Масцітая дзявятка
Сапраўднае коннае шоу адбылося на гістарычнай пляцоўцы пад-час Ганненскага кірмашу. Прадстаўнікі розных населеных пунктаў раёна сабра-ліся на стадыёне “Колас”, каб прыняць удзел у конкурсе на лепшую павозку.
Суддзям (а гэта былі галоўны заатэхнік-селекцыянер цэнтра селекцыі і генетыкі Галіна Марцута, намеснік галоўнага ветэрынарнага ўрача райветстанцыі Сяргей Туроўнік і дырэктар раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці Святлана Якута) было з чаго выбіраць.
Пад бурныя апладысменты гледачоў на стадыён першай выехала вытанчаная беласнежная карэта, уладальнік якой у мінулым годзе стаў нумарам адзін на конным парадзе. Сёлета гаспадар ФГ “Верас” Міхаіл Макей таксама прыехаў за перамогай.
Не горш падрыхтаваўся да конкурсу і наступны ўдзельнік – Эдуард Сэй з аграгарадка Каралін. Яго павозка выглядала надзвычай прыгожа. Арыгінальна аздобленая, яна мела ўсе шанцы апынуцца сярод пераможцаў.
Настроены на перамогу быў і Сяргей Ракевіч з Дзярэчына. Яго брычка, якая, дарэчы, неаднаразова ўдзельнічала ў папярэдніх кірмашах, выклікала захапленне не толькі ў публікі, але і ў журы.
Затым на суд гледачоў сваю павозку прадставіў Станіслаў Жамойцін з Самаравіч. Гаспадар вельмі спяшаўся, каб паспець на кірмаш і ёй пахваліцца.
Свайго зорнага часу чакаў і Антон Вярстак, які ўпершыню завітаў на святочны конкурс. Дэбютаваў гаспадар удала – павозка ўсім прыйшлася даспадобы.
Следам на пляцоўцы з’явілася павозка Вітольда Пацалуйкі з Міжэрыч. Не адзін вечар правёў уладальнік не толькі ладнага каня, але і воза ў падрыхтоўцы да конкурсу. І яго намаганні не засталіся без увагі.
Мікалай Каспяровіч сваёй павозкай таксама можа ганарыцца – яна выглядала надзвычай гарманічна.
Некаторыя ўдзельнікі вырашылі браць галоўны прыз колькасцю. Так, на кірмаш на адной павозцы прыехалі два сябры – Мікалай Войтка з аграгарадка Каралін і Аляксандр Валкавіцкі з аграгарадка Кашалі. Па знешнім убранні і каня, і павозкі было відаць, што мужчыны – майстры на ўсе рукі.
Падняўшы пыл, на стадыён на арыгінальнай старадаўняй карэце выехаў гусар фермерскай гаспадаркі “Верас”. Ён весела вітаў прысутных на трыбунах, а яны, у сваю чаргу, шчодра плацілі яму авацыямі.
Адна за адной павозкі ланцужком праехалі тры кругі па стадыёне, каб журы і гледачы маглі дакладней разглядзець прэтэндэнтаў на перамогу, падзівіцца майстэрству і вынаходніцтву гаспадароў.
Пад гучныя апладысменты былі падведзены вынікі конкурсу: трэцяе месца атрымаў Сяргей Ракевіч, другое – сябры Мікалай Войтка і Аляксандр Валкавіцкі. Першае месца зноў дасталося фермерскай гаспадарцы “Верас”.
Затым павозкі і карэты накіраваліся на вуліцы пасёлка, каб пакатаць дзяцей і дарослых. Там да коннай дзявяткі на сваёй рамантычна ўпрыгожанай брычцы далучыўся Часлаў Рамазевіч з вёскі Крывічы.