У Караліне звінеў “Перазвон талентаў”

У чарговы раз землякі пераканаліся, што зэльвенскі край багаты на таленавітых майстроў. Пабываўшы на брэндавым фальклорным свяце “Перазвон талентаў”, якое ў суботні выхадны ладзілася ў аграгарадку Каралін, кожны па-добраму пазайздросціў здольнасцям і магчымасцям умельцаў. А яны маляўніча вышываюць, арыгінальна вяжуць, плятуць з газетнае лазы, ствараюць прыгожыя рэчы з дрэва і, пры гэтым, рады падзяліцца сакрэтамі свайго майстэрства, перадаць іх дзецям і ўнукам, захаваць народныя традыцыі.

Цудоўны настрой панаваў на пляцоўцы каля мясцовай установы культуры далёка да пачатку мерапрыемства. Здалёк увагу прываблівала выстава народных рамёстваў, дзе свае вырабы ручной работы прадставілі Уладзімір і Аляксандр Ішчанка (сапраўдныя майстры разьбы па дрэву), Марыя Масальская, Людміла Хяркова, Раіса Таболіч (таленавітыя вышывальшчыцы), Тамара Пачынчык (вопытная рукадзельніца кручка і пруткоў), Соф’я Сакалоўская і Ірына Крэчка (кіраўнік і ўдзельнік гуртка “Некогда скучать” па пляценню з газетнай лазы філіяла ЦСАН), Святлана Масальская (маладая мастачка). Для жадаючых праводзіліся майстар-класы.

Тут жа размясціўся “Крывіцкі падворак”, дзе можна было пачаставацца свежым маслам і сырам. Дзяцей прываблівалі батут, салодкая вата, кулінарныя прысмакі і продаж сувеніраў.

Дарослым цікава было дзейства, на якое запрасілі вядучыя – Гаспадыня і Суседка.

Мэта свята – захаваць народныя традыцыі і промысел, – адзначыла загадчык сектара па арганізацыі культурна-дасугавай дзейнасці жыхароў аг. Каралін Лідзія Кіслая. – Паказаць, наколькі таленавітыя нашыя людзі. Іх аўтарскія работы – гэта багатая рамесная спадчына, якую трэба зберагчы, якой неабходна зацікавіць падлеткаў, каб у іх з’явілася жаданне вывучыць тонкасць справы і зберагчы народную творчасць.

Да яе думкі далучылася намеснік дырэктара па ідэалагічнай работе дзяржаўнага прадпрыемства “Галынка” Галіна Яцулевіч, якая дапоўніла, што ў Год гістарычнай памяці важна аднавіць не толькі народныя фальклорныя святы, але і звычаі вёсак, малых і вялікіх населенных пунктаў, узгадаць ветэранаў вайны і працы, ладзіць мерапрыемствы для таго, каб людзі маглі і павесяліцца, і пагаварыць, і даведацца аб чымсьці новым, і адпачыць. У сваю чаргу ад імя дырэкцыі КСУП Галіна Уладзіміраўна прыпаднесла майстрам – сувеніры, а ўдзельнікам свята – салодкі пачастунак.

Вясёлыя музычныя рытмы падбадзёрылі каралінцаў. Некаторыя падпявалі артыстам – народнаму ансамблю “Весялуха”, калектывам аматарскай творчасці з аг. Бародзічы, Цяглевічы, Крывічы, салістам. Гумарэскамі павесялілі народ культработнікі з Князева і Міжэрычаў. Цікава і весела было падчас майстар-класа па побытавых танцах, урокі па якім давалі загадчык Лілія Кучарава і спецыяліст Марына Букатая аддзела па правядзенню культурных мерапрыемстваў РЦКіНТ. Прыйшліся даспадобы і конкурсы, гульнёвая і танцавальная пляцоўкі.

Неабходна часцей звяртацца да сваіх каранёў і адраджаць нашу традыцыйную культуру, – гаворыць Лідзія Залізка. – Сёння мы трапілі ў маленькі культурны “аб’ект” пад цудоўнай назвай – “Перазвон талентаў”. Гэта азначае, што аб таленавітых майстрах трэба заяўляць ва ўвесь голас, на ўвесь свет. Іх імёны павінны ведаць землякі, іх работамі – ганарыцца. Што датычыцца свята, наогул, люблю ўсе мерапрыемствы, якія звязаны з фальклорам, гісторыяй, са спадчынай. Вялікі дзякуй арганізатарам і ўдзельнікам за свята, падчас якога не прыйшлося сумаваць.

Каралінцаў таксама прывітала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Раманчук, якая пажадала, каб народныя святы, якія ладзяцца на каралінскай зямлі мелі прадаўжэнне і прыцягвалі як мага больш людзей:

На фальклорных святах, а іх нямала на Зэльвеншчыне, адбываецца росквіт талентаў, талентаў нашых рамеснікаў і майстроў, беларускіх традыцый і звычаяў, праяўляецца сапраўдная любоў да фальклору, духоўных і культурных каштоўнасцей. Настрой на святах ствараюць самі сяльчане, якія напаўняюць родны куточак сваёй энергіяй, дабрынёй і адкрытасцю. Жадаю, каб “Перазвон талентаў” яшчэ доўгія гады звінеў над малой радзімай.

Людміла ПОПКА

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены