Доўгажыхары па пашпарце, маладыя душой
У нашым раёне жывуць шэсць жанчын, якія перасягнулі стогадовую мяжу ці набліжаюцца да яе. У іх шмат агульнага, і ўсё ж у кожнай – свой лёс, апалены вайной, нягодамі і не вельмі аблашчаны шчаслівымі момантамі…
101-я жаночая восень
Нарадзіўшыся ў 1912 годзе, Вользе Ігнацьеўне Іскра выпала шчасце пражыць амаль усё мінулае стагоддзе і размяняць другое дзесяцігоддзе бягучага. Стройная постаць, жвавы тэмперамент, вясёлыя, з хітрынкай вочы – ну, хто паверыць, што гэтай жанчыне 101 год. Аднавяскоўцы жартуюць: такую вакол пальца не абвядзеш.
Сапраўды, чым лёс узнагародзіў жыхарку в. Снежная, дык гэта здароў-ем. Ва ўсім астатнім – гора хапіла. У
6 месяцаў засталася без маці. Тата, як мог, стараўся кампенсіраваць дзяўчынцы ласку і пяшчоту. Але якое гэта дзяцінства без мамы?!
Хутка бацька прывёў у дом другую жанчыну з дзецьмі. Новаму сямейству Вольга не вельмі ўзрадавалася, адносіны з мачахай не заладзіліся. Так і жылі. Каб мець якую-ніякую, але сваю капейку, з ранняга дзяцінства бегала на заробкі ў калгас: то пастушкай яе возьмуць, то даяркай, то паляводам. Цяжка жылося, але аднекуль узяліся сілы і вайну перабыць, і першага мужа-франтавіка з малым дзіцём пахаваць.
Выйсці замуж у другі раз выпала неяк нечакана. Пасваталі яе да аднавяскоўца-ўдаўца. Гаротны быў мужчына, адзін гадаваў трох сыноў і чымсьці спадабаўся Вользе Ігнацьеўне. Так, з сяброў па няшчасці яны сталі мужам і жонкай.
Свайму выбранніку жанчына не проста нарадзіла дзвюх дачок. Разам з ім яна вывела ў людзі, вывучыла і адпусціла на свой хлеб траіх сваіх пасынкаў.
Сёння сумаваць доўгажыхарцы няма калі. У разгар грыбнога сезона Вольга Ігнацьеўна не вылазіць з лесу. Заблудзіць не баіцца, бо мясцовыя краі ведае як свае пяць пальцаў. Неверагодна, але 101-гадовая жанчына і косіць, і агародзік з невялікай гаспадаркай мае. У падмогу – дачка з дарослым унукам Сяргеем, якія жывуць непадалёку.
Жыццё Вольгі Іскра можна было б запісаць як гістарычны летапіс. На пытанне, якое звычайна адрасуюць пажылым, ці ведае яна сакрэт доўгажыхарства, адказала: “Ведаю! Гэта – праца і рух. Штодзень. Колькі сябе помню, уставала ў 5 раніцы і спала некалькі гадзін. Бывала, суседка не раз здзіўлялася: “Ты адпачываеш калі ці не? Бо я ўстаю і лягаю – у тваіх вокнах заўсёды святло гарыць”…
Добра чытаць і пісаць доўгажыхарка не навучылася: не да навукі ў яе батрацкім дзяцінстве было. Затое малітвы, якія вывучыла малой, памятае да гэтага часу. І шчыра моліцца за шчасце ўсіх людзей.
Анастасія Андрэеўна Доста з вёскі Алексічы ніколі не адзначае дні нара-джэння, бо, калі з’явілася на свет, да-кладна не ведае. Парадаксальна, падумаецца нам, але каму ў той час была справа да такіх па ранейшых мерках дробязей?! І тое добра, што хоць прыкладны год сказалі – 1921.
Дзяцінства ў доўгажыхаркі практычна не было. Што такое цукеркі ці белы хлеб, дзяўчынкай не ведала. Ды і чорны часта быў ласункам. Мама засталася ўдавою і з чатырма малымі дзецьмі на руках. Адной ёй вядома, як цяжка было іх гадаваць, карміць, падымаць на ногі.
Анастасія Андрэеўна, выціраючы хусцінкай вочы, успамінае, як хацелася ў маладосці вучыцца, прыгожа апранацца. Дзявочыя жаданні так і засталіся марамі. Закончыўшы чатыры класы, адразу падалася ў заробкі, каб толькі маме было лягчэй, каб толькі не плакала яна начамі ў падушку ад стомы і бяссілля.
А потым грымнула вайна, у вёску прыйшлі немцы. Бамбёжкі, голад, бяссонныя ночы і слёзы – гэта знаёма жанчыне не толькі з кінафільмаў. Дадало бяды і тое, што на фронт забралі лю-бімага брата. Але вярнуцца адтуль яму было не суджана…
Не песціў лёс Анастасію Доста і пасля капітуляцыі гітлераўцаў. Выйшла замуж за мясцовага хлопца-суседа Івана. Разам удалося нават сваю хату пабудаваць. Здавалася, чаго яшчэ трэба – жыццё наладжваецца. Аднойчы сніцца жанчыне сон, быццам пайшла яна ў лес. Бачыць: два грыбкі растуць – як не ўзяць?! Яна іх зразаць, а грыбоў як і не было – на іх месцы ся-дзяць дзве лісічкі. Только праз гады Анастасія Андрэеўна зразумее, што сон быў прарочым. Бог забраў у яе двух сыночкаў-немаўлятак, але падарыў столькі ж дачок.
Сёння Анастасія Андрэеўна жыве адна. Мужа не стала 16 гадоў назад, а дочкі, павыходзіўшы замуж, раз’ехаліся – адна ў Бранск, што ў Расіі, другая – у Брэст. Дарэчы, апошняя, Ларыса кожную зіму забірае маці да сябе ў гарадскую кватэру. Праўда, не па душы пажылой жанчыне такая ідэя. Не прывыкла яна кагосьці турбаваць, няхай і родную крывінку. Брэстчанка Ларыса на гэта скардзіцца, маўляй, клопат за табой, мама, наша радасць і абавязак. Некалі ты стаяла над нашай калыскай, цяпер наша чарга песціць цябе.
– Старасць – не бяда, толькі каб хвароба не прыкавала да ложка, – кажа бабуля. – Канешне, здароўе падводзіць. Што ні гавары, гады бяруць сваё, але ім я не здаюся. Калі нады-дзе сум, званю сваёй сяброўцы Марыі Мікалаеўне Качук ці ўнукам, балазе маю тэлефон, яго ў свой час бясплатна мне правялі. А так паціху корпаюся сабе то ў хаце, то ў двары.
У свае 90 з лішкам Анастасія Андрэеўна захавала светлы розум і добрую памяць. Дай Бог кожнаму!