На железной дороге выходных не бывает
Напярэдадні прафесійнага свята – Дня чыгуначніка – калектыў станцыі Зэльва прызнаны пераможцам спаборніцтваў сярод станцый Беларускай чыгункі за першае паўгоддзе 2013 года.
Тут сустракаюць і праводзяць паязды
Круглыя суткі ў напружаным рытме жыве чыгуначная станцыя Зэльва. У апошнія гады колькасць і інтэнсіўнасць грузавых і пасажырскіх перавозак на гэтым участку магістралі ўзрасла амаль удвая. Цяпер адсюль можна дабрацца ў любы абласны цэнтр Беларусі, буйнейшыя эканамічныя цэнтры Расіі, Украіны, да месцаў адпачынку, якія знаходзяцца за межамі нашай краіны.
У час наведвання станцыі якраз прыйшоў ранішні дызель-цягнік накірункам на Баранавічы. Звярнуў увагу на тое, як дзяжурны па станцыі сустракае і праводзіць поезд. У гэты дзень працавала Алена Рысюк.
– Сустракаць і адпраўляць паязды – не проста прыгожы рытуал,— гаворыць Алена Георгіеўна. — У абавязкі дзяжурнага ўваходзіць візуальны агляд саставу – магчыма, штосьці сыплецца, дыміць, пасажыр замарудзіў пры пасадцы ці іншая нейкая непрадказальная сітуацыя ўзнікла. Пры неабходнасці мы звязваемся з машыністам, паведамляем аб здарэнні. Таксама інфарміруем пасажыраў аб прыбыцці–адпраўленні цягніка, нагадваем пра бяспечныя паводзіны на чыгунцы. Але галоўны наш абавязак – рэгуляваць і падтрымліваць бесперапынны рух на замацаваным участку магістралі.
Наступным нашым суразмоўцам стаў начальнік станцыі Уладзімір Мурын. Раніца ў яго, як і многіх кіраўнікоў розных структурных падраздзяленняў Баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі, пачынаецца з селектарнай нарады. Трэба адзначыць, што Уладзімір Мікалаевіч – адзін са старэйшых работнікаў чыгункі. Сёлета яму споўнілася шэсцьдзясят, з якіх амаль 40 гадоў аддаў працы на чыгунцы. Прайшоў шлях ад пуцейца, стрэлачніка, саставіцеля паяздоў, прыёмаздатчыка, дзяжурнага да начальніка станцыі.
– Я родам з сям’і патомных чыгуначнікаў, – расказвае Уладзімір Мікалаевіч. – Усе мае продкі працавалі на Зэльвенскім участку чыгункі. Першы з нашай вялікай сямейнай дынастыі быў прадзед Мацвей. Дзед Іосіф таксама пуцеец. Працяглы час працавалі на чыгунцы дзяжурным па станцыі бацька Мікалай Іосіфавіч і начальнікам станцыі дзядзька Леанід. Любоў да гэтай прафесіі дасталася мне ў спадчыну ад самых родных людзей.
Калі гаварыць пра цяперашні калектыў, то ў нас працуюць адданыя сваёй справе людзі. Кожны з іх сапраўдны прафесіянал. Паспяхова спраўляюцца са сваімі абавязкамі дзяжурныя па станцыі Вячаслаў Таранеўскі, Ганна Попка, Мікалай Мілейка і Алена Рысюк, прыёмаздатчыкі Васілій Касперчык і Наталля Малей. Ветлівыя і дакладныя ў аб-слугоўванні пасажыраў білетныя касіры Ала Грасевіч і Іна Лойка.
Галоўнымі накірункамі нашай дзейнасці застаюцца забеспячэнне бяспечнага і надзейнага праходжання чыгуначнага транспарту па нашай магістралі, задавальненне патрэб людзей, прад-прыемстваў і арганізацый у пасажырскіх і грузавых перавозках.
Праз нашу станцыю кожныя суткі праходзяць 33 паязды, з іх 16 – пасажырскіх. Пачалі курсіраваць міжнародныя паязды Гродна–Санкт-Пецярбург і Гродна–Феадосія. За першае паўгоддзе са станцыі адпраўлена 25,2 тысячы пасажыраў, што на дзесяць працэнтаў больш чым у мінулым годзе. Амаль удвая выраслі грузаперавозкі і склалі больш за 34 тысячы тон. Дзякуючы сучаснай камп’ютарызаванай сістэме, добра наладжанаму ўзаемадзеянню прыёмаздатчыкаў з прадпрыемствамі і сельгасвытворцамі раёна скараціліся прастоі вагонаў пад пагрузкай і выгрузкай.
У апошні час вялікая ўвага ўдзяляецца ўкараненню новых тэхналогій, аўтаматызацыі вытворчасці. За апошнія гады ўведзены ў дзеянне сістэмы аўтаматычнага афармлення перавозачных дакументаў і аўтаматызаваная сістэма кіравання станцыі, мадэрнізаваны ўстройствы кантролю за тэхнічным станам вагонаў. Для павышэння якасці абслугоўвання пасажыраў уведзена сучасная камп’ютарная сістэма “Экспрэс-3”.
У наступным годзе плануецца будаўніцтва новага будынка станцыі з правя-дзеннем рэканструкцыі пасадачнай платформы першага пуці.
Галоўны клопат пра шлях – на плячах пуцейцаў
Далейшы пункт нашага наведвання– трэці акалодак Ваўкавыскай дыстанцыі пуці. Тут працуюць людзі, якія займаюцца ўтрыманнем і рамонтам чыгуначных шляхоў – пуцейцы. Без перабольшвання можна сказаць, што гэта адна з самых цяжкіх фізічных работ на чыгунцы. Выпадковыя, лянівыя і фізічна слабыя людзі тут доўга не затрымліваюцца.
Кожная раніца ў акалодку №3 пачынаецца з планёркі. “У нас можа і праз гадзіну ўсё змяніцца, не тое што праз дзень, – гаворыць майстар Аляксандр Кніга. – Перад пачаткам работ шмат увагі ўдзяляем інструктажу па тэхніцы бяспекі. Наша праца звязана з абслугоўваннем участка шляху працягласцю 28 кіламетраў галоўнай магістралі з пад’язнымі шляхамі, стрэлачнымі пераводамі на станцыях Зэльва і Азярніца”.
Лета – самы напружаны для пуцейцаў сезон. Акрамя бягучых работ па ўтрыманні шляхоў неабходна выканаць вялікі аб’ём работ па капітальным рамонце. З пачатку года заменена 700 шпал, адрамантаваны аўтамабільны пераезд на станцыі Зэльва. Плануецца правесці замену некаторых участкаў пуці.
Працуе ў акалодку 21 чалавек. Яны размеркаваны на тры брыгады. “ Асноўныя мае памочнікі, – адзначае майстар, – брыгадзіры Валерый і Аляксандр Бокій, Аляксандр Бакуш. Усе яны выдатна ведаюць справу, адказваюць за дысцыпліну ў калектыве і якасць выкананых работ”.
Больш за дваццаць гадоў працуюць манцёр пуці Валерый Голуб і вадзіцель Юрый Рыбак. Граматным спецыялістам зарэкамендаваў сябе Вадзім Шнэйдар. Добрых слоў за-слугоўвае праца трактарыста Віктара Боцькі, манцёра пуці Аляксандра Лабовіча і многіх іншых.
Іх праца не менш важная
Праца работнікаў 47 акалодка Лідскай дыстанцыі сувязі і сігналізацыі на першы погляд незаўважная. Аднак ад іх у многім залежыць бяспечны рух магістралі.
Абслугоўваннем і рамонтам прыбораў і абсталявання сістэм сігналізацыі і сувязі на цэнтральнай магістралі ад Ваўкавыска да Пляцяніч і пераездах станцыі Зэльва займаюцца электрамеханікі Аляксандр Кедала і Аляксандр Казак. Яны даволі вопытныя спецыялісты. З пачатку года правялі значную работу па паляпшэнні надзейнасці сродкаў сувязі і аўтаматызацыі. Старое тэхналагічнае абсталяванне заменена на сучаснае, больш высокапрадукцыйнае.
Электрамеханікі Аляксандр Сонец і Аляксандр Шастак займаюцца абслугоўваннем спецыяльнай аўтаматызаванай сістэмы, якая кантралюе работу чыгуначнага транспарту.
– Пры ўзнікненні няштатнай сітуацыі ў рабоце абсталявання, – расказвае Аляксандр Кедала, – мы павінны ў любы час сутак выехаць на месца непаладкі, знайсці няспраўнасць і за кароткі тэрмін ліквідаваць яе. Для гэтага ў нас ёсць усё неабходнае абсталяванне.
Электраманцёры Ваўкавыскага раёна электразабеспячэння Аляксандр Алюшкевіч і Сяргей Шлык забяспечваюць надзейную работу электрычнага абсталявання. Абодва вопытныя і граматныя спецыялісты, якія аператыўна выконваюць пастаўленыя задачы.
З нагоды прафесійнага свята жадаем чыгуначнікам Зэльвеншчыны плённай працы і добрых вытворчых паказчыкаў, шчасця і дабрабыту. Няхай заўсёды ў вашым жыцці свеціць толькі зялёнае святло!