Як здорава сабрацца ў свята разам. Напярэдадні 8 Сакавіка ў бібліятэцы прайшло пасяджэнне літаратурнага клуба
Цудоўнае свята напярэдадні 8 Сакавіка было арганізавана ў раённай бібліятэцы кіраўніком клуба “Ліра” Наталляй Цынс і яе памочнікамі: адказнай за медыяэкран Марынай Варабей і групай самадзейных артыстаў на чале з акампаніятарам Верай Тульвінскай.

Як і належыць, першымі слова ўзялі мужчыны. Іван Міхнайць выказаў падзяку не толькі прысутным у бібліятэцы жанчынам, але і ўсім зальвянчанкам.
– У нашым невялікім пасёлку ўсе мы адчуваем сябе суседзямі, таму і песню вам адпаведную прысвячаю, – сказаў Іван Іосіфавіч перад выкананнем песні “По соседству мы живем”.
Міхаіл Пазнанскі падарыў жанчынам цудоўную песню “Дарите женщинам цветы”. Сяргей Баган як старшыня раённага савета ветэранаў да віншавальных слоў усім дадаў і персанальныя – для Галіны Рудой, калі ўручаў ёй значок “Ганаровы ветэран”.

Першы цыкл віншаванняў прысвячаўся жанчынам-маці. Ева Артурава чытала вершы, а Станіслава Прызван песняй “Позвоните, дети, матерям” нагадала пра важнасць штодзённага клопату аб матулях. Пранікнёныя словы, мелодыя і непаўторны голас спявачкі глыбока закранулі сэрцы многіх, таму патрэбна было некалькі хвілін для ўспрымання наступных слоў вядучай…
Іншыя цыклы праграмы патрабавалі ўдзелу практычна ўсіх прысутных. Даспадобы прыйшоўся конкурс-віктарына “Пазнай фільм па мелодыі”. Гучалі песні з такіх савецкіх шэдэўраў, як “Обыкновенное чудо”, “Небесные ласточки”, “Неуловимые мстители”, “Высота”, “Девчата”, “31 июня”, “Свадьба в Малиновке” і іншыя. Пераможцай стала Галіна Андрэева, што і нядзіўна: Галіна Францаўна саліруе даўно і ў клубе “Пой, душа” дзённага аддзялення ЦСАН, і ў бібліятэчным клубе.

Інтрыгуючай была гульня-віктарына “Жанчына ад А да Я”. Вядучая падрыхтавала цікавыя пытанні да кожнай літары алфавіта. Напрыклад, паказваючы літару А, удакладняла, чым жанчына здольна вылечыць нават без лякарства або як называюць лепшую балерыну тэатра (гэта ўжо літара Б) і г.д.
Жартоўныя песні прыходзілі на змену адна другой, як і салісты: Галіну Андрэеву змяняла Алена Канюшэўская, Канюшэўскую – Ева Артурава, Артураву – Міхаіл Пазнанскі, а Пазнанскага – Іван Міхнайць. Вось толькі няма пакуль роўных дэкламатару Вандзе Кавалевіч. А яна зноў падрыхтавала некалькі навінак, прычым кожная з прачытаных ёю баек і вершаў складалі адно цэлае з песнямі (верш “Жили в доме под горой” – і песня “А ў дзеда барада”). Трэба сказаць, што гэта ўвогуле стыль работы арганізатараў клуба “Ліра”: кожнае слова, верш ці конкурс арганічна дапаўняе і развівае папярэдняе.

У конкурсах прымалі ўдзел усе без выключэння прысутныя: адны выпрабоўваліся на адчувальнасць, другія – на спрыт, трэція – на хуткасць рэакцыі, чацвёртыя – на веданне танцавальных рытмаў. І ўсе – на наяўнасць пачуцця гумару, бо які ж адпачынак без жартаў?! Таму з такой ахвотай падхапілі песню “Как здорово, что все мы здесь сегодня собрались”, што пачаў калектыў Веры Тульвінскай.
Яніна ШМАТКО
Комментарии отключены