Іван Станіслававіч Канановіч: “Самы лепшы выхавальнік чалавека – праца”

На нядаўнім святочным сходзе камуністаў сярод узнагароджаных быў І.С.Канановіч. Кіраўнік раённай ветэранскай арганізацыі С.У.Баган папрасіў журналістаў бліжэй пазнаёміцца з былым сакратаром партыйнай арганізацыі калгаса “Зара”. “Яму ёсць пра што расказаць”, – рэзюмаваў Сяргей Уладзіміравіч.

Iван КАНАНОВIЧ

ДЗІЦЯ ПЕРАМОЖНАГА ГОДА

Год нараджэння Івана Канановіча – 1945-ы, месяц – красавік. Апошнія дні красавіка. І хоць бацька нованароджанага быў на фронце, хлопчык быў доўгачаканым у вялікай сям’і. Яно і зразумела: да яго ў бацькоў было 4 дзяўчынкі. Як не парадавацца прадаўжальніку рода?! Але… лёс яго і яго сястрычак быў вельмі далёкім ад шчаслівага. І не толькі таму, што пасляваеннае жыццё ва ўсіх было галодным і цяжкім. Раслі пяцёра дзетак Канановічаў у вёсцы Бібікі без бацькі. Драма ў сям’і Канановічаў – балючая рана для Івана Станіслававіча, таму мы пра яе гаварыць не будзем. А вось пра мацярынскі подзвіг такіх жанчын, як матуля Вані, Надзея Васільеўна, сказаць вельмі нават патрэбна. Менавіта дзякуючы іх самаахвярнай любові ўдалося захаваць для будучыні краіны па пяцёра-сямёра дзяцей. Яны не апусцілі рук у адчаі, працавалі да знямогі самі і дзетак прывучалі да пасільнай работы. Таму і мужнелі рана такія, як Ваня.

Ён змалку адчуў сваю адказнасць за лёс вялікай сям’і. Дзесьці гадоў у дзесяць пачаў уносіць свой уклад у дабрабыт сям’і. Хоць і малога каштаваў той зароблены Іванам працадзень, але ўсё ж крыху змяншаў нагрузку на матулю. А хлопчык навучыўся кіраваць коньмі, узгорваць спачатку невялікі ўчастак каля дома, а потым і разам з дарослымі выйшаў на калгаснае поле. У 12 год узяў у рукі касу і ў хуткім часе ўпоравень з мужчынамі рыхтаваў сена для калгаснага статка. Навучыўся ўкладваць вазы з сенам ці з саломай, стагаваць і г.д. Безліччу навыкаў, без якіх немагчыма жыць на сяле, авалодаў падлетак.

ВУЧОБА Ў БІБІКАХ І ЗЭЛЬВЕ

Матуля, сама амаль бязграматная, вельмі хацела, каб яе дочкі і сын вучыліся. Спрыяла гэтаму тое, што сямігодка была зусім недалёка ад хаты, дзеці маглі і ў лёгкім адзенні прабегчыся да школы. Усе па чарзе паспяхова закончылі Бібіцкую базавую. На той час моладзь і з няпоўнай сярэдняй адукацыяй была запатрабаванай: старэйшыя дзяўчаты знайшлі сабе працу ў горадзе і змаглі матэрыяльна падтрымліваць малодшых. Ваня, закончыўшы Бібіцкую сямігодку, падаў дакументы ў Зэльвенскую СШ. Вядома, было няпроста: і дарога да школы няблізкая, і дамашнюю мужчынскую работу за яго ніхто не мог выканаць, ды і пераход з беларускамоўнага навучання на рускамоўнае таксама не з лёгкіх. Але неяк навучыўся правільна размяркоўваць час і сілы: і дома свае абавязкі выконваў, і вучыўся не горш за дзяцей з іншых сельскіх школ. Да гэтай пары з вялікай удзячнасцю ўспамінае настаўнікаў, якія дапамагалі адаптавацца да новых умоў, патрабавальна, строга, але і справядліва ставіліся да кожнага вучня: І.В.Іоську, К.І.Папову, Г.Д.Флярову, Л.П.Гана. (Дарэчы, урокі Леаніда Пятровіча Гана вельмі спатрэбіліся ў армейскім жыцці, сталі пропускам на вельмі адказныя спаборніцтвы, пра што раскажам крыху далей).

Школу Іван закончыў у 1963 годзе, чатыры гады спалучаючы вучобу і працу дома (а летам – і ў калгасе). Хацелася вучыцца і далей, але хлопец разумеў, што матуля не зможа фінансаваць яго навучанне ўдалечыні ад дома. Таму з сябрам вырашылі зарабіць крыху грошай і завербаваліся на лесанарыхтоўкі ў Карэлію. (У фільме “Дзяўчаты”, як памятаем, вальшчыкі лесу – галоўныя героі, і там усё вельмі лёгка і прыгожа. У рэальным жыцці ўсё, вядома, намнога складаней: хлопцы нацярпеліся нямала, пабачылі ўсяго. Але многаму і навучыліся).

СЛУЖБА Ў АРМІІ

У тыя гады ў Савецкую Армію прызывалі дзевятнаццацігадовых хлопцаў. Служылі ў розных рэспубліках. Івану пашанцавала: ён усе тры гады служыў у Беларусі, у Брэсце. Хлопцаў з сярэдняй адукацыяй было не так і шмат, яны выдзяляліся інтэлігентнасцю, эрудыцыяй. Да таго ж Іван, як разумеем, быў добра падрыхтаваны фізічна: і дзякуючы працы ў сельскай гаспадарцы, і на лесапавале, і ўрокам Л.П.Гана. Салдата ўключылі ў члены спартыўнага клуба, а калі пачалася падрыхтоўка да чарговай Спартакіяды народаў СССР, яго паслалі ў Маскву, дзе ён стаў членам зборнай каманды ад Узброеных Сіл СССР. Высокі, стройны, прыгожы – ён быў дастойнай кандыдатурай. “Выдатнік баявой і палітычнай падрыхтоўкі, кандыдат у члены КПСС,” – характарызавалі свайго прадстаўніка камандзіры Іванавай вайсковай часці.

Трэніраваліся ў Маскве цэлы месяц і выступілі на стадыёне ў Лужніках проста выдатна. Калі праходзілі міма трыбун, чулі ўзрыўныя апладысменты і ўдзячныя воклічы: “Дзякуй, сынкі, малайцы!”

На памяць аб тых днях у Маскве, экскурсіях па памятных мясцінах сталіцы засталося некалькі фотаздымкаў. На адным з іх – з сябрам каля знакамітай Цар-пушкі (на фота).

ЦЫВІЛЬНАЕ ЖЫЦЦЁ. ПРАЦЯГ ВУЧОБЫ

У Бібікі Іван вярнуўся ўжо членам КПСС, і, калі пайшоў станавіцца ў райкам на ўлік, яму прапанавалі часовую працу і… накіраванне на вучобу ў Магілёўскую савецка-партыйную школу. Хлопец згадзіўся і неўзабаве апынуўся ў Магілёве.

Вучыўся прагна, з задавальненнем, бо ведаў, што не спыніцца на сярэдняй спецыяльнай адукацыі, будзе вучыцца далей, але ўжо завочна: падчас вучобы ажаніўся, набыў статут мужа і гаспадара маладой сям’і. Яго абранніцай стала настаўніца Ніна Іванаўна Карабач. Дзень іх вяселля ў Магілёве яшчэ больш зблізіў з гэтым цудоўным горадам, пакінуў самыя цёплыя ўспаміны.

Пасля двух гадоў навучання вярнуўся на Зэльвеншчыну з дыпломам аб атрыманых спецыяльнасцях: савецкі партыйны работнік і эканаміст. Тагачасны першы сакратар РК партыі М.С.Шыхавец прызначыў яго інструктарам, а праз два гады старшыня райвыканкама П.Ф.Падворны “пераманіў” Івана Станіслававіча да сябе. Тыя гады былі вельмі багатымі на стасункі з паважанымі ў раёне людзьмі. Многаму вучыўся малады камуніст у М.С.Шыхаўца, П.Ф. Падворнага, Н.К.Кашко, В.С. Кашуя, Ч.С. Масюка, С.У. Багана і інш. Каб адпавядаць іх эрудыцыі, менавіта тады вырашыў здзейсніць даўнюю мару – атрымаць вышэйшую адукацыю. Падаў дакументы ў Маскоўскі Усесаюзны юрыдычны завочны інстытут.

Давялося сур’ёзна засесці за падручнікі гісторыі, літаратуры, мовы, бо з дня заканчэння школы прайшло больш дзесяці гадоў. Вытрымаў іспыты, пачаў асвойваць новую для сябе сферу. Веды, якія атрымліваў, неўзабаве спатрэбіліся на практыцы: начальнік сельгасупраўлення запрасіў яго на пасаду юрысконсульта.

Акрамя асноўнай работы, меў і шэраг грамадскіх абавязкаў. Асабліва адказнай была праца народнага засядацеля. Гэта зараз юрыстаў хапае, а тады іх былі адзінкі. Таму калі суддзя (спачатку гэта была Часлава Францаўна Палякова, потым – Ганна Баляславаўна Дубовая) ішла на адпачынак, Канановічу даводзілася самому выносіць прысуд па кожнай справе. “Ох, і нялёгка было, – і зараз уздыхае Іван Станіслававіч, – і не таму, што не мог разабрацца ў законах. Цяжка браць на сябе адказнасць за лёс людзей. А раптам нешта не ўлічыў і вельмі строга пакараў чалавека?”.

ПАРТОРГ КАЛГАСА “ЗАРА”

Жылі Канановічы на той час у Зэльве, марылі палепшыць бытавыя ўмовы. А тут выклікаюць гаспадара ў райкам і прапануюць месца сакратара партыйнай арганізацыі ў калгасе “Зара”. Партыйная дысцыпліна – рэч сур’ёзная: давялося сабіраць пажыткі і пераязджаць у в.Пруд, дзе вызвалялася кватэра папярэдніка. Спачатку было няпроста прывыкаць да новых людзей і абавязкаў. Але ж гэта была яго стыхія – зямля, праца побач з тымі, хто ствараў галоўнае – прадукты харчавання. Партыйная арганізацыя была даволі мнагалікай – 60 членаў партыі як з ліку спецыялістаў, так і з радавых калгаснікаў. Многа вады сплыло ў Зяльвянцы, а і сёння памятае Іван Станіслававіч тых, з кім выконвалі і перавыконвалі планы і сацыялістычныя абавязацельствы, накіроўвалі работу камсамола, дапамагалі прафкаму, удзельнічалі ў ахове парадку ў складзе дабравольных народных дружын, разбіраліся з парушальнікамі працоўнай дысцыпліны на таварыскіх судах і г. д.

Вельмі ўдзячны кіраўніку гаспадаркі В.І.Будрэвічу, які заўсёды дапамагаў парторгу. Ніколі не адмаўляў у дапамозе калгаснікам. Шкадаваў, калі Віктара Іосіфавіча выбралі кіраўніком раёна, але і радаваўся за яго кар’ерны рост. Галоўныя спецыялісты калгаса таксама ні ў чым не саступалі старшыні. Галоўны інжынер Ф.Р.Несцяровіч стаў заслужаным работнікам сельскай гаспадаркі БССР, галоўны эканаміст Б.А.Іскра – уладальніцай ордэна “Знак Пашаны”. Галоўны заатэхнік Г.Ю.Палховіч увогуле быў жывой легендай – настолькі вялікі быў яго аўтарытэт як тэарэтыка і практыка. Галоўны аграном А.М.Мацкевіч настолькі граматна праводзіў усе мерапрымствы па ўзбагачэнні глебы, так па-гаспадарску адносіўся да зямлі, што калгас заўсёды быў у ліку перадавікоў па ўраджайнасці сельскагаспадарчых культур. Вельмі адказна ставілася да сваёй карпатлівай справы галоўны дыспетчар В.М.Новік. Ніводнага разу не спазнілася з падлікам асноўных паказчыкаў і своечасова падавала ва ўпраўленне сельскай гаспадаркі неабходныя зводкі. Галоўны бухгалтар А.Ф.Капылец з эканамістам і старшынёй прафкама Г.Г.Палховіч, зыходзячы з рэальных магчымасцяў і ўлічваючы перспектыву развіцця калгаса, заўсёды былі на баку інтарэсаў радавых калгаснікаў. Калгас-міліянер мог парадаваць людзей і дадатковай (як тады казалі, трынаццатай) зарплатай, і набыць лепшыя ўзоры тэхнікі, і дапамагчы школам ды ўстановам культуры.

Спецыялісты калгаса заўсёды адгукаліся на заклікі парторга, часта выходзілі на суботнікі, каб дапамагчы паляводам і жывёлаводам. Прычын для гэтага – сур’ёзных, ненадуманых – было нямала. Вось убачыў Канановіч, што не спраўляюцца жанчыны-цялятніцы ачышчаць ад гною месца каля кармушак. Як не дапамагчы жанчынам?! Сіноптыкі нагадваюць аб блізкіх навальніцах – значыць, трэба спяшацца на луг, каб скласці ў стагі сухое сена ці пагрузіць яго на машыны ды адвезці на ферму. А колькі разоў выязджалі на палі, каб ачысціць іх ад камянёў – вечных спадарожнікаў паляводаў! У час жніва дружна выходзілі падбіраць каласы пасля камбайнаў. (“Нават сёння, – кажа Іван Станіслававіч, – не ўдаецца на 100% сабраць увесь ураджай, і гэта сур’ёзная праблема для вытворцаў камбайнаў”). Восенню дапамагалі калгаснікам загружаць у вагоны бульбу, каб своечасова адправіць яе ў іншыя саюзныя рэспублікі. Поруч з радавымі калгаснікамі палолі і чысцілі буракі: жылі адной сям’ёй – ад палявода да старшыні.

І парторг, і спецыялісты калгаса стараліся кожны год адзначаць лепшых працаўнікоў. Шмат хто атрымліваў ад праўлення падзякі і грашовыя прэміі, многія станавіліся ардэнаносцамі. Так, Пётр Канстанцінавіч Радзіон да медалёў дадаў ордэны Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга, Яўген Васільевіч Латош – да медаля “За працоўную доблесць” – ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга. На іх раўняліся сябры-механізатары (а ў час жніва – і камбайнеры) І.І.Мысліцкі, Р.І.Латош, М.І.Радзіон. Сярод даярак М.А.Махнач, Г.А.Мысліц-кай, В.А.Прыступы заўсёды першынствавала С.Ф.Лазоўская. Яна стала ўладальніцай двух ордэнаў Працоўнай Славы ІІ і ІІІ ступеняў.

Нялёгкай была справа і ў даглядчыкаў жывёлы І.М.Жарко, Ч.М.Жака, Ф.Ф.Махамеда, Ф.І.Латош. Яны адкормлівалі па 100120 галоў! Не раз адзначалі падзякамі вадзіцеляў І.К.Пузача, А.П.Латаша, К.П.Жука, Б.В.Латаша, у якіх тэхніка заўсёды была ў ідэальным парадку. Ды і сярод паляводаў былі свае “маякі”.

Было ў парторга шмат прыемных момантаў. Кіраўніцтва калгаса вялікую ўвагу ўдзяляла культурнаму адпачынку калгаснікаў. Нялёгка было Івану Станіслававічу ўгаварыць занятых на рабоце і дома людзей прыйсці на рэпетыцыю хора, вакальнай групы. Але калі сам “камісар” развучвае новыя песні, як не прыйсці ў клуб?! Хоць не часта, але выязджалі і на экскурсіі па вобласці і рэспубліцы, знаёмілі людзей з памятнымі мясцінамі роднай Беларусі, помнікамі культуры і гісторыі. Пасля памятных падзей 1991 года, калі партыйная арганізацыя прыпыніла сваё існаванне, Канановіч не застаўся без працы. Ён яшчэ некалькі гадоў узначальваў будаўнічую брыгаду калгаса, разам з С.А.Бялковым, Л.С.Чарнышом, М.Г.Палховічам і інш. рамантавалі майстэрні, кароўнікі, цялятнікі. Некалькі гадоў быў майстрам ад ЖКГ.

І хоць нямала часу прайшло, як выйшаў Іван Станіслававіч на пенсію, ад былых калег сябе не аддзяляе. Заўсёды ўважліва сочыць за поспехамі сынкавіцкай гаспадаркі, у якую ўліўся калгас “Зара”, радуецца, што растуць ўраджайнасць зерневых, надоі малака на карову і г.д. “Значыць, недарэмна працавалі і мы, папярэднікі”, – лічыць Канановіч.

ГОНАР ЗА ПРОДКАЎ І СВАЮ СЯМ’Ю

Сям’я КАНАНОВІЧАЎ

Іван Станіслававіч ганарыцца сваімі продкамі, на долю якіх выпалі дзве сусветныя вайны. Бабуля з дзядулем вымушаны былі пакінуць родныя Даўгаполічы, стаць бежанцамі. Дзядуля ў дарозе захварэў і памёр, а бабулі адной давялося перажыць усе ліхалецці. Дадому вярнуліся ў 1921-м годзе; зямлі мала, не заўсёды хапала хлеба на стале, зерня, каб пасеяць вясной. Толькі пачалі крыху абжывацца – зноў вайна, яшчэ больш суровая. Не дзіўна, што так хацелі бабуля і матуля, каб жыццё дзяцей не было падобным на іхняе: вучылі, не зважаючы ні на якія цяжкасці. “Як бы яны радаваліся, каб маглі бачыць маіх дзяцей і ўнукаў, – кажа Іван Станіслававіч. – У нашай з жонкай сям’і 10 чалавек ужо маюць вышэйшую адукацыю. А яшчэ ж малодшыя ўнукі падрастаюць…”

Іван Станіслававіч і Ніна Іванаўна па-ранейшаму жывуць у Прудзе. Маюць прысядзібны ўчастак, вырошчваюць на ім не толькі бульбу. Пасадзілі яблыні, вішні, парэчкі, агрэст, у апошнія гады – і клубніцы. Ёсць чым парадаваць сына, дачок і ўнукаў. А яшчэ Іван Станіслававіч – вялікі аматар “ціхага палявання” на грыбы і ягады. Ды і вуду нярэдка бярэ ў рукі. Без справы сябе не ўяўляе. Такі ён, гадаванец пераможнага 45-га. Упэўнены, што выхаваць дастойнага чалавека можна толькі тады, калі той змалку прывучаны да працы.

Яніна ШМАТКО

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем  Telegram-канале.  Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены