Осенний вернисаж

Осенний вернисаж

У сярэдняй школе №2 г.п. Зэльва была арганізавана выстава творчых работ вучняў. Экспазіцыя ўключала шмат арыгінальных вырабаў, выкананых у рознай тэхніцы. Прыгожыя восеньскія букеты з лістоты і галінак дрэў, паперы, бісеру, размаляваная гародніна і садавіна, а таксама малюнкі, аплікацыі, кампазіцыі з падручнага матэрыялу. Усё гэта стваралі школьнікі з вялікай цікавасцю і любоўю да прыроды.

– Многія работы прыемна здзівілі, – адзначае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Святлана Шэўчык. – Адчуваецца: вучні ўмеюць успрымаць навакольны свет нестандартна. На выставе былі прадстаўлены самыя лепшыя работы, якія вызначаліся арыгінальнасцю сюжэта і кампазіцыі. Малайцы ўсе, хто прыняў удзел! 

У захапленні былі і наведвальнікі выставы: было на што паглядзець і чаму павучыцца. У кампазіцыях цудоўна гарманіравалі каштаны і жалуды са штучнымі пацеркамі. Уражвалі спалучэнні галінак чырвонай каліны, гронак пунцовай рабіны з кляновымі і дубовымі лістамі. Патысоны і гарбузы ў руках юных майстроў ператварыліся ў пацешных чалавечкаў. Мудрагеліста выглядалі асеннія букеты. Спалучэнне жывых і засушаных кветак у самаробных вазах з кары і карэння дрэў надалі ім нейкую прыродную загадкавасць. 

На выставе прадставілі свае работы як старшакласнікі, так і малодшыя школьнікі. Першакласніца Дар’я Замарайчанкава разам з мамай падрыхтавала крыху незвычайную для восень-скай пары кампазіцыю, якой дала назву “Птушыны двор”. Для сваёй работы яна выкарыстала хваёвыя шышкі, салому, пер’е. Рознакаляровы пластылін і бліскучы лак надалі вырабам яркасці, якая здалёк прыцягвала ўвагу. 

Самыя арыгінальныя работы школьнікаў дэманстраваліся на выставе-кірмашы сельскагаспадарчай прадукцыі, якая ў кастрычніку адбылася ў нашым пасёлку. Кожны, хто падыходзіў да падворка, аформленага вучнямі і настаўнікамі СШ №2, па заслугах ацаніў творчы патэнцыял школьнікаў.

Як заўсёды, майстры самых цікавых і нестандартных работ адзначаны дыпломамі.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.