Артыст Іван Матах: “Галоўнае – рабіць тое, што падабаецца, і рабіць гэта творча, прыўносячы нешта сваё, унікальнае”
Сапраўднае мастацтва кранае людскія душы і сэрца. Асабліва прыемна, што таленавіты калектыў народнай эстраднай студыі “Рэтра”, які ўжо 15 гадоў дорыць радасць і станоўчыя эмоцыі любімаму гледачу, сёння ў выдатнай прафесійнай форме і вырашае складаныя задачы. У гэтым немалая заслуга яго кіраўніка Івана Матаха.

МАЛЕНЬКАЯ ПРАДГІСТОРЫЯ
Імкненне да пераўтварэння рэчаіснасці, што спрыяе развіццю творчай фантазіі, закладзена ў глыбіні роду. Так, дзядуля па лініі матулі добра валодаў музычным інструментам. На гукі гармоніка ў яго спрактыкаваных руках, як успамінае Іван, ішла ўся вёска. Варта зазначыць, што ўнуку крыху пазней, у маладыя гады, падуладны сталі баян і акардэон. А ў час вучобы ў Ваўкавыскім педвучылішчы, затым у Гродзенскім універсітэце імя Янкі Купалы аматарскія спробы заняткаў вакалам паўплывалі на фарміраванне ў юнака любові да песні.
Малады настаўнік пачатковых класаў Цяглевіцкай сярэдняй школы вёў шэраг іншых прадметаў. Цудоўныя музычныя дадзеныя і адукацыя добрым узаемінам з вучнямі і дарослымі толькі дапамагалі: “Спяваць натхнёна, дастаўляючы эстэтычную асалоду не толькі сабе, але і слухачам – што можа быць лепш за гэта?!”.
ПРАФЕСІЯ ДЛЯ ДУШЫ
“Галоўнае – рабіць тое, што падабаецца, і рабіць гэта творча, прыўносячы нешта сваё, унікальнае”. Гэты прынцып і дапамог, калі сям’ёй 14 гадоў назад вырашылі перабрацца ў Зэльву. Вось тут, як зазначае Іван, ён змяніў сферу дзейнасці – уладкаваўся акампаніятарам у народны калектыў “Званочкі” Дзярэчынскага Дома культуры.
У ліку апантаных творчасцю людзей і працягваў Іван Іванавіч адточваць сваё майстэрства. У любым мерапрыемстве пасёлка, рэгіёна “Званочкі” з вялікім задавальненнем прымалі ўдзел. Неаднаразова выступалі з канцэртамі ў Мастоўскім, Ваўкавыскім, Свіслацкім, Слонімскім раёнах. Салісты на чале з Таццянай Слёзнік, якая і сёння мастацкі кіраўнік калектыву, радавалі сваімі музычнымі нумарамі гасцей свята “Ганненскі кірмаш”. Іх цёпла віталі на абласным фестывалі “Дажынкі” на шчучынскай зямлі. Назапашаны ў ансамблі народнай песні плённы вопыт, вялікі творчы патэнцыял дапамаглі Івану Іванавічу ў 2020 г. далучыцца да новага аматарскага аб’яднання.
Моцнай дзяржаву робяць таленавітыя творчыя людзі. Менавіта “Рэтра”– садружнасць работнікаў культуры, педагогаў – стала чарговай прыступкай у дзейнасці Івана Матаха. Ён узначаліў калектыў, якому пяццю гадамі раней было прысвоена наймен- не “народны”, і тут практычна адразу знайшоў аднадумцаў і сяброў.
Загучалі рэтра-шлягеры, сучасныя мелодыі ў арыгінальнай апрацоўцы, класічныя творы, песні айчыннай, замежнай эстрады. Студыйцы неаднаразова станавіліся дыпламантамі і лаўрэатамі музычных фестываляў як выдатных урокаў павышэння прафесіяналізму для ўдзельнікаў. Ёсць значныя асабістыя дасягненні і ў героя артыкула.
“Рэтра” падтрымлівае творчыя сувязі з раёнамі Гродзенскай і Брэсцкай абласцей. Розныя гарады і вёсачкі роднай Беларусі, расійскі Ніжні Ноўгарад апладзіравалі калектыву, заваяваныя яго майстэрствам. “У выніку ўдзелу ў рэспубліканскіх і міжнародных аглядах-конкурсах, святочных абрадавых прагра- мах, напоўненых гармоніяй і прыгажосцю, аўдыторыя прыхільнікаў прырастае новымі людзьмі, што сустракаюць нас з вялікай цеплынёй і захапленнем. Сучаснаму “Рэтра” гэта толькі на карысць,” – лічыць Матах. Сапраўды, людзям рознага ўзросту прадастаўлены шырокі выбар: у праграме – кампазіцыі, цікавыя ўсім і кожнаму.
Склалася выдатная “дзясятка” спецыялістаў культурна-дасугавай дзейнасці. У гэтай супольнасці тварыць лёгка і прыемна. Стабільны склад студыі, імкненне кожнага да самаразвіцця, падмацаванае жаданнем займацца любімай справай, усяляе веру ў паспяховы творчы лёс дружнага і энергічнага калектыву.
Варта дадаць, што ўдалося застаць І.І.Матаха ў рэпетыцыйнай зале. Тэмамі размовы сталі штодзённая праца і бліскучыя перамогі, дасягненні і творчыя планы. Аб чым бы ні гаварылі, субяседнік больш ахвотна, чым пра сябе, выказваўся пра іншых – родных людзей (Іван Іванавіч – шчаслівы муж і тройчы тата. – Заўв. аўтара) і калег.
“Якімі дасягненнямі вы ганарыцеся?” – цікавімся ў Івана Матаха. “Пахвалы заслугоўвае кожны артыст. Але асаблівы гонар за нашых дзяўчат: Таццяна Праскурская, Арына Гродзь, Марына Букатая выходзяць на сцэну і радуюць сваім майстэрствам. Гукарэжысёр Сяргей Лапата ўносiць неад’емны ўклад у апрацоўку гучання артыстаў са сцэны… Увогуле, творчае развіццё бясконцае: мы пастаянна рухаемся наперад. Дарэчы, трапіць на нашу старонку ў сацыяльных сетках (“Аднакласнікі”) можна ў любы час”.
ПЕСНЯ, ШТО ЗЫХОДЗІЦЬ З САМАГА СЭРЦА
“Апошнія два гады даводзілася працаваць у нязвыклых умовах, – гаворыць Іван Іванавіч. – Рабочы працэс мы не спынялі і за час вымушанай самаізаляцыі зразумелі: існуе вялікая колькасць анлайн-магчымасцей, каб наш глядач змог атрымліваць асалоду ад мастацтва”.
Рэтра-кампазіцыі напаўняюць цяплом, могуць і развесяліць, і крануць да слёз. Водгукі пэўнага перыяду і дыктуюць стыль, рытм, тэмперамент, эмацыйную афарбоўку. “Музыка мінулых гадоў і не толькі, – прызнаўся Іван, – дапамагае “строить и жить”.
Апошнім часам запатрабаваны рэпертуар айчынных “Драздоў”, у якім зэльвенцы знайшлі вырашэнне ўласных творчых пошукаў. Кожная песня ў выкананні “Рэтра” як новае жыццё, у якое трэба ўвайсці і пражыць так, каб запомнілася назаўжды. За ўсім гэтым – велізарная праца і, вядома, самадысцыпліна аматараў лірыкі. І іх творчасць не проста прыгожая песня. Тое, што яна ідзе ад самага сэрца пазітыўных людзей з тонкім пачуццём прыгожага, не можа не кранаць…
РЭЦЭПТ ШЧАСЦЯ АД ІВАНА МАТАХА
“Для зняцця напружання не патрабуецца прымаць мноства лекаў – дастаткова проста праспяваць любімую песню, – сцвярджае Іван Іванавіч. – Як ручаёк лясны ў ранiшняй цішы, звiнiць i ўдаль плыве, як пошум спелай нiвы, як зорны перазвон, – мелодыя душы, маёй Айчыны спеў высокi i праўдзiвы.” Так уславім у асобе Івана Матаха тых, хто беражліва захоўвае народнае мастацтва, нагадвае пра тое, хто мы на самай справе!
Любоў ШЭЙКА
Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Комментарии отключены