В заботах о кормах и новом урожае
У СГФ “Дабраселецкі” мы завіталі раніцай. Цэнтральны машынны двор быў пусты: нi тэхнiкi, нi людзей – усе ў полi. На рэдакцыйным аўтамабiлi на-кiроўваемся i мы туды.
На адным з кукурузных палеткаў сустрэлi галоўнага агранома Мікалая Захарку і загадчыка першага вытворчага ўчастка Таццяну Бублей. Яны сумесна вырашалi, цi ёсць магчымасць на гэтым полі ўбiраць кукурузу на зерне пасля прайшоўшага дажджу.
– Кукуруза ў гаспадарцы займае 391 гектар, з іх 50 будуць убраны на зерне, астатнія на сілас, – паведамiў галоўны аграном.– На кукурузных плантацыях размешчаны сарты розных тэрмінаў спеласці. Такі падбор насення і добрая агратэхналогія вырошчвання дазваляюць дабівацца стабільна высокай ураджайнасці. Трэба адзначыць, што кукуруза сёлета ўрадзiла добрая. Кожны гектар у сярэднім дае больш за 300 цэнтнераў зялёнай масы і 85 цэнтнераў зерня.
Уборку кукурузы на сілас на кормаўборачным комплексе “Ягуар-860” вядзе адзін з вопытных механізатараў гаспадаркі Аляксандр Квачанюк. Нарыхтоўкай кармоў ён займаецца з вясны. Работу выконвае якасна, кантроль за iм не патрэбны.
– Працую ўвесь светлавы дзень,– заўважае механiзатар. – Кароткія перапынкі раблю толькі на абед і падвячорак.
У сярэднім за дзень Аляксандр Міхайлавіч выдае больш за 300 тон зялёнай масы. Яе своечасова дастаўляюць у сянажныя ямы на дабраселецкую малочнатаварную ферму ва-дзіцелі “МАЗаў” Анатоль Бандык, Аляксандр Крукоўскі, Юрый Урбановіч і Васіль Мазоль. А там на спецыяльнай тэхнiцы механізатары Іван Зяневіч і Іван Мазоль ажыццяўляюць яе кругласутачную трамбоўку. На зімовае стойлавае ўтрыманне жывёлы ў гаспадарцы ўжо закладзена больш за 10 тысяч тон сенажу, 865 тон сена і 7070 тон сіласу.
Першым пачаў уборку кукурузы на зерне вопытны камбайнер гаспадаркі Юрый Гоздзік. Уборачны працэс мае пэўныя асаблiвасцi: камбайны абсталяваны спецыяльнымі адаптарамі. Каб якасна весці абмалочванне зерня, ім прыходзіцца рухацца па палетках на самых нізкіх хуткасцях.
Цiкавiмся, як iдуць iншыя во-сеньскiя работы.
– Завяршылі сяўбу азімых культур і цяпер вядзём іх хімпраполку, – расказвае Мiкалай Захарка. – Займаемся ўборкай цукровых буракоў, уздымам зябліва. Час прыспешвае вяскоўцаў працаваць у напружаным рытме. Будучы ўраджай у многім залежыць ад правiльнага i аператыўнага выканання ўсіх тэхналагічных патрабаванняў сяўбы і высокай культуры земляробства. Сеялi толькі раяніраванымі сартамі, якія даюць стабільныя ўраджаі. 100 гектараў засеялі элітным насеннем азімай пшаніцы сорта “Ядвіся” і трыцікале “Вальтарыя”. На пасяўных плошчах унеслі дастатковую колькасць мінеральных угнаенняў. І пасеялі амаль у аптымальныя тэрміны. У гэтым немалая заслуга нашага лепшага механізатара-сейбіта Івана Лухтана. На трактары “Джон-Дзір” з пасяўным агрэгатам АППМ-6 за дзень ён засяваў па 40–45 гектараў плошчаў. На падрыхтоўцы глебы выдатна працуе малады механізатар Сяргей Бандык, на ворыве глебы – Іван Захарка. Паспяхова выконваюць заданні па хімпраполцы азімых і ўнясенні гліфасатаў Сяргей Смурага і Аляксандр Зяневіч.
Цукровыя буракі ў філіяле займаюць 38 гектараў. У параўнанні з іншымі гаспадаркамі раёна гэта не многа. Але ўраджайнасць салодкага кораню складае 376 цэнтнераў з гектара. Самаходнага буракаўборачнага камбайна ў фiлiяле няма і яго прыходзіцца арэндаваць. Большая плошча буракоў убрана і яны звезены ў бурты, ачысткай салодкіх каранёў займаюцца вяскоўцы.
Ход палявых работ, характэрных для восеньскай пары, у фiлiяле вя-дзецца належным чынам. Гэтаму садзейнiчае добра арганiзаваная праца кожнага работнiка на даручаным участку.