Як цяжка вымавіць «Люблю!»… Паэтычная калекцыя вершаў пра каханне ад паэтаў, народжаных у дзень Святога Валянціна

- Алесь (Пётр Барысавіч) Звонак нарадзіўся 14 лютага 1907 г. у Мінску ў сям’і рабочага-муляра.
- Працаваў адказным сакратаром газеты “Чырвоная Полаччына” і ўзначальваў полацкі філіял “Маладняка”.
- У 1927 – 1930 гг. працаваў на Беларускім радыё і ў часопісе “Маладняк”.
- У 1931 г. скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне філфака БДУ імя У.І.Леніна, у 1934-м – аспірантуру Акадэміі мастацтвазнаўства ў Ленінградзе.
- З вершамі ў друку выступіў у 1925 годзе.
- Аўтар многіх зборнікаў і паэм. Выступаў у галіне крытыкі, драматургіі тэатра і кіно.
- Перакладаў на беларускую мову А.Чэхава, А.Фадзеева, Д.Кугульцінава, А.Пушкіна, М.Някрасава, Р.Гамзатава і інш.
ДЗІВА
Быў цёмны лес. Быў пошчак салаўіны.
Быў берасцянак звонкі пераклік.
Быў сэрцаў стук. Быў момант той адзіны,
Што не бярэ свядомасць на улік.
Згадай яго ты ў светлую хвіліну,
Калі замрэ ў грудзях ад шчасця крык,
Той непаўторны ранак, лёт хвіліны,
Без дум, разваг, без пошлых закавык.
Згадай і рук цяпло, і скрыжаванне
Бяздонных зрэнак, цёмных, нібы ноч,
Адно, як шолах ветрыка, дыханне,
Скупое шчасце на дваіх адно.
А над усім жыцця трыумфаванне,
Дзе явы бляск ярчэй чароўных сноў…
2
Даўно юнацтва ўдалеч адляцела,
Сатлеў на попел прысак пачуцця,
Спакою прагне і душа, і цела,
А не грымот і бліскавіц жыцця.
Так думаў я. Ды па-жаноцку смела
Ты увайшла, як бура ў сон трысця,
У мой спакой. І зноў душа запела,
Адчуўшы радасць, поўную быцця.
З краіны сонца і пяскоў зыбучых,
Як дзіва дзіў, доўгачаканы цуд,
Прыйшла ты ў засень дум маіх
Дрымучых,
Каб зноў вясны ўрачысты перагуд
Ажыў у словах песень неўміручых,
Як падказаў ласкавы твой прысуд.
3
Было і так: пануры і зацяты,
Нібыта скнара, я хаваў глыбей
Усё, чым сэрца і душа багаты,
Што не было прызначана табе.
А ты прыйшла, маё святло і свята,
Мой лепшы лекар ад усякіх бед, –
Я ўсё аддаў, зламаўшы сховаў краты,
Адну цябе пакінуўшы сабе.
І ў прах зляцелі ўсе мае трывогі,
І недаверу цень адскочыў прэч,
Бо ты ізноў паклікала ў дарогу,
Бо след твой час ніколі не сатрэ.
Багаты духам той, хто дорыць многа,
Убогі – хто не дорыць, а бярэ.
4
Я не пад шчаснай зоркаю народжан —
Хапіў я перцу й солі цераз край!
За ўсё цяпер табою ўзнагароджан,
Майго жыцця вячэрняя зара!
Я не шукаў цябе, хоць тройчы згодзен
З тым, што прыйшла сама пад пеўчы грай
Вянком маім нягодам і прыгодам,
Дзе шчырай дружбе месца і пара.
Усё было ў жыцці, апроч спакою,
Былі і рай, і пекла, і любоў…
Цяпер усё запоўнена табою,
Цяпер усё авеяна табой.
Таму й прашу я: будзь сама сабой –
Так лепш, чым быць уласнасцю чужою…
5
Пакуль належу я да той пароды,
Што сэнс шукае ў руху і хадзе,
Са мною будзь усюды і заўсёды
– У яве, ў снах, на сушы і вадзе!
Бо палыну гаркота й ружы водар
Табе і мне аддадзены ў надзел,
Каб страты боль і радасці знаходак
Дзялілі роўна ў шчасці і ў бядзе.
Ты, можа, момант толькі падарыла,
Але вага яго – раўня гадам,
А бляск яго – ярчэй любых свяцілаў;
Таму я памяць светлую не дам
У кіпці забыцця. З нязгаснай сілай
Хай да канца пароўну свеціць нам!
ПРЫСУТНАСЦЬ
Рысіным вокам, шостым пачуццём
Распазнаваў твой сілуэт у змроку,
Калі асенняй слотай, як асцём,
Калючы вецер сіверыў нам шчокі.
Пустых алеек змоклае лісцё
Прыглушвала няспешлівыя крокі.
О, юных душ бязгрэшнае зліццё,
Як зрэнка студні, бляск вачэй глыбокі!..
Куды ўцячэш ад памяці сваёй?
Яна жыве ўва мне, жыве і будзіць
Цяплынь душы, вясёлкавы настрой,
І салаўіны май, і срэбны студзень…
І хоць цябе даўно няма са мной,
Твая прысутнасць век са мною будзе!
ЛЮБОЎ
Хто б ты ні быў і хто б ты ні была,–
Ты з ёю не пазбавішся спаткання.
Ёй век гарэць і не згарэць датла,
Ёй век цвісці, не знаўшы адцвітання.
Такою ты ў душы маёй жыла
І будзеш жыць без болю нараканняў
За тое, што так шмат дала святла
У змроку шматгадовых вандраванняў.
І будзеш жыць зайздросніцы на злосць,
Якой імя – гадоў сівая немач,
Як гаспадыня сэрца, а не госць.
Ты – пакаленняў новых буйны рост,
Напеў нязгаснай чалавечай тэмы,
Вясна жыцця і часу маладосць!
- Міхась (Міхаіл Лявонавіч) Стральцоў нарадзіўся 14 лютага 1937 г. у вёсцы Сычын Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці ў сям’і настаўніка.
- У 1959 г. скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ імя У.І.Леніна.
- Працаваў у газеце “Літаратура і мастацтва”, часопісах “Полымя” і “Маладосць”.
- Першае апавяданне надрукаваў у 1957 г.
- Быў выдатным празаікам і паэтам, перакладчыкам асобных твораў украінскіх, італьянскіх, іспанскіх і лацінаамерыканскіх паэтаў.
- У 1968 г. стварыў цудоўнае эсэ “Загадка Багдановіча”.
***
Не сумую сягоння: навошта?
Mo цягнік пастараўся, а мо
Галубіная лёгкая пошта
Мне прынесла тваё пісьмо.
А чаму не паслаць было чаіц
Ад шумлівых тваіх берагоў,
Каб вясёласць маю прывячалі
Над маркотай асенніх лугоў?
Ix маркота хаця б з нагоды,
Што, зняверыўшыся ў журбе,
Лістападаўскае прыроды
Свет зняверыўся i ў сабе.
Што ўжо рэкі, палі i сёлы,
I прадзьмуты вятрамі лес
У задумнасці невясёлай
Пакарыліся восені спрэс,–
Хоць ад замеці ліставея
Скразнякамі святло ў барах,
Хоць яшчэ і трымціць надзея,
Як лісток на тугіх вятрах.
Гэта ўсё так табе вядома!
Не падумаю я з тугой,
Што бліжэй ты цяпер да дому,
Чым я дома да дому свайго.
Проста гэту красу арабінак,
Гэты лес у асеннім агні
Пасылаю табе на ўспамінак –
Ты вясною мне іх вярні!
***
Развагай сталае пары
Прыходзіць думка неаднойчы,
Што, як ты там ні гавары,
Жыццё – адна або дзве ночы,
Што не прыдумаў гэта сам,
А ўслед падумаў за паэтам,
Што гэтак Пушкін напісаў, –
А ён жа ведаў толк у гэтым!
Маўляў, ці многа на вяку,
Непадуладных паняверцы,
Хвілін, зязюльчыным “ку-ку”
Прапісаных у нашым сэрцы?
І, мусіць, важкая патрэба
Была ў той думцы, калі сам
Абраннік сонечнага Феба
Пра тое думаў і пісаў.
***
Пабудзі мяне рана-раненька,
Прыбяры мяне ты старанненька.
3 дому выйду я – паўзіраюся,
3 наваколлейкам развітаюся.
Не туды пайду, дзе хвашчак расце,
А туды пайду, дзе чабор цвіце.
Шумам-яварам, цвет-калінаю
Мне дарожанька сакаліная.
Стрэчу шчасцейка – не кляні мяне.
Стрэчу горайка – не завi мяне.
Бо жылі з табой мы ў кляцьбе-журбе.
Мне дарожанька – адпачын табе.
***
Імгненні ёсць пакутлівага шчасця –
Ірвуцца ўвысь i слова, i душа.
Ды толькі тое ўсё ў радок не ўкласці,
Як ты яго, радок, не падвышай.
Бо адмыслова, самадастаткова
Само сабой гаворыць пачуццё.
Тады абразай можа здацца слова,
Тады адно – цудоўнасць i жыццё!
***
Хоць ад пары, калі мяне
3 табою вёрсты разлучылі
Tваім паглядам не дый не
За мною тыя дні сачылі, –
Не, не прысніў табе такой
Я долі – сведка бог ці сам я!
Што ж, дні нядружнай талакой
Ішлі i для мяне таксама,
Ды мне не рупіла, бадай,
I незнарок не падалося,
Што ўсё, што мог, я не аддаў
Твайму няспраўджанаму лёсу.
Я думаў проста: мы – сябры,
I што адна ты права маеш
На ўсе інакшыя дары,
I што мяне ты ўспамінаеш
3 пачуццем лёгкім, як уздых
3імой па восені ці леце,
I што пачуццяў маладых
Нам не трымаць ужо на ўмеце,
Што разнасцежана акно
Табе адно, а мне – другое
I што табе з твайго відно
Xi6a суцешнае адно –
I не відно нішто благое.
Я памыляўся! Не спяшаў
У лістапад i ў месяц квецень.
Так размінаецца душа
3 другой душой – i плача вецер.
Як цяжка вымавіць «Люблю!».
Даруй мне ўвечары ці ўранні:
Цябе аб гэтым пакаранні,
Нібы аб ласцы, я малю.
Яніна ШМАТКО
Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Комментарии отключены