Новы праект «Газетныя радкi чытаем сэрцам». Расказваем пра лейтэнанта медслужбы Лізавету Дайнека
Новы творчы праект запускае “Праца” да 80-годдзя вызвалення Беларусі і Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
У час Вялікай Айчыннай вайны тры гады лютавалі гітлераўцы на нашай зямлі, карыстаючыся варварскімі метадамі, каб зламаць волю міралюбівага беларускага народа і парабаціць яго. Аднак нават у такіх жорсткіх умовах народ нашай невялікай, але гордай краіны дэманстраваў небывалую сілу духу і стойкасць, аказваючы ворагу бяспрыкладнае па мужнасці і ўпартасці супраціўленне. Вось чаму пасляваеннае пакаленне заўсёды з гонарам і павагай успамінае абаронцаў краіны, у ліку якіх былі і нашы землякі .
У архіўных нумарах раённай газеты “Праца” даволі часта сустракаюцца публікацыі, прысвечаныя землякам-вызваліцелям – тым, хто гераічна змагаўся на фронце, удзельнічаў у партызанскім руху. Многіх з іх ужо няма ў жывых. Але артыкулы пра іх нябачнай ніткай злучаюць мінулае, сучаснае і будучае. Газетныя радкі шчымліва, да слёз кранаюць сэрца і нібы служаць заклікам да сённяшняга пакалення: беражыце мір, цаніце родную Бацькаўшчыну!
Сёння мы запускаем новы творчы праект “Газетныя радкі чытаем сэрцам”, каб у чарговы раз успомніць пра сваіх гераічных землякоў.
– Як сёння памятаю, быў цудоўны сонечны дзень. Я толькі што вярнулася з чарговага выкліку. Размарнеўшы ад летняй спякоты, прысела на крэсла. Побач паставіла медыцынскую сумку. Прыемна было на душы, што я вось, зусім яшчэ дзяўчынка, а ўжо сваёй працай прыношу карысць людзям. І раптам аж страпянулася. Як грукат грому прагучала па радыё паведамленне дыктара аб тым, што пачалася вайна, – успамінае Лізавета Кузьмінічна Дайнека.

У той страшны чэрвеньскі дзень 1941 года дзяўчыне не было і васемнаццаці. Яна толькі што закончыла Сумскае медыцынскае вучылішча і па накіраванні працавала фельчарам у Сяняўскай раённай бальніцы. Выгадаваная ў дзіцячым доме, зведаўшы шмат гора і слёз, дзяўчына вельмі чула і спагадліва адносілася да тых, каму было цяжка, хто меў патрэбу ў дапамозе. Працавала сумленна, бескарысна. І людзі ішлі да яе за парадай, за неадкладнай дапамогай.
Навязаная фашыстамі вайна перапыніла мірную працу Лізаветы Кузьмінічны. Не раздумваючы, на другі дзень вайны Ліза разам са сваімі сяброўкамі Марыяй Друшчанка, Надзеяй Дуброўскай, Зояй Усціновіч, Надзеяй Бобрык і Шурай Пажыдаевай добраахвотна пайшлі ў ваенкамат.
Дзяўчат адправілі ў горад Лебядзін, што на Украіне. Толькі што паспелі пераабсталяваць будынак дзесяцігадовай школы пад ваенны шпіталь, як адразу пачалі паступаць раненыя. І аперацыйныя, перавязачныя, шпітальныя палаты напоўніліся іх стогнамі. Успамінаючы гэты момант, Лізавета Кузьмінічна не магла стрымаць слёзы. Сорак год прайшло, а перад вачыма ўсё яшчэ стаяць твары тых першых параненых, страшна пакалечаных, зусім маладзенькіх хлопцаў. Добра памятае Лізавета Кузьмінічна той дзень, калі наклала першую павязку, у першы раз змачыла аперыраванаму байцу перасохшыя губы, першы раз пачула звернутае да яе ў тыя страшныя дні: “Сястрыца!”.
– Раненыя прыбывалі кожны дзень, – успамінае Л.К.Дайнека. – Ад кругласутачнай работы мы літаральна валіліся з ног, але на стому ніхто не скардзіўся, хоць палавіна былі такімі дзяўчынкамі, як і я. У многіх не было вопыту. Але працавалі мы акуратна, зладжана, выконваючы ўсе загады.
…Данеслася страшная вестка: праціўнік на подступах да горада. У спешным парадку трэба было эвакуіраваць шпіталь. У час перадыслакацыі шпіталя Лізавета Кузьмінічна была паранена, а калі падлячылася – зноў на фронт. Толькі цяпер – на перадавую.
Многае давялося ўбачыць і перажыць Лізавеце Кузьмінічне на цярністых дарогах вайны. Яна ўдзельнічала ў баях пад Курскам, у вызваленні многіх гарадоў Беларусі, Літвы, Латвіі. Пасля разгрому гітлераўскай Германіі ў 1945 годзе ў ліку іншых была адпраўлена на Далёкі Усход на вайну з Японіяй.
За адвагу і мужнасць, праяўленыя ў баях, лейтэнант медслужбы Л.К.Дайнека ўзнагароджана медалямі “За бавыя заслугі”, “За адвагу”, “За перамогу над Германіяй”, “За перамогу над Японіяй” і многімі іншымі. І толькі ў лютым 1947 года Лізавета Кузьмінічна разам з мужам Паўлам Фёдаравічам, з якім сустрэлася на фронце, прыехалі ў Зэльву.
Ішлі гады, зарубцоўваліся раны вайны. Як і раней, камуніст, выдатнік аховы здароўя Л.К.Дайнека ўсю сябе прысвяціла любімай рабоце. У ёй яна знаходзіла радасць і задавальненне. Працуючы ў галіне аховы здароўя, займала розныя пасады. Апошнія дваццаць гадоў Л.К.Дайнека прысвяціла ахове здароўя падрастаючага пакалення. Зараз яна знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але па-ранейшаму працягвае працаваць медыцынскай сястрой у санаторнай школе.
К. Дораш
Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Комментарии отключены