Чтобы не было нареканий от потребителей
На вуліцы яшчэ жнівень, але кожны гаспадар рыхтуецца да сустрэчы з халадамі: набывае паліва, праводзіць рамонтныя і іншыя сезонныя работы. Яшчэ больш глабальныя праблемы даводзіцца вырашаць работнікам камунальнай службы. Яны павінны падрыхтаваць жылыя дамы, установы і арганізацыі да ацяпляльнага перыяду.
– Падрыхтоўку аб’ектаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі да работы ў асенне-зімовы перыяд распачалі ў пачатку лета, – адзначае дырэктар РУП ЖКГ Віталій Русак. – Як і штогод, асноўны акцэнт зроблены на рамонт і замену цеплавых сетак. Ужо заменена 3,3 кіламетра цеплатрас з 5,3 запланаваных. У першую чаргу абноўлены самыя праблемныя ўчасткі – у мікрараёне “Паўночны”, каля цэнтральнай раённай бальніцы і па вуліцы Чапаева. Такія ж работы выкананы і ў вёсцы Акцябрская.
На балансе прадпрыемства знахо-дзіцца 15 ацяпляльных кацельняў, 11 з іх – у сельскай мясцовасці. На ўсіх праводзіцца прафілактычны рамонт і рэгуліроўка тэхналагічнага абсталявання. У аграгарадку Дзярэчын устаноўлены новы высокапрадукцыйны кацёл. Поўнасцю гатовы да работы кацельні ў аграгарадках Князева, Галынка і Караліно.
У райцэнтры на адным індывідуальным і трох цэнтральных ацяпляльных пунктах будуць устаноўлены сучасныя помпы, якія дазволяць не толькі палепшыць надзейнасць цеплавых сістэм, але і значна знізяць затраты электраэнергіі. Сёлета плануецца пачаць рэканструкцыю і мадэрнізацыю кацельні санаторнай школы-інтэрната. Бу-
дзе праведзены капітальны рамонт будынка, вытворчых і бытавых памяшканняў, устаноўлены два новыя катлы, адзін – на дровах, другі – на шчэпцы.
Поўным ходам назапашваецца паліва. Брыкет набываем на торфапрадпрыемствах, шчэпку – у Слонімскім лясгасе, Зэльвенскім і Слонімскім філіялах КУП “Гроднааблпаліва”, дровы нарыхтоўваюцца работнікамі РУП ЖКГ, а таксама закупляюцца ў Зэльвенскім лясніцтве. На сённяшні дзень ужо нарыхтавана 68 % паліва. Для вытворчасці шчэпкі сёлета камунальнікі набылі шчэпарубачную машыну. Зроблены спецыяльныя навесы і склады для яе захоўвання.
Што датычыцца падрыхтоўкі да зімы жылога фонду, зараз, згодна з планам, праводзіцца рамонт дахаў і стыкаў сценавых панэляў жылых дамоў, прамыўка сістэм ацяплення, праверка прыбораў уліку цеплавой энергіі і вады. Акрамя гэтага вядзецца рамонт трубаправодаў халоднага і гарачага водазабеспячэння ў жылых дамах. Так, завершаны капітальны рамонт даха шматпавярховага жылога дома № 2 па вуліцы Перамогі. У доме № 26 па вуліцы Чапаева вядуцца работы па цеплавой рэабілітацыі тарцовых сцен, што значна палепшыць тэмпературны рэжым у кватэрах.
Ва ўсіх дамах праведзены прафілактычны рамонт і ізаляцыя цеплавых вузлоў і труб падачы гарачай вады. Гэта дазволіць зменшыць страты цеплавой энергіі, якая паступае да спажыўцоў. Дзякуючы мэтанакіраванай рабоце камунальнікаў, 46 будынкаў ужо маюць акты гатоўнасці да работы ў ацяпляльны перыяд.
Важнае значэнне надаецца забеспячэнню спажыўцоў халоднай вадой. Праведзена замена 400 м старых вода-праводных труб у вёсцы Зальвянка. У аграгарадку Князева заменена 100 метраў. Гэта значна павысіць надзейнасць сістэм водазабеспячэння.
Мы пабывалі на некаторых камунальных аб’ектах. На тэрыторыі СШ №3 г.п.Зэльва падыходзіў да завяршэння рамонт участка цепла-трасы, падведзенай да ўстановы. Тут пад кіраўніцтвам майстра кацельні “Паўночная” Часлава Касаўца працавалі аператары Віктар Мацюк, Анатолій Кедала і газа-электразваршчык Аляксандр Гарадко, машыніст пагрузчыка Віктар Кудзелька.
– Работы вядуцца з апераджэннем графіка, – адзначыў Часлаў Часлававіч. – Замянілі 1,5 кіламетра цеплавых сетак. Замест старых металічных труб укладваем сучасныя поліэтыленавыя з мнага-слойнай структурай і ізаляцыяй. Трубы зроблены па спецыяльнай тэхналогіі і прызначаны для гарачага водазабеспячэння. Работы выконваюцца работнікамі кацельні. Яны пасля дзяжурства ў вольны час займаюцца рамонтам цеплатрасы. За гэта, згодна з нарадам выкананых работ, атрымліваюць дадатковую зарплату. Таму кожны імкнецца працаваць якасна і аператыўна.
Разам са слесарам-сантэхнікам Іванам Чайчыцам спусціліся ў падвалы шматпавярховых дамоў, дзе знаходзяцца цеплавыя пункты і адкуль цяпло і гарачая вада паступаюць у кватэры.
– Пры неабходнасці праводзім тэх-нічнае абслугоўванне або рамонт тэхналагічнага абсталявання, – тлумачыць Іван Іванавіч. – Пасля яго завяршэння прыступаем да ізаляцыі труб. На адным з дамоў рабочыя лідскага спецыялізаванага прадпрыемства “Белтэрмабар’ер” вялі работы па цеплаізаляцыі сцен.
Да зімы камунальнікі рыхтуюцца грунтоўна. Пагэтаму будзем спадзявацца, што нараканні ад спажыўцоў у ацяпляльны перыяд будуць зведзены да мінімуму.