просім прыгледзець за хатай, калі адлучаемся, дапамагаем. Жыве яна адна: муж памёр даўно, пайшоў з жыцця і сын Анатолій, а дочкі з сем’ямі жывуць у Мінску і Гродна.
Нягледзячы на нягоды, Сафія Іванаўна крочыць па жыццёвай дарозе з аптымізмам. «Мне не даюць састарыцца, як бы ніколі не расставалася са школай. Ёю і дыхаю. Можа, таму, што жыву каля школы, а можа, што матэматык, а матэматыка – царыца навук, якая розум развівае і не дае яму старэць», – заўважае наша Сафія Іванаўна. І сапраўды, гады жыцця дабаўляюць жанчыне мудрасці, а нават кароткая размова з ёю прасвятляе і ўсяляе надзею на лепшае.
Яна ўдзячна за дастойнае жыццё на заслужаным адпачынку, за спакойную старасць: жыве ў доме з газавым ацяпленнем, вадаправодам, карыстаецца сучаснай бытавой тэхнікай. Пераязджаць у горад да дзяцей пакуль што не збіраецца. Дзяржава кожны год павышае пенсію, а самае галоўнае – гэта клопат і ўвага з боку грамадскасці і ўсіх, хто жыве побач.
Твар жанчыны свеціцца ціхай радасцю, калі яна сустракае на парозе сваёй хаты былых і цяперашніх вучняў, настаўнікаў, якія не забываюць яе павіншаваць з Днём настаўніка, з пачаткам новага навучальнага года, Калядамі і іншымі святамі. З такой узнагародай, як павага, не параўнаецца ні адзін медаль. На дапамогу да яе прыходзяць вучні з валанцёрскага атрада, настаўнікі, суседзі, але яна не чакае, каб ёй нехта зрабіў, што ў сілах – робіць сама.
Ёй няма калі сумаваць. Гадуе хатніх птушак, вырошчвае агародніну і кветкі. Дзеліцца з суседзямі і знаёмымі расадай, рэцэптамі прыгатавання салатаў. Акрамя гэтага, шмат чытае, лічыць, вучыць вершы на памяць. Аднойчы, калі да жанчыны завіталі члены аглядавай камісіі і пацікавіліся яе ўзростам, яна з гумарам адказала: “18 … не хапае да 100”. Шчыра ўсміхнуўшыся, прысутныя пажадалі жанчыне дажыць да 100 гадоў.
Не адзін раз прадстаўнікі цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прапаноўвалі ёй паслугі сацыяльнага работніка, але ветэран усё адмаўляецца: Дзякуй за клопат. А што тады буду рабіць я? Калі што трэба будзе, то школа мне дапаможа.
2022 год – юбілейны для Сафіі Іванаўны: яна будзе адзначаць сваё 90-годдзе. Пажадаем жа ёй Божай міласці і многае, многае, многае лета…
P.S. Сафія Іванаўна будзе вельмі рада, калі да яе патэлефануюць былыя вучні, разбавяць яе адзіноту (тэл. 8(01564) 3-19-54), ці завітаюць у госці (вул.Садовая, дом 14, аграгарадок Галынка).
Настаўнік хіміі і біялогіі Галынкаўскай СШ
Марыя ХУДЗЯЕВА
Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Комментарии отключены