На Цяглевіцкі падворак шчыра запрасілі гасцей жыхары аграгарадка
Калі хто не ведае, дзе знайсці самага гасціннага гаспадара, таленавітага майстра, гаспадыню на ўсе рукі, тады трэба браць прыклад з зэльвенскай грамады культработнікаў, якія ў суботні дзень завіталі ў аграгарадок Цяглевічы. Там ладзілася брэндавае свята “Цяглевіцкі падворак”. І двары, шчыра сказаўшы, проста здзіўлялі сваёй чысціннасцю, утульнасцю, прыгажосцю, палісаднікі і агароды – багатымі ўраджаямі, а кветнікі – рознакаляровым сузор’ем. Усё гэта — дзякуючы людзям, якія працуюць на зямлі, любяць свой родны край і захоўваюць спадчыну.


Галоўныя героі тэатралізавай дзеі пабывалі ў сям’і Марыны і Івана Ляуты, якія з задавальненнем займаюцца сваім прыдамавым участкам і ўпрыгожваюць яго не толькі кветкамі, кустарнікамі і дрэвамі, але і скульптурамі з падручных матэрыялаў.






Наведалі Віктара і Людмілу Гоздзікаў, дзе змаглі пачастацца квасам, мёдам, пакружыцца ў карагодзе, пагуляць у гульні.







Багаты стол для гасцей прыгатавала Святлана Гоздзік, якая родам са Століншчыны. Таму стравы, сярод якіх варэнікі з салам і ягадамі, былі даволі смачнымі.





Як зберагае сваю спадчыну з пакалення ў пакаленне, расказала Людміла Сарока. Яна не толькі паказала старадаўнія рэчы, але і вельмі цікава паведаміла аб тым, што яе бабуля і маці любілі ткаць і вышываць. Дарэчы, самая даўняя рэч – ходнік – у сям’і захоўваецца з канца 60-х гадоў.



Дзіву госці даліся на падворку Крукоўскіх. Хобі гаспадыні – агародніцтва. Менавіта таматы і перцы. Святлана Генадз’еўна ў гэтым годзе пасадзіла больш за 30 сартоў перцаў, каля сотні таматаў – розных сартоў, колераў, памераў, селекцыі. Ураджаі проста фантастычныя!


Талентам майстрыхі Бог надзяліў Ядзвігу Захарка. Яна са школьных гадоў займаецца вязаннем. І на сваім падворку падчас свята арганізавала паказ модных рэчаў – для сябе, мужа, дзяцей і ўнучак. Гаспадар руплівы каля яблынь і груш, якія сёлета аддзячылі багатым ураджаем.





Сямейная пара Ляшкевічаў 49 гадоў ідзе па жыцці разам. Таму і дом ёсць, і палісаднік, і любімая справа. Гасцям гаспадар паказаў свае кошыкі. Рамяство адыходзіць, але Уладзімір Іванавіч стараецца захаваць яго сярод землякоў.




Не баіцца зімы сям’я Сыраваткавых, так як руплівая гаспадыня ўжо нарыхтавала шмат страў. Сваімі рэцэптамі падзялілася з зэльвенцамі.



Унікальную гісторыю сям’і расказала Алена Бяляўская, якая сама і яе сын працягнулі дынастыю настаўнікаў.



Чата Мазоль адзначыла залатое вяселле і заўжды рада тым, хто пераступае парог іх дома. На гэты раз яны прыгатавалі бульбачку – як гавораць, з пылу- жару.



Дарэчы, двары аг. Цяглевічы проста цуда прыроды і чалавечых рук. Вельмі прыгожыя дамы, прысядзібныя ўчасткі, мноства кветак і пладовых дрэў. А якіх толькі скульптур тут не ўбачыш? І птушкі, і жывёлы, і міні-вадаёмы, розныя цацкі. Вельмі прыемна, што многія сем’і зберагаюць спадчыну – захавалі бабуліны дываны, ручнікі, абрусы, вышыўку. Ну і канечна, здольнасці кулінараў і павароў проста на самым высокім ўзроўні! Пачастункі – ад смажанай бульбачкі да запечанага гуся, ад пірагоў да салодкіх прысмакаў.



Словамі проста не апісаць усёй шчырасці, гасціннасці, гаспадарлівасці і таленавітасці цяглевіцкіх жыхароў. Гэта куточак, дзе трэба жыць!





Больш падрабязна аб свяце чытайце ў раённай газеце “Праца”.
Людміла ПОПКА
Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Комментарии отключены