Адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб’яднання “Малюся Слову”
На лiпенскае пасяджэнне клуба «Малюся Слову» аддзялення забеспячэння дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва былi запрошаны «заране» — юбiляры месяца Святлана Лiтвiнчык i Валянцiн Семяняка.

Госці імпрэзы невыпадкова апынуліся разам: у іх біяграфіях і творчасці шмат агульнага. Яны не толькі юбіляры месяца, але і года. Таму ў адзін і той жа час закончылі школу, праз пяць год – універсітэт, сталі настаўнікамі, упэўнена дабіваліся вышынь у прафесіі, паэзіі і грамадскай дзейнасці. Імпрэза праводзілася ў форме вуснага часопіса. Яго старонкі давалі магчымасць як мага больш даведацца пра інтэнсіўнае жыццё гасцей.
І першая ж старонка акунула і іх самых, і прысутных у дзяцінства і юнацтва.
“Я дзяцінства помню да драбніцаў,” – заяўляла ў сваім даўнім вершы Святлана Іванаўна і сапраўды згадвала самае важнае з той шчаслівай пары. “Да першых сцежак і пачуццяў” звярнуўся і Валянцін Міхайлавіч. “На ўсё жыццё запомніў я наказ бацькі: рабі адразу ўсё так, каб не трэба было потым перарабляць, каб не было сорамна за зробленае ці рукамі, ці галавой, – дзяліўся ён успамінамі пра дарагога чалавека.
Члены клуба Галіна Карнач і Таццяна Мананнікава дапоўнілі празаічныя ўспаміны паэтычнымі: “Я дзяцінства помню да драбніцаў”, “Калі былі мы проста маладыя” Святланы Літвінчык і “Ночью в городе” ды “Нам трэба некалі вяртацца” Валянціна Семянякі.

Хоць нарадзіліся нашы госці ў суседніх раёнах, але Зэльвеншчына стала для іх любімым і дарагім домам. Тут яны пачыналі працоўны шлях у школах, тут уздымаліся па кар’ернай лесвіцы, тут першыя крокі зрабілі іх дзеці. Таму такое замілаванне чуецца ў іх вершах пра зэльвенскія краявіды, што прагучалі з вуснаў Алены Еўдакімавай, Надзеі Жамойцінай, Галіны Рудой, Святланы Мацкевіч, Ірыны Кавалевіч і Валерыі Селівёрставай.

Старонка часопіса “Выбар прафесіі – шчаслівая выпадковасць ці мара дзяцінства” перанесла ўсіх у канец 70-х — пачатак 80-х гадоў мінулага стагоддзя, калі перад героямі сустрэчы паўстала пытанне: кім быць? Святлана, матуля якой працавала бібліятэкарам, ужо ў 5 гадоў навучылася чытаць. Школьныя настаўнікі-філолагі сталі прыкладам для таленавітай вучаніцы, бо апантана любілі літаратуру. Таму яна заўсёды мроіла аб настаўніцкай прафесіі. Вучылася на філфаку БДУ у таленавітых педагогаў, наведвала ўсе сустрэчы з творчымі людзьмі краіны (а такіх сустрэч праводзіў факультэт нямала), убірала ў сябе ўсё самае неабходнае для будучай работы з дзецьмі. Пасля заканчэння ўстановы трапіла ў Елкаўскую школу, дзе і засталася да сённяшняга дня. Тут выгадавала армію настаўнікаў, у тым ліку і філолагаў.

Некаторыя з іх зараз плённа працуюць побач са сваёй настаўніцай, што яе вельмі радуе. У свой час Святлане Іванаўне РАНА даверыў эксперымент: метад вертыкальнага аб’яднання рознаўзроставых груп. Яе вопыт дазволіў зрабіць вывад аб мэтазгоднасці такой практыкі ў выкладанні мовы і немэтазгоднасці – у выкладанні літаратуры. Яна распрацавала некалькі метадычных дапаможнікаў для настаўнікаў роднай мовы і літаратуры. Як падкрэсліла педагог у выступленні, яна ніколі не расчаравалася ў выбары прафесіі.
Валянцін Міхайлавіч змалку цягнуўся да дакладных навук, нават пасля базавай школы хацеў паступаць у Брэсцкі тэхнікум чыгуначнага транспарту. Мудры бацька паспрыяў далейшай вучобе сына ў старэйшых класах школы. І ўжо пасля дзесяцігодкі юнак падаў дакументы на фізічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Праўда, факультэт тады быў месцам некалькіх эксперыментаў, у выніку якіх нехта са студэнтаў зацікавіўся працай на “Азоце”, нехта – на Лідскім заводзе аптычных прыбораў. Выпускнік Цяглевіцкай СШ не паддаўся на сумніўныя эксперыменты, застаўся верным настаўніцкай справе. Праўда, калі пачаў працаваць у школе (гэта была Славаціцкая СШ), выпрабаванні працягваліся. “Давялося весці яшчэ і матэматыку, а там не ўсё ў мяне атрымлівалася. І я вельмі ўдзячны дырэктару школы Ф.Ю.Лучко, які вельмі тактоўна дапамог мне, не даў расчаравацца ў правільнасці абранага шляху.
Наадварот, нешта разгледзеў ува мне і парэкамендаваў маю кандыдатуру ў якасці дырэктара Дзяркацкай школы,” – успомніў Валянцін Міхайлавіч, а потым дадаў: “Менавіта там, у невялічкай базавай школе, я змог дэтальна разабрацца ва ўсіх тонкасцях работы кіраўніка і ўжо ў Князеве на пасадзе дырэктара сярэдняй школы адчуваў сябе даволі ўпэўнена”. Вершы гасцей пра настаўніцкую працу, якія прагучалі ў выкананні Ірыны Кавалевіч, Галіны Рудой, Таццяны Мананнікавай, падкрэслілі іх вернасць юнацкаму выбару. Удзельнікаў імпрэзы (не забываем, што гэта члены літаратурнага клуба), вядома, асабліва цікавіла старонка “Паэзія – дарадца ці надакучлівы цяжар”. “Калі вы пачалі пісаць?”, “Як ацэньвалі ваш паэтычны дэбют вашы блізкія?”, “Чаму пішаце на дзвюх мовах?” – усё цікавіла аматараў Слова. І госці давалі грунтоўныя адказы на пытанні. Валянціну Міхайлавічу яго паэтычны дэбют запомніўся на ўсё жыццё, бо ён нечакана атрымаў за яго ад бацькі… добры наганяй. Справа ў тым, што хлопчык свой першы верш-пажаданне прысвяціў матулі, якая лячылася ў бальніцы. Тая ж так расчулілася, што ўсю ноч не магла заснуць.
Дзяжурная медсястра, даведаўшыся аб прычыне слёз, папрасіла бацьку, каб той паўшчуваў сына. Але хіба можна забараніць тое, чым жыве душа, тое, што дапамагае выказаць самае патаемнае і дарагое?! Гэта зразумелі настаўнікі-філолагі Цяглевіцкай школы і цярпліва вучылі хлопца прамудрасцям вершаскладання. І ён працягваў пісаць маме паэтычныя віншаванні ці то з 8 Сакавіка, ці то з днём нараджэння. “Ужо пасля смерці матулі я знайшоў у яе пісьмовым стале стосік маіх паштовак. Значыць, яны былі ёй дарагія, калі зберагала,” – зрабіў выснову Валянцін Міхайлавіч. І сапраўды: хіба беражэш тое, што не грэе душу?! Святлана Іванаўна пісаць пачала таксама рана. Нават нагадала адзін з вершаў, створаных у 7 класе, які здзівіў глыбінёй адчування дзяўчынкі. Аднак друкавацца не спяшалася “Я стихи стихами называть боюсь,”– пісала яна ў адным з вершаў. Угаварыла даслаць некалькі твораў для літаратурнай старонкі ў “Працу” былая рэдактар газеты Клаўдзія Крэчка. А Валянціну Міхайлавічу пераадолець няўпэўненасць у паэтычных здольнасцях дапамог прафесійны паэт – наш зямляк Уладзімір Мазго. Шэраг вершаў гэтай старонкі агучылі Святлана Мацкевіч, Ларыса Сталпец, Алена Пайзулаева, Галіна Карнач, Таццяна Мананнікава, Валерыя Селівёрстава, Надзея Жамойціна.
Як няпроста сумяшчаць прафесійную работу, паэзію і грамадскія абавязкі, гаварылі на старонцы “Грамадская і дзяржаўная дзейнасць”. Яскравей зразумець стан няўрымслівых сэрцаў нашых гасцей дапамаглі іх вершы: “Роздум”, “Элегія”, “Надзея” Святланы Літвінчык, “Малітва”, “Вечный вопрос”, “На скрыжаванні” Валянціна Семянякі ў выкананні членаў клуба “Малюся Слову”. Самі ж госці даволі коратка гаварылі пра свой удзел у грамадскім жыцці Зэльвеншчыны. Але ж хіба нам нічога невядома пра іх актыўную жыццёвую пазіцыю?! Святлана Іванаўна – дэпутат Сынкавіцкага сельсавета, пастаянны ўдзельнік усіх мерапрыемстваў у рэгіёне. Нядаўна яна зрабіла вялікую справу: запісала ўспаміны пра жамчужыну нашага краю – Сынкавіцкі храм (кнігу “Сынковічы: вернасць і вера” Святлана Іванаўна прэзентавала і ў нашым клубе).
Зараз праца над успамінамі працягваецца. Пра грамадскую і дзяржаўную дзейнасць Валянціна Міхайлавіча, здаецца, ведаюць усе: ён не прапускае ніводнай магчымасці сустрэцца з землякамі як дэпутат-парламентарый. Але шмат аб чым мы і не здагадваемся. Хіба малы ўклад Валянціна Міхайлавіча ў адраджэнне Ганненскага кірмашу, стварэнне цэнтра ўстойлівага развіцця Зэльвеншчыны, Партнёрскага альянса “5+”, тых жа Легендарных эпох, якія толькі што прайшлі трэці раз у Зэльве?! Заключная старонка часопіса “Песенная творчасць” нагадала пра творы гасцей, што сталі песнямі. Падчас святкавання 600-годдзя Сынкавіцкай царквы са сцэны гучала песня “Наш храм” на словы Літвінчык.
Зараз песень, што праслаўляюць старажытны помнік, ужо некалькі. Асабліва харысты любяць “Усецарыцу” – велічны гімн іконе-выратавальніцы. Дарэчы, твор з благаслаўлення мітрапаліта Веніяміна ўвайшоў у беларускі праваслаўны каляндар на 2023 год. Ёсць у Святланы Іванаўны некалькі песень і свецкага характару. У свой час яе мілагучнымі вершамі зацікавіўся дзярэчынец Уладзімір Плюта (з падачы незабыўнага Пятра Марціноўскага, як удакладніла Літвінчык). Валянцін Міхайлавіч расказаў аб сумеснай працы з прафесійным кампазітарам Леанідам Шурманам. “Больш за 20 песень напісаў Леанід Барысавіч. І ўсё званіў мне, каб прыехаў да яго для шліфоўкі некаторых радкоў ды праслухоўвання ўжо гатовых аранжыровак. На жаль, не дачакаўся мяне кампазітар”, – гучала горыч у словах паэта-дэпутата. Але, дзякуй Богу, зэльвенскія музыкі не абышлі ўвагай творы Семянякі. І мы вельмі ўдзячны Яўгену Раманчыку, які ў свой выхадны прыйшоў на пасяджэнне і выканаў песню “Мята”, створаную Іванам Матахам, аздобіўшы нашы старонкі.
Прысутная на імпрэзе яшчэ адна “заранка” Ірына Войтка павіншавала Святлану Літвінчык і Валянціна Семяняку з юбілеем, падарыла ім сваю апошнюю кнігу “Кранаюся вечнасці” і выказала пажаданне: няхай у нашым парламенце будзе як мага больш паэтаў – яны не могуць прымаць дрэнных законаў!
Яніна ШМАТКО
Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Комментарии отключены