Народны хор ветэранаў працы “Успамін” святкуе юбілей
Творчасць робіць душу маладой
І спыніцца нам не дазваляе.
Песняй, думкай, шчырай душой
Мы радзіму сваю праслаўляем!
Такімі кранальнымі паэтычнымі радкамі прывітаў гледачоў самы паважаны на Зэльвеншчыне калектыў – народны хор ветэранаў працы “Успамін”. Менавіта сёлета, 25 мая, ён святкуе юбілей – 20-годдзе існавання ў званні народны. З гэтай нагоды артысты залатога ўзросту падрыхтавалі для зэльвенцаў канцэртную праграму, у якой прызналіся ў любові да роднага краю і землякоў.

Адгарнем старонкі гісторыі і вернемся ў сярэдзіну 90-х гадоў былога стагоддзя. Таленавітыя і творчыя работнікі культуры Тамара Кісель і Раіса Малахоўская ў пошуках цікавых нумароў, новых імён і выдатных вакальных дадзеных час ад часу запрашаюць зэльвенскіх жанчын і мужчын прыняць удзел у выступленнях. Дзень за днём, назіраючы, як адкрываюцца здольнасці выканаўцаў, арганізатары ловяць сябе на думцы аб стварэнні не толькі вакальнай групы, але і хору. Салісты, сэрцам адданыя песеннай творчасці, аб’ядноўваюцца ў калектыў пад назвай “Успамін”. Як напамін аб былых ваенных гадах, як даніна памяці пераможцам, як пашана да сваёй багатай гісторыі, як павага да культурнай спадчыны. І ў яго першых радах – ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і ветэраны працы. Аднагалосна музычным кіраўніком абрана Тамара Лявонцьеўна, а акампаніятарам Раіса Іванаўна. Пачынаецца праца над разнастайным рэпертуарам, вызначаюцца дні для рэпетыцый. Вынікам становіцца ўдалы дэбют на Дзень Перамогі. Узровень вакальнага майстэрства, высокі талент, упрыгожаныя ваеннымі і працоўнымі ўзнагародамі касцюмы проста ўразілі землякоў і гасцей райцэнтра. З гэтага моманту бурныя апладысменты пачалі раздавацца ў адрас удзельнікаў хору ўсё часцей і часцей.

Натхненне не пакідала ні арганізатараў, ні артыстаў. Іх выступленні сталі візітнай карткай на многіх раённых мерапрыемствах, яны сталі жаданымі гасцямі ў кожным куточку Зэльвеншчыны і па-за яе межамі. А праз два гады, у 1998-м, зэльвенскія выканаўцы паспрабавалі падарыць сваю праграму ўдзельнікам абласнога фестывалю ветэранаў вайны і працы “Не старэюць душоў ветэраны”. І трэба сказаць – зал сустрэў авацыямі. Больш таго, калектыў быў упершыню адзначаны каштоўным падарункам упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама. Паспяховым стаў і 2003 год, калі за высокі ўзровень выканання, узор патрыятычнага выхавання і жыццёвага аптымізму, папулярызацыі песеннай і паэтычнай творчасці хору было прысвоена званне “народны”.

З таго часу “Успамін” займае пачэснае месца ў штогадовым абласным мерапрыемстве, прымае удзел у раённых святах, святочных праграмах. Канешне ж, жыццё не стаіць на месцы, час бяжыць… Змяняюцца ўдзельнікі, змяняюцца музычныя кіраўнікі. Але кожны, хто ўваходзіў у склад калектыву і браў на сябе адказнасць за яго выступленні, пакінуў заметны след у гісторыі хору. Таму ўзгадаем імёны Кацярыны Лісавай, Марыны Бусловіч, якія апрабіравалі і такія формы выступленняў, як творчыя дуэты, трыа, квартэты, разбаўлялі рэпертуар паэтычнымі і празаічнымі творамі.



У апошні час по творчым шляху разам з ветэранамі працы крочыць хормайстар Ірына Раманчык і аматар музыкі і песні, акампаніятар Віктар Жук. І жыве ў гэтым калектыве непаўторная атмасфера творчасці, асаблівы настрой праслаўляць песняй свой родны край. Рыхтуюцца цікавыя паспяховыя выступленні, у рэпертуар уключаюцца песні беларускіх і савецкіх паэтаў, творчых землякоў, асабістыя паэтычныя творы. “Успамін” застаецца ўдзельнікам раённых і рэгіянальных мерапрыемстваў, у тым ліку абласнога традыцыйнага фестывалю.



У юбілейную дату шчырыя словы віншаванняў і найлепшыя пажаданні гучалі ў адрас ўдзельнікаў народнага хору з вуснаў начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Зэльвенскага райвыканкама Галіны Раманчук, дырэктара раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Вольгі Саўко, старшыні раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Святланы Жабрак, старшыні раённага савета ветэранаў Сяргея Багана. Чарговую высокую адзнаку атрымаў “Успамін” ад упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама — Ганаровую грамату за актыўную канцэртную дзейнасць, развіццё і папулярызацыю вакальнага майстэрства. Таксама адзначаны Падзячным лістом Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці, Ганаровай граматай аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Зэльвенскага райвыканкама, граматамі раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, раённага савета ветэранаў, каштоўным падарункам “БСЖ”. За папулярызацыю выканаўчага майстэрства і актыўны ўдзел у культурным жыцці раёна граматы раённага цэнтра культуры і народнай творчасці ўручаны Анатолію Вярстаку і Міхаілу Пазнанскаму.


У сваю чаргу, узнёслымі светлымі пачуццямі праз песню падзяліліся з зэльвенцамі таленавітыя выканаўцы. І ў каторы раз прадэманстравалі сваю непаўторнасць, паказалі творчы майстар-клас. “Браво!” даносілася амаль пасля кожнага нумару. Цудоўны калектыў, цудоўныя салісты Міхаіл Пазнанскі, Анатолій Вярстак, Марыя Жоглік, Марына Ражкова, Вера Рыбарчык, Ірына Раманчык, Галіна Андрэева, дэкламатары Вольга Ляскевіч, Святлана Мацкевіч радавалі кожным сваім выступленнем.





— Спяваю з дзіцячых гадоў, — прызнаецца самы старэйшы ўдзельнік хору Анатолій Станіслававіч Вярстак. – З песняй сябраваў у школьныя гады, і быў адзін з самых актыўных артыстаў школьнага хору. Праз час стаў часцінкай “Успаміну”. Маё сэрца адпачывае, калі я выходжу ў складзе калектыву на сцэну. Душа радуецца, што мы можам на працягу амаль трох дзясяткаў гадоў дарыць сваю песенную творчасць слухачам. Больш таго, у нашым рэпертуары – патрыятычныя творы, праз якія мы выхоўваем у моладзі самыя галоўныя пачуцці – любоў да бацькоўскай зямлі, Айчыны. У Год міру і стварэння асабліва важна якаснае патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення для абароны суверэнітэту сваёй краіны. Канешне ж, мы – прыклад жыццёвага аптымізму, актыўных грамадзян і нераўнадушных да гістарычнай і культурнай спадчыны людзей.
Людміла ПОПКА
Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Комментарии отключены